Іўчанкаў, В. Ад народнага форуму да віртуальнага маўлення / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2017. — № 7. — С. 30-33.

Віктар ІЎЧАНКАЎ

АД НАРОДНАГА ФОРУМУ ДА ВІРТУАЛЬНАГА МАЎЛЕННЯ

Дынаміка моўных працэсаў сучаснасці выразна адлюстроўваецца ва ўсіх сферах дзейнасці чалавека. У працэс камунікацыі кінуты сродкі, якія, з аднаго боку, разбураюць каноны так званага лінейнага тэксту, а з другога — фарміруюць новыя маўленчыя з’явы.

Лінейны тэкст, строга іерархізаваны, сістэмна ўпарадкаваны, стаў спараджэннем кніжнай эпохі, дзе ўсё мела свой стылістычны рэгістр — па функцыі і сферы выкарыстання мовы, сацыяльнай сітуацыі (афіцыйнай ці неафіцыйнай) і інш. Гэта датычылася ўсіх славянскіх моў.

Маўленчую сітуацыю XX ст. можна суаднесці з перыядам уладарання арыстоцелеўскай тэорыі трох стыляў, якая ў розныя гістарычныя перыяды дзейнічала амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Ва ўсходніх славян яна знайшла адлюстраванне ў трактоўцы М. Ламаносава, які зрэгламентаваў рускую мову паводле трох канонаў, “штыляў” — высокага, сярэдняга і нізкага. У нейкай ступе- ні гэта было выратаваннем для рускай мовы, якая пасля пятроўскіх рэформаў не мела свайго “аблічча”, а ўяўляла сабой сумесь шматлікіх запазычанняў-варварызмаў. Тагачасная руская мова з ускладненай марфалогіяй і складаным сінтаксісам не магла быць паўнавартасным інструментам развіцця навукі і культуры. Наспела неабходнасць удасканалення яе (мовы), што і зрабіў М. Ламаносаў. Трэба было ліквідаваць тагачасную дыгласію (царкоўнаславянска-рускае двухмоўе) і на базе сярэдняга стылю аб’яднаць усе моўныя крыніцы ў зладжаную літаратурную форму. Аднак ужо ў 60 — 80-я гг. XVI ст. выразна сталі праяўляцца хібы тэорыі.

         Па-першае, кожны з выведзеных стыляў валодаў шматстайнымі жанравымі і функцыянальна-стылёвымі разнавіднасцямі. Так, у высокім стылі вылучаліся стыль оды, стыль трагедыі, стыль прамовы, у сярэднім — стыль газетнай і часопіснай публіцыстыкі, стыль афіцыйнага маўлення, стыль сатыры і г. д. Мноства такіх варыяцый не ўкладвалася ў абмежаваную кожным са стыляў канцэпцыю. Выяўлялася праблема стварэння агульнанацыянальнай моўнай нормы, чаму прынцыпова пярэчыла “тэорыя трох штыляў”.

         Па-другое, замацаванне за кожным стылем адпаведных лексічных сродкаў стала стрымліваць развіццё агульналітаратурнай мовы, якая ўжо ў той час пачынала фарміравацца на народнай глебе. Напрыклад, царкоўнаславянізмы не дапускаліся ў нізкім стылі, размоўная лексіка не магла пранікаць у высокі. I першае, і другое дапускалася ў сярэднім стылі, але са строгай рэгламентацыяй. Усё далейшае развіццё рускай мовы якраз і было накіравана на разбурэнне такой рэгламентацыі. Высокі стыль быў адарваны ад народнай мовы. Жанры, замацаваныя за ім, старэлі або пераходзілі ў жывое народнае маўленне.

         Нізкі стыль з яго граматычнай неўпарадкаванасцю, дыялектнай і гутарковай лексікай таксама быў бесперспектыўным і не мог абслугоўваць жанры мастацкай літаратуры. Канчатковым зруйнаваннем тэорыі трох стыляў можна лічыць творчасць М. Карамзіна, які супраць паставіў трохстылёвай сістэме літаратурную мову — найвышэйшую форму праяўлення нацыянальнай культуры народа. Выдатнае ўвасабленне яе знаходзім у творах А. Пушкіна, ад якога і вымяраецца сучасная руская літаратурная мова.

