Іван Аляксеевіч Чарота : «Мае захапленні — гэта мая праца, мая праца — гэта мае захапленні…» / складз. гал. бібліёграфам цэнтральнай раённай бібліятэкі С. Д. Курачук. – Кобрын, 2017.

Людзі навукі нашага краю

Іван Аляксеевіч Чарота :

«Мае захапленні — гэта мая праца,

мая праца — гэта мае захапленні…»

Доктар філалагічных навук (1998), прафесар (1999), акадэмік Сербскай Акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры, загадчык кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Член Саюза пісьменнікаў СССР, Беларусі (1985), Сербіі. Вядучы славіст нашай краіны, вядомы беларускі літаратуразнаўца, крытык, перакладчык.

Гаворка ідзе пра нашага земляка, навукоўца Івана Аляксеевіча Чароту, якому 16 верасня спаўняецца 65 гадоў.

Досыць часта Івану Аляксеевічу задаюць пытанне: «Чаму для будучай прафесійнай дзейнасці была абрана такая дысцыпліна, як філалогія?». Адказ заўсёды адзін, і ў ім паважлівае стаўленне да гістарычных і культурных асаблівасцей малой радзімы: «Гэта абумоўлена моўнай сітуацыяй майго краю. Нарадзіўся я ў Брэсцкай вобласці на «трохграніччы»: ад маёй вёскі да мяжы з Польшай – 30 кіламетраў, да мяжы з Украінай – 20. Улада тут мянялася неаднойчы, з ёю мянялася і дзяржаўная мова… Такім чынам, і руская, і ўкраінская, і польская мовы былі мне аднолькава зразумелымі». 

Напэўна, лёс вядучага славіста краіны быў вызначана першапачаткова. Нарадзіўся ён 16 верасня 1952 г. у вёсцы Лышчыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. І яшчэ да школы вучыўся самастойна чытаць адначасова па Евангеллі на стараславянскай мове, польскаму буквару, украінскаму «Кабзару», рускай «Праўдзе» і беларускай «раёнке» «Камуністычная праца» (цяперашні «Кобрынскі веснік»).

Закладзеная ў сям’і любоў да кнігі і асабістыя здольнасці прыводзяць Івана Чароту ў 1969 годзе на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. На занятках ён паказваў бліскучыя вынікі і быў нават рэкамендаваны ў гіды-перакладчыкі ў Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік».

Перакладчыцкай і навуковай дзейнасцю Іван Аляксеевіч займаецца больш за 40 гадоў. Чарота ўзначальвае Бюро секцыі мастацкага перакладу і літаратурных сувязяў Саюза пісьменнікаў, займаецца перакладам з сербскага, харвацкага, македонскага, славенскага, польскага і іншых моваў на рускую і беларускую мовы, а таксама з беларускай і рускай на сербскую. Ён — аўтар 1000 перакладзеных твораў багаслоўскай і мастацкай літаратуры на беларускай  і рускай мовах, у тым ліку звыш 60 кніжных выданняў.

Трэба адзначыць, што Іван Аляксеевіч – сапраўдны паліглот, ён валодае больш чым 10 мовамі. А на пытанне «Колькі моў ён ведае?» — адказ такі: «Згадваючы, якія даводзілася вывучаць, магу назваць нямецкую і іспанскую, імі займаўся добраахвотна і паспяхова. Пад прымусам англійскую — вывучаў разам з сынам-школьнікам, калі той пачаў прыносіць па замежнай мове двойкі. Карыстаюся ўсімі славянскімі мовамі ў рознай ступені. З блізкай частотнасцю ўжываю беларускую і рускую. Калі хто да мяне звяртаецца па-руску — я адказваю гэтаксама, па-беларуску – адпаведна».

Іван Чарота — самы кампетэнтны славіст у Беларусі ў сферы літаратуразнаўства. На працягу звыш чвэрці стагоддзя ён з’яўляецца галоўным навуковым кансультантам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» па ўсіх пытаннях, звязаных з паўднёваславянскімі народамі і іх культурамі. Дарэчы, Чарота — галоўны рэдактар шматлікіх альманахаў «Славянскія постаці», член рэдкалегій 9 перыядычных выданняў (3 замежных).

