Іўчанкаў, В. Калі словы выбіраюць чалавека… : да 80-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Наркевіча // Роднае слова. – 2009. — № 3. – С. 59-60.

КАЛI СЛОВЫ ВЫБІРАЮЦЬ ЧАЛАВЕКА…

ДА 80 ГОДДЗЯ 3 ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АРКАДЗЯ НАРКЕВІЧА

         Словы выбірае чалавек, але часам і словы выбіраюць чалавека. Таму так лёгка падбіраць іх, спалучаць. Нібы ідзеш па жытнёвым полі, дзе кожны каласок спявае сваю песню пад пяшчотным подыхам лёгкага ветрыку. Дзе наталяешся водарам рамонкаў і лунаеш у ласкавых промнях сонца, якое так і хочацца назваць жыццём. У жыццёвых промнях не прамінеш сонца, калі яно грэе і будзіць да дабра.

         Кнігі, артыкулы, дзесяткі аўтарэфератаў… Акуратныя сшыткі, дзе запісаны прозвішчы былых студэнтаў, адзнакі, пазначэнні аб пропусках і пераздачах. Цёплая ўсмешка на твары, разважлівы погляд, жаданне быць патрэбным
і заўсёдная прыветлівасць, якая выяўлялася ў толькі яму ўласцівых словах-зваротах.

         Знаёмства з Аркадзем Іосіфавічам Наркевічам прыносіла ўдачу маладым вучоным, дысертацыі якіх ён апаніраваў, студэнтам давала бацькоўскую, крыху паблажлівую апеку. Не адзін раз даводзілася чуць пра легендарныя наркевічаўскія сшыткі. Пра іх і сёння гавораць журналісты.

         На адным з юбілейных мерапрыемстваў прафесар дастаў запісы і зрабіў пераклічку студэнтаў, якія закончылі журфак… трыццаць гадоў таму. Трэба
было бачыць твары былых выпястоўцаў, што рынулі да спіса, каб упэўніцца: няўжо гэта той самы, першага курса? У Аркадзя Іосіфавіча захоўвалася ўсё, што было звязана з універсітэтам. Захоўвалася і свята аберагалася, як самы дарагі ўспамін.

         У адной з апошніх прац Аркадзь Іосіфавіч напісаў: «Здымаюцца “белыя плямы” з нашай гісторыі, звужаецца кола “закрытых тэм”, “ведамасных сакрэтаў” і “тайнаў”. Дэмакратызм, адкрытасць трывала ўваходзяць у наш побыт,
становяцца рэаліямі нашых дзён, эпохі». Прадчуваючы неабходнасць змен у мове СМІ, вучоны выступіў з крытыкай неабдуманага і нічым не апраўданага выкарыстання запазычанняў. 3 жалем канстатаваў: бярэ моду “свайго роду
бум, які ахапіў нашу прэсу, лексічны выбух, што праяўляецца звычайна, калі прасачыць перадгісторыю развіцця моў, у пераломныя, пераходныя перыяды гісторыі народа, грамадства”. Навучаў, папярэджваў і рабіў парады аб “разумнай неабходнасці ў запазычанні слоў, іх мэтазгоднасці, абумоўленай пераважна прычынамі адсутнасці ў лексічным запасе роднай мовы пэўнага слова для абазначэння таго або іншага паняцця, прадмета”. Тэма надзвычай актуальная і сёння…

         Беларускі мовазнаўца Аркадзь Наркевіч (10.03.1929 — 13.10.2002) нарадзіўся ў вёсцы Вараноўшчына Капыльскага раёна. Родныя мясціны і бацькі шчодра надзялілі талентам свайго сына. Аркадзь Іосіфавіч стаў дбайным знаўцам і руплівым абаронцам мовы.