         Зусім іншую гісторыю развіцця літаратурнай формы мае беларуская мова. Набліжэнне да каранёў народнага маўлення ў беларусаў трывала ўсталявалася значна раней, чым у рускіх. Пра гэта яскрава сведчаць пераклады і прадмовы Францыска Скарыны.

         Аснову мовы выданняў Ф. Скарыны скдадае народная (простая) мова, якая цесна спалучаецца з царкоўнаславянскай. Такой формы мовы не было ў славян таго часу. Можна цалкам пагадзіцца з думкай, што лінгвістычнае пераўвасабленне царкоўнаславянскай мовы ў мову людзей паспалітых дало штуршок для далейшага развіцця розных філалагічных канцэпцый. Шкада, што гістарычныя абставіны не дазволілі спраўдзіцца Скарынавай канцэпцыі развіцця беларускай літаратурнай мовы.

         Сучасная беларуская літаратурная мова не мае прамой пераемнасці са старабеларускай (па рускіх крыніцах — заходнярускай) мовай, якая функцыянавала ў якасці афіцыйнай у Вялікім Княстве Літоўскім у XIII — XVII стст. Пазней яна была выцеснена пісьмовымі формамі польскай і рускай моў, у выніку чаго ўзнік часавы разрыў паміж старабеларускай і новай беларускай літаратурнымі мовамі. Сёння слушна заўважаецца: новая беларуская літаратурная мова ўзнікла на іншай аснове, што не дазваляе разглядаць яе развіццё ад старабеларускай як непарыўны працэс. Асноўным формаўтваральным фактарам беларускай літаратурнай мовы можна лічыць узвышэнне статусу народнай мовы да ўзроўню літаратурнай. Гэтым яна супрацьпастаўлялася старабеларускай мове, якая сфарміравалася ў рэчышчы царкоўнаславянскай традыцыі.

         Маўленне XX ст., як і ў часы дзеяння тэорыі трох стыляў, характарызуецца стылістычнай кананізаванасцю. Сістэма функцыянальных стыляў, створаная савецкімі мовазнаўцамі, адпавядала маўленчай стратыфікацыі і жыццёваму рэгламенту. Ролю трох стыляў сталі выконваць функцыянальныя стылі, якія прадпісвалі што, як, для каго пісаць і гавырыць. Застылая форма зносін адпавядала працэсам нарматыўнасці маўлення, якія ў XX ст. можна лічыць вяршыняй яе праяў. Сюды трэба дадаць яшчэ адну формулу. Якасным маўленчым густам лічылася гаварыць “як напісана”, адказваць на пытанні поўнымі сказамі. Гэтаму вучылі ў школе, у інстытутах. Жывое маўленне або, як казаў Ф. Янкоўскі, гаваркое слова “не дацягвала” да кніжнай традыцыі, лічылася не ўсюды дарэчным і нават патрэбным.

         Інфармацыйная эпоха значна мяняе слова, робіць яго мабільным. Менавіта сёння назіраем вяртанне да асноў антычнай рыторыкі, калі чалавек ці на рымскім форуме, ці на грэчаскай агоры, ці на вальным сойме мог выказаць уласную думку ў такой форме, як гэта забяспечвалася яго моўнай інтуіцыяй, талентам, вербальнай трэніроўкай.

         Трэба згадаць, што ў Антычнасці існавалі асаблівыя формы распаўсюджвання інфармацыі. Найбольш вядомыя з іх — названыя старажытнагрэчаская агора і рымскі форум. Першапачаткова гэта былі гандлёвыя месцы, якія з часам ператварыліся ў цэнтры грамадскага (палітычнага, эканамічнага і рэлігійнага) жыцця. Напрыклад, рымскі форум пазней уключаў у сябе каміцый (месца народных сходаў), курыю (месца пасяджэнняў сената), чым набыў выразныя палітычныя функцыі. Сённяшняя панарама мінулых форумаў пакідае сумнае ўражанне: на іх месцы бачым толькі рэшткі былой магутнасці. Што здарылася за дваццаць стагоддзяў Новага часу?

         Для вербалістыкі (у шырокім сэнсе камунікацыі) Новы час прынёс мала новага, ён толькі запаволіў працэсы, якія нараджаліся ў старажытных Афінах, на радзіме рыторыкі.

