Іаўчук Міхаіл Трыфанавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. – Мінск, 2002. — С. 435. – (Імі ганарацца землякі).

ІАЎЧУК Міхаіл Трыфанавіч, філосаф, партыйны дзеяч. Доктар філасофскіх навук (1946), прафесар (1939), член-карэспандэнт АН СССР (1946), замежны член Балгарскай АН (1975). Нарадзіўся 19 лістапада 1908 г. у в. Завужоўе. Закончыў філасофскае аддзяленне Акадэміі камуністычнага выхавання (1931). У 1936-1939 гг. кіраўнік кафедраў дыялектычнага матэрыялізму марксізму-ленінізму Маскоўскага хіміка-тэхналагічнага інстытута імя Мендзялеева і Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева. У 1939-1941 гг. на партыйнай рабоце ў Выканкоме Камінтэрна. У 1941-1947 гг. ва ўпраўленні прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б). У 1947-1949 гг. сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе і агітацыі, член бюро ЦК КП(б)Б. У 1949-1970 гг. вёў навукова-выкладчыцкую работу ў Маскоўскім, Уральскім універсітэтах, Інстытуце філасофіі АН СССР. У 1970-1978 гг.  рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, рэдагаваў часопіс «Философские науки». З 1978 г. кансультант Інстытута марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Быў старшынёй Навуковага савета АН СССР па гісторыі грамадскай думкі, кандыдатам у члены ЦК КПСС. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1941-1950 гг. Узнагароджаны многімі ордэнамі і медалямі СССР. Памёр 9 студзеня 1990 г.

Даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гісторыі марксізму-ленінізму, пытанні тэорыі культуры, ідэалагічнай барацьбы і інш. Аўтар кніг «Г. В. Пляханаў і яго працы па гісторыі філасофіі» (1960), «Гісторыя філасофіі як навука, яе прадмет, метад і значэнне» (1960) і іншых, адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі філасофіі» (т. 1-6, 1957-1965).