         Служэнню Слову А. Наркевіч прысвяціў сваё жыццё. У прафесара быў свой стыль — строгі і акадэмічны. Гаваркімі словамі ён не раскідваўся,
выкарыстоўваў зрэдку. Часцей за ўсё з яго вуснаў гучала — даражэнькая, міленькая, браток.
Так ён звяртаўся да сваіх калег. У гэтым праглядалася сутнасць добрага чалавека, лагоднага і добразычлівага. Як быццам яго вочы, вусны гаварылі: “Будзь спагадлівым, ніколі не рабі зла”. Якія простыя і якія мудрыя словы!

         Думаю, калі хоць невялікая частка яго вучняў зрабіла гэтыя словы сваімі, то ён ужо здзейсніў задуманае, а калі гэтыя словы паўтараюць калегі, то
ён памножыў гэтую мудрасць у сотню разоў…

         Навуковыя зацікаўленні доктара філалагічных навук прафесара Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча асноўным чынам былі звязаны з падмуркам беларускага мовазнаўства — марфалогіяй і сінтаксісам, а пазней — з культурай маўлення журналіста.

         Яго кандыдацкая дысертацыя прысвечана характарыстыцы асаблівасцей дапасавання беларускіх азначэнняў, аналітычнаму апісанню прыназоўнікава-іменных канструкцый з атрыбутыўнай сінтаксічнай функцыяй, што дазволіла ў будучым выйсці на доктарскае дысертацыйнае даследаванне “Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове”, у якім былі вылучаны структурна-семантычныя тыпы словазлучэнняў.

         На матэрыяле мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, навукова-папулярных і перыядычных выданняў прааналізаваны існуючыя ў сучаснай граматычнай сістэме беспрыназоўнікавыя і прыназоўнікавыя канструкцыі, апісаны

сінанімічныя і стылістычныя асаблівасці, паказана прадуктыўнасць і тыповасць іх для пэўных разнавіднасцей літаратурнай мовы. Аналіз праводзіўся не толькі ў плане вызначэння нарматыўнасці тых ці іншых канструкцый, але і з мэтай паказаць тэндэнцыі развіцця самой сістэмы словазлучэнняў. Манаграфія па тэме дысертацыі адкрыла навуковыя далягляды для далейшага вывучэння словазлучэння як моўнай адзінкі і сінтаксічнай навукі ў цэлым.

         Манаграфія А. Наркевіча “Назоўнік. Граматычныя катэгорыі і формы” — працяг навуковых разважанняў вучонага пра сістэмнае ўладкаванне роднай мовы, прыярытэтам якіх стала вылучэнне назоўніка ў якасці выключна прадуктыўнага і разнастайнага ў семантычных і структурных адносінах лексіка-граматычнага разраду знамянальных слоў. У полі зроку даследчыка апынулася шматстайнасць праяў назоўніка, ярка выражаная адметнасць уласцівых яму агульных катэгарыяльных і семантычных адзнак, граматычных

значэнняў і сінтаксічных функцый у сказе.

         Можна меркаваць, што пільная ўвага прафесара А. Наркевіча да гэтай часціны мовы была выклікана яе функцыянальнай актыўнасцю, асабліва ў публіцыстычным маўленні. Семантычны аб’ём назоўніка на працягу XX ст. эвалюцыянаваў, а сам назоўнік і сёння набывае поліфункцыянальнасць,

актыўную распаўсюджанасць. Праведзены разгляд катэгорый і форм назоўнікаў з усёй сукупнасцю ўласцівых ім дыферэнцыяльных адзнак і своеасаблівасцей паказаў, што назоўнік як граматычны пласт знамянальных слоў з прадметным

значэннем належыць да ліку найбольш багатых і разнастайных па сваёй змястоўнай структуры і форме часцін мовы. Паводле вызначэння акадэміка

В. Вінаградава, назоўнік у агульнай сістэме граматычных і лексіка-семантычных разрадаў слоў займае “цэнтральнае становішча”.