         3 заняпадам рабаўладальніцкай дэмакратыі рыторыка ператварылася ў нарматыўна-каталагізатарскую дысцыпліну і паступова растварылася ў стылістыцы, якая і цяпер утрымлівае ў сабе вялікі арсенал сродкаў, прыёмаў, фігур, тропаў — так бы мовіць, гатовых формул для стварэння мастацкага маўлення, для ўпрыгожвання яго.

         Перад тым як стаць набыткам сучаснікаў, формулы тропаў павінны быць вынайдзены. I часцей за ўсё гэта рабілася на антычных народных форумах, калі трэба было запаліць сэрцы людзей, звярнуць іх розум да аб’екта дыскусіі, вобразнасцю ўзмацніць аргумент. Варта падкрэсліць: за дваццаць стагоддзяў не было вынайдзена ніводнага новага тропа, семантычнага пераносу, заснаванага на аналоги, падабенстве, функцыі. Амаль усе тропы маюць грэчаскую этымалогію (!). Каб вынайсці новы від тропа, трэба было б аднавіць і максімальна актывізаваць маўленчую практыку (што назіраем сёння ў “трэцяй” форме існавання мовы — віртуальнай!).

         Вынайдзеная ў часы афінскай дэмакратыі і развітая антычнай рыторыкай мадэль камунікацыі docere — movere — delectare ў розныя эпохі перараблялася на свой манер. Часам з яе наўмысна выдаляліся складнікі, як тэта адбылося з апошнім у савецкія часы, ці дадаваліся новыя: напрыклад, ленінскае “агітацыя і прапаганда”, амерыканская прапагандысцкая мадэль “тэорыі даміно” і інш. У эпоху інфармацыйнага грамадства, на фоне ІТ-працэсаў абмен інфармацыяй адраджаецца ў полі дзеяння камунікатыўных тэорый Сакрата, Платона, Арыстоцеля і Цыцэрона, супрацьпастаўленых тэорыям сафістычным. Добрай падставай такога адраджэння ёсць дагэтуль невядомая для чалавецтва эвалюцыя народнага форуму ў форум віртуальны, у якім сучаснік становіцца вербацэнтрычным, г. зн. максімальна “ахопленым” словам, пагружаным у тэкст. Слова стала самым дарагім і каштоўным прадуктам, які мяняе жыццёвы лад.

         Да інфармацыйнай эпохі было дзве формы існавання мовы, звязаныя з глотагенезам натуральнай гукавой мовы і графічнымі сістэмамі, што яе фіксавалі. Сёння ўсё часцей у поле даследаванняў трапляе трэцяя форма — віртуальная (як сумяшчэнне першых дзвюх). Сапраўды, маючы зносіны ў сацыяльных сетках, з дапамогай шматлікіх месенджараў (твітара, вайбера, вічата, балзоа, камфрога, фаерчата, ватсапа / вацапа, тэлеграма і іншых вэб-сэрвісаў для імгненнага абмену паведамленнямі) сучаснік мяняе сваю мову. Часам да непазнавальнасці…

         Так, сучаснік пагружаны ў фокус тэксту, і цэнтрам выступае віртуальная сфера. У ёй карыстальнік нараджаецца, жыве і памірае. Чалавек рэалізуецца ў словах. Пры ўсёй шматстайнасці пісьмовага выказвання думак (у тэкстах функцыянальных стыляў) асаблівай формай вербальнай рэалізацыі былі ранейшыя “забароненыя” надпісы на школьных партах, студэнцкай лаве, сценах, плоце і інш. Сёння такое “пісьменства” перасялілася ў інтэрнэт.

         Атрымалі адрасную прапіску словы і выразы рознага спалучэння і зместу. Чаго варты, напрыклад, заклік сямігадовай даўнасці на mail.ru “Заміксуй паці на лайме і мяце!”. Усё тэта існуе ў процівагу формулам XX ст., напрыклад такім: “На сённяшні дзень перспектывы развіцця патэнцыйных магчымасцей эканомікі залежаць ад спецыфічных асаблівасцей яе функцыянавання”.

         У навуковай практыцы для падобных з’яў існуюць назвы — мудрагельства (рус. заумь), птушыная мова, парасячая латынь, гласалалія, варлен і г. д., кожнаму з якіх адпавядае сваё прызначэнне. Так, у літаратурным маніфесце футурыстаў “Дэкларацыя мудрагелістай мовы” (1921) абвяшчалася: “Думка і маўленне не паспяваюць за перажываннем натхняльнага, таму мастак мае права выказвацца не толькі агульнай мовай (паняцці), але і асабістай (творца індывідуальны), і мовай, якая не мае канкрэтнага значэння (не застылай), мудра- гелістай. Агульная мова звязвае, свабодная дазваляе выказацца паўней (прыклад: га оснег кайд і г. д.)” [2].

