Іван Чарота // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст, 2008. – С. 316-317.

ІВАН ЧАРОТА

 (нар. у 1952 годзе)

Яшчэ адно імя звязана з літаратурнай Кобрыншчынай. Гэта вядомы беларускі літаратуразнаўца, перакладчык, крытык Іван Аляксеевіч Чарота. Ён нарадзіўся 16 верасня 1952 г. у в. Лышчыкі. Сярэднюю адукацыю атрымаў у СШ № 2 г. Кобрына. 3 1974 г. вучыўся на аддзяленні рускай мовы і літаратуры Філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта імя У. I. Леніна. Пасля заканчэння яго працаваў настаўнікам у Палякцішскай сярэдняй школе Воранаўскага раёна. З 1977 года ў Белдзяржуніверсітэце, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры славянскіх літаратур. Кандыдацкую дысертацыю абараніў у Ленінградзе ў 1987 г., доктарскую — “Беларуская літаратура XX стагоддзя і працэсы нацыянальнага самавызначэння” — у Мінску ў 1998 г. Кола навуковых інтарэсаў І. А. Чароты ўключае пытанні літаратуры і культуры славянскіх народаў. Вядучы югаславіст Беларусі. Займаецца перакладам з сербскай, харвацкай, славенскай, македонскай, польскай і іншых моў на беларускую і рускую, а таксама з беларускай на сербскую. Актыўна выступае ў друку літаратуразнаўца, крытык, эсэіст, публіцыст. Аўтар звыш 250 навуковых, навукова-метадычных і літаратурных прац, сярод якіх “Беларуская савецкая літаратура за мяжой” (1988), “Савецкая літаратура ў сувязях і ўзаемадзеяннях. Пачаткі параўнальнага і сістэмнага аналізу” (1989). Аўтар “Анталогіі беларускай паэзіі”, выдадзенай у 1993 г, у Югаславіі, укладальнік зборнікаў “Сербская паэзія” (1987) і “Сербская Праваслаўная Царква” (1998), выдадзеных у Мінску. Мае таксама больш за 600 друкаваных перакладаў. З’яўляецца сакратаром Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы і выканаўчым рэдактарам часопіса “Праваслаўе”. Лаўрэат міжнароднай прэміі імя К. Астрожскага (Польшча) за 1999 год, прэміі Саюза пісьменнікаў Сербіі за 2000 г. Узнагароджаны ордэнам Прападобнага Сергія Раданежскага (2002).