Іван Аляксеевіч з’яўляецца аўтарам 500 навуковых і літаратурна-крытычных прац. У сваёй навуковай працы  прафесар займаецца славянскімі літаратурамі і культурай, міжславянскімі сувязямі, гісторыяй праваслаўя і літаратурным перакладам. Значным вынікам навуковай дзейнасці, асабістым укладам Івана Аляксеевіча ў методыку перакладу стала выданне ім вучэбнага дапаможніка «Тэорыя і практыка мастацкага перакладу». Менавіта I. Чарота стаў ініцыятарам і арганізатарам падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «Сербская мова і літаратура».

Прафесар вядзе вялікую грамадскую дзейнайсць. Ён акадэмік Сербскай акадэміі навук і мастацтв, акадэмік Міжнароднай Славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтв і культуры, старшыня Экспертнага савета вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, навуковы кансультант Беларускага Экзархата па комплексу пытанняў, якія адносяцца да Сербіі, Югаславіі і славянства ўвогулле, сакратар Біблейскай камісіі Беларускага Экзархата па выпрацоўцы беларускай багаслоўскай тэрміналогіі, удзельнік перакладу Новага Запавета на беларускую мову, кансультант і аўтар артыкулаў «Праваслаўнай Энцыклапедыі», выканаўчы рэдактар журнала «Праваслаўе».

І. А. Чарота ўнёс значны ўклад ва ўмацаванне сувязяў паміж праваслаўнай інтэлегенцыяй Беларусі, Расіі, Сербіі, Украіны, Польшчы, Славакіі. Можна сказаць, што яго жыццёвае крэда — ладзіць масты паразумення, шукаць тое, што збліжае, аб’ядноўвае народы і людзей, робіць іх мацнейшымі. У душы  нашага земляка паядналіся любоў да Беларусі і славянскага сусвету ў цэлым.

У 1999 годзе плённая праца прынесла Івану Аляксеевічу яго першую літаратурную прэмію — Міжнародную  прэмію імя Канстанціна Астрожскага (Польша). Далейшая навуковая, перакладчыцкая і грамадская дзейнасць Чароты адзначаны шматлікімі ганаровымі ўзнагародамі, сярод якіх: Ордэн Сергія Раданежскага III ступені (2002), прэмія Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2003), памятны медаль Саюза славацкіх пісьменнікаў (2003), Ордэн Святога Савы III ступені ( 2004), Залаты знак Культурна-асветніцкага таварыства Сербіі (2008), Ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага (Беларускі экзархат, 2012), Срэбраны медаль «За заслугі» (Сербія, 2013), медаль Пушкіна (2015). І. А. Чарота — лаурэат прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі (2000), літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2007), міжнароднай літаратурнай прэміі Ф. М. Дастаеўскага (Сербія 2007), прэміі за лепшую кнігу Беларусі ў галіне перакладу (2008), Патрыяршай літаратурнай прэміі імя святых раўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія (2012), літаратурнай прэміі Раде Драінца (2014, дарэчы,наш суайчыннік – першы замежны грамадзянін, які адзначаны гэтай прэміяй), прэміі братоў Карыч (2014).

Нястомны працаўнік, аўтарытэтны і паважаны даследчык, наш зямляк І. А. Чарота знаходзіцца ў росквіце творчых сіл. На пытанне, чым, акрамя працы, ён захапляецеся, паважаны прафесар адказвае: «Мае захапленні — гэта мая праца, мая праца — гэта мае захапленні… Я шчаслівы, таму што займаюся тым, што мне падабаецца».

У гэтай высакароднай дзейнасці яго падтрымліваюць і жонка-філолаг, і сыны, якія звязалі жыццё са словам, з літаратурай.

… Ёсць людзі, жыццём і дзейнасцю якіх можна і захапляцца, і ганарыцца. Да такіх менавіта адносіцца выхадзец з вёскі Лышчыкі Кобрынскага раёна, вядучы у рэспубліцы вучоны-славіст, які займае адметнае месца ў беларускай культуры і літаратуры, Іван Аляксеевіч Чарота.

Святлана Курачук,

галоўны бібліёграф

цэнтральнай раённай бібліятэкі