         Мудрагельства як літаратурны прыём мела шмат прыхільнікаў. Напрыклад, у Паўлюка Шукайлы чытаем: “Гэй, вышэй сэмафор жыцця! Хай лятуць цягнікі нашых дзён… Трэба ўмець і шпалы кахаць, і цалаваць сэмафор…” [3, с. 79]. Паслядоўнікі гласалаліі існуюць і сёння. Яны з поспехам развіваюць сваю творчасць. Вядома, што ў 1990 г. расійскі паэт С. Бірукоў заснаваў прэмію «Международная отметина имени отца русского футуризма Давида Бурлюка», сярод лаўрэатаў якой у свой час былі Андрэй Вазнясенскі, Леон Рабель, Ежы Фарына, Джэральд Янечак, Маргарыта Аль і іншыя. Маюць гэтую прэмію і нашы суайчыннікі — Алесь Разанаў і Віктар Жыбуль.

         Гласалалія можа сустракацца ў мастацкіх творах, і ў якасці літаратурнага прыёму яна блізкая да мудрагельстваў: “Я хачу паварушыць тваім хвастом, я мару падыхаць тваімі жабрамі і, каб шырэй наглядзецца тваім хараством, з вачэй сваіх сцерці водарасці швабраю” [1].

         Аднак часцей за ўсё пра яе гавораць як пра асаблівы дар слова, элемент рэлігійнага абраду, калі чалавек гаворыць з духамі, упадае ў транс. У бессэнсоўным балбатанні разгадваецца прадвесце, непазнанае і таму жудаснае. У гласалаліі бачаць часам і дыягназ псіхічнага разладу. Псіхалінгвістычны феномен гэтай з’явы вывучаны дастаткова падрабязна ў выглядзе рапорта, калі прамоўца-маніпулятар зліваецца з аўдыторыяй, даводзіць яе да экстазу.

         Заўважым, пералічаныя з’явы больш характэрны для штучных сітуацый, выкліканых да жыцця спецыфічнымі прычынамі: моўнай гульнёй, выкарыстаннем стылістычнага прыёму і г. д. Калі ж гаворым пра нарастание маўленчых зрухаў у сістэме мовы, усё мяняецца (параўнаем высокачастотнае: актуальныя праблемы, перспектывы развіцця, акцёрскае амплуа, базісныя асновы і шмат іншага). Гэтыя зрухі штучныя для мовы, ненатуральныя.

         Злучэнне дзвюх форм — вуснай і пісьмовай — прыводзіць да натуральнага іх узаемапранікнення і з’яўлення іншай вербальнай мадэлі, у якой увасабляецца “пісьмовая вусная мова”. Перад намі фенаменальнае пераўтварэнне вуснага маўлення ў пісьмовае. Такое маўленне пазбаўлена асноўных характарыстык апошняга — строгай граматычнай структуры і лексічнай дакладнасці, механізму праграмавання маўленчага выказвання, ментальнага навыку (пісьмова-рухаль- нага).

         Вуснае маўленне першаснае і патрабуе, галоўным чынам, артыкуляцыйна-акустычнага ўдзелу. Яно больш аператыўнае і багацейшае за пісьмовае. Аднак у арганізацыі пісьмовай мовы задзейнічаны аперацыйны інструментарый, які дазваляе чалавеку мець почырк, непаўторны ў сваёй індывідуальнасці. Сёння тэты від дзейнасці становіцца менш актыўным, знікаюць рукапісы. Клавіятурны набор тэксту размывае тэксталагічны характар твора. Адна справа працаваць з рукапісам, у якім перададзены творчыя этапы стварэння тэксту, і іншая — з набраным тэкстам.

         Пісьмовае маўленне ў параўнанні з вусным, несумненна, бяднейшае, але яно мае пашырэнне ў часе і прасторы, што дазволіла яму выканаць трансцэндэнтную функцыю ў жыцці чалавека. У віртуальнай форме недахоп вуснай формы кампенсуецца рознага роду экспрэсівамі, эматыконамі, дэматыватарамі, мемамі і інш.