         Аркадзь Наркевіч паказаў здольнасць беларускага назоўніка выступаць у якасці своеасаблівага моўнага сродку апрадмечвання разнастайных паняццяў і з’яў рэчаіснасці. “У назоўніку, — пісаў вучоны, — як у фокусе, сыходзяцца,

аб’ядноўваюцца, цесна пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць шматлікія катэгорыі ўласна-марфалагічнага, лексіка-семантычнага і функцыянальнага плану”. Менавіта з гэтым і звязвалася ідэя вучонага пра цэнтрычнасць назоўніка

ў беларускім публіцыстычным маўленні.

         Плён працы Аркадзя Іосіфавіча прарос добрым зернем: сваім спадчыннікам ён пакінуў амаль чатырыста прац. Яны знітоўваюцца ў адну вялікую кнігу, што паўстае перад пакаленнямі велічным гмахам вучонасці, навуковай руплівасці і дбайнасці, але зайсці ў які наканавана не кожнаму. Толькі таму, хто мае ўлюбёнасць у слова, хто дасягнуў адчування сваёй Айчыны, мовы,
раскрыецца гэтая скарбніца Наркевічавых думак і памкненняў. А значыць, ён працаваў на сёння і на будучыню. Як клапатлівы бацька, люляў сваё немаўля, спадзеючыся, што хутка вырасце яно, загаворыць на поўны голас…

         Аркадзь Іосіфавіч заўсёды падкрэсліваў асаблівасць журналісцкай працы — аператыўнасць, пры якой павінна захавацца тонкае адчуванне слова, яго ўплывовая сіла, загартаваная моц. Аберагаў журналісцкае слова, пеставаў у ім асобу таго, хто тварыў і жыў сваёй прафесіяй. Бо лічыў журналіста чалавекам адораным ад природы. I давяраў журналісту. Пераконваў, што тэкст, створаны журналістам, дынамічна зменлівы, экстралінгвістычна структурыраваны,
прыцягвае ўвагу сваёй складанасцю і рознабаковасцю, вымушае ўлічваць і размытасць, і няпэўнасць, і стахастычнасць у працэсе вызначэння тых ці іншых яго сістэмных, анталагічных і функцыянальных уласцівасцей.

         Публіцыстычнае маўленне вызначаецца высокай частотнасцю лексічнай практыкі і тэкстаўтваральнай актыўнасцю журналіста — правадніка грамадскай камунікацыі, інтэнсіўнага носьбіта мовы, які стыхійна выражае моўны густ эпохі, а таксама… фарміруе яго. Такім чынам, творчасць СМІ выступае ў ролі прадвесніка, а далей і выразніка ўзнікнення пэўных маўленчых тэндэнцый, замацавання заканамернасцей развіцця мовы.

         Таму і не асабліва любіў Аркадзь Іосіфавіч крытыканства ў бок журналістаў. А калі ўшчуваў сам, то рабіў гэта з добрай усмешкай і вясёлай задорынкай у вачах — маўляў, паглядзі да чаго дапісаўся. I рабілася ніякавата, сорамна нават самаму задзірліваму…

         Міжнародная канферэнцыя “Слова ў кантэксце часу” ў гонар юбілею доктара філалагічных навук, прафесара, члена Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь, выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Аркадзя Іосіфавіча Наркевіча, якая адбылася 10 сакавіка 2009 г., сімвалічна акрэсліла набыткі беларускага мовазнаўства, журналісцкай школы, методыкі выкладання ў ВНУ.

         Навуковая спадчына Аркадзя Наркевіча яскрава сведчыць: створанае вучоным павінна мець працяг. Бо кнігі, артыкулы ў адрозненне ад людзей не паміраюць, а становяцца ўсё больш і больш запатрабаванымі наступным пакаленнем. Ды і часу яны не падуладныя…

Віктар ІЎЧАНКАЎ,

загадчык кафедры
стылістыкі і літаратурнага рэдагавання
Інстытута журналістыкі
Беларускага дзяржаўнага універсітэта,
доктар філалагічных навук, прафесар.