         Важная асаблівасць вуснага маўлення — імкненне да эканоміі, кампрэсіі. Наглядным прыкладам сістэмнасці падобнай з’явы можа быць беларуская мова, у якой пісьмовая традыцыя фарміравання літаратурнай формы, як ужо адзначалася, была перапынена. Гэта прывяло да семантычнай кампрэсіі на ўзроўні лексічнага ладу мовы (напрыклад, высокая частотнасць безэквівалентнай лексікі). Можна справядліва гаварыць у такім выпадку пра дзеянне тэорыі эканоміі маўленчых намаганняў, калі ў кароткай форме перадаецца змест, які забяспечваецца ў іншай мове некалькімі формамі (бел. здарожыўся і рус. устал с дороги).

         Віртуальная форма мовы таксама схільная да гэтай тэндэнцыі, але ў біфуркацыйным руху, які, па сутнасці, можа прывесці да змены парадыгмы. У нязмушаных зносінах пераважае вусны элемент, аднак у “форумна-чатным” маўленні адбываецца ненаўмыснае расшчапленне першапачаткова аднастайнага матэрыялу. Спосаб праходжання пунктаў біфуркацый такіх зносін (пішу і гавару) мае характар эмерджэнтнай эвалюцыі, скачкападобнага працэсу ў выкарыстанні моўных сродкаў, у нараджэнні новых і знікненні ранейшых іерархічных знакаў сістэмы. Прычым сам гэты працэс можа спараджаць мноства дробных знакаў, напрыклад у выглядзе асобных графем. Тады ён збліжаецца з поліфуркацыяй. Калі гаворым пра віртуальную форму існавання мовы, маем на ўвазе сукупнасць усіх інтэрнэт-тэкстаў, колькасць якіх расце з долямі секунды. Важна адзначыць, што яны стратыфікуюцца не па функцыянальна-стылістычнай, а па тэмпаральна-лакальнай і каўзальна-атрыбутыўнай прыметах.

         Пры разглядзе такіх маўленчых сітуацый напрошваецца выснова пра тое, што віртуальнае маўленне залежыць ад месца і ўмоў размяшчэння запісаў, кагерэнцыі форуму, якая выяўляецца ў логіка-семантычнай, граматыка-стылістычнай суаднесенасці і ўзаемазалежнасці складнікаў яго элементаў з сістэмай вэб. I калі ў эпоху лінейнага тэксту такое было амаль немагчыма, бо строга кваліфікавалася б з гледжання функциональных стыляў, то сёння ў залежнасці ад палітыкі вэб-рэсурсу становіцца дазваляльным і высокачастотным. Перад намі новая з’ява, якая яшчэ толькі шукае сваіх даследчыкаў. Спробай эмпірычнага паказу яе можна лічыць “Слоўнік мовы інтэрнэту.ru” (2016) пад рэдакцыяй М. Кронгаўза.

         Эканомія маўленчых намаганняў, моўная кампрэсія — рухальны фактар развіцця мовы. Свет змяняецца (і так было заўсёды) у пошуку кароткай формы выказвання. Згаданая вышэй гласалалія не можа нарадзіцца ў натуральным моўным асяродку, бо яна празмерная па сваёй сутнасці.

         Мова — падмурак існавання людзей. Яна 6удзе развівацца, пакуль будуць развівацца яе носьбіты. Гэта пацвярджаецца тысячагоддзямі. Спосабы камунікацыі ўдасканальваюцца і цалкам адпавядаюць разумоваму стану чалавека, які вынаходзіць уласцівы свайму часу від моўнага інструментарыю. Прадказаць шляхі яго вар’іравання і вынікі рэалізацыі, бывае, цяжка, а то і немагчыма…

                   Спіс літаратуры

1.      Жыбуль, В. Я хачу паварушыць тваім хвастом… [Электронны рэсурс] / В. Жыбуль. — Рэжым доступу : http://moykahany.ru/autor/viktar-zhybul. — Дата доступу : 05.06.2017 г.

2.      Кручёных, А. Декларация заумного языка [Электронный ресурс] / А. Кручёных. — Режим доступа : https://document.wikireading.ru/10013. — Дата доступа : 05.06.2017.

3.      Шукайла, П. Акрываўленая зямля / П. Шукайла. — Мінск, 1930.