Іўчанкаў, В. Правапіс літары о: пра што сведчыць частотнасць графемы / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2020. — № 6. – С. 31-33.

ПРАВАПІС ЛІТАРЫ О:

ПРА ШТО СВЕДЧЫЦЬ ЧАСТОТНАСЦЬ ГРАФЕМЫ

Правапіс літары о — адно з найболып простых пытанняў у сучаснай арфаграфіі. Правіла гучыць даволі сцісла і зразумела: літара о пішацца толькі пад націскам. Яно датычыць форм нескладаных, з адной асновай і распаўсюджваецца на словы славянскага і неславянскага паходжання. Знята выключэнне, паводле якога ненаціскныя канцавыя галосныя ў запазычаннях перадаваліся як -іо (-ыо). Сёння пішам адажыа, капрычыа, сальфеджыа, трыа. Гэтаму правілу падлягае напісанне імён уласных: Антоніа, Маа, Цаа, Сяа; Антарыа, Більбаа, Мінданаа, Цындаа, Токіа. Аднак у «Правілах»-2008 засталося выключэнне – слова радыё. Лексема мае сваю гісторыю пранікнення ў літаратурную мову. Нагадаю толькі цікавы факт. Акадэмічнымі лінгвістамі падчас абмеркавання правілаў выказвалася думка пра тое, каб спалучэнні галосных іо пад націскам і іа не пад націскам перадаваліся як іё (ыё), ія (ыя): радыё, трыё, адажыё, Токіё, Рыё-ды-Жанейра. Некаторыя ўніверсітэцкія навукоўцы прапаноўвалі перадаваць іншамоўныя спалучэнні іо, іа незалежна ад месца ў слове праз развіццё ўстаўнога ёта: трыё, ніёбій, эфіёп, адажыё, Токіё, Трухільё, мурыльё і інш. Аднак «перамагла» пазіцыя распаўсюдзіць на гэтыя словы аканне, што адпавядае арфаэпічным нормам літаратурнай мовы. Слова радыё ў такой форме замацавалася пад уплывам экстралінгвістычных фактараў і, натуральна, пашыраць яго правапіс на цэлую групу слоў (і немалую!) не мела сэнсу. У дыялектах фігуравала і радыва, і радыё, і радзіва. Цікава, што апошняе слова было «рэанімавана» і ўвайшло ў шырокі культурны ўжытак з выхадам дзённіка Андруся Горвата «Радзіва «Прудок”»: Тым не менш на нашай Камернай сцэне ідуць выдатныя спектаклі Рамана Падалякі «Радзіва “Прудок”» па кнізеАндруся Горвата… (Звязда. 15.02.20).

Простае і зразумелае правіла. Аднак і яно не дае адказаў на ўсе пытанні. Напісанне слоў тыпу Іосіф, ніобій, Эфіопія, дыяптрыя і сёння выклікае цяжкасці. Перад намі запазычаныя словы. У «Правілах»-2008 вымушана з’явіўся параграф «Спалучэнні галосных у запазычаных словах». Можам канстатаваць, што правілу напісання літары о падпарадкуюцца словы славянскага паходжання і запазычаныя, якія заканчваюцца збегам галосных —іа (-ыа). Для перадачы спалучэнняў іо, йо ў розных фанетычных пазіцыях (у пачатку слова, паміж зычнымі, пасля галосных, у залежнасці ад вымаўлення: як аднаго складу або двух) існуюць іншыя правапісныя нормы, пра што яшчэ пагаворым.

Перад тым як перайсці да аналізу захавання нормы напісання о ў пісьмовай камунікацыі, звернем увагу на саму літару і частотнасць яе ўжывання ў мове. Вынікам высокай частотнасці ўжывання, напрыклад, галосных гукаў ёсць асананс, зычных — алітарацыя. Натуральным будзе паназіраць, якое месца літара о займае ва “ўжытковай прасторы” пісьма, тым больш што на цікавыя разважанні можа падштурхнуць крыптааналіз. Тады зразумелай стане тэндэнцыя, якую захоўвалі распрацоўшчыкі правапісу 1933-1934, 1957-1959 і 2006-2008 гг.

Паводле звестак Wayback Machine (лічбавага архіва World Wide Web, заснаванага арганізацыяй Internet Archive, што базуецца ў Сан-Францыска) можна меркаваць пра частотнасць той ці іншай літары ў пісьмовай камунікацыі. У архіве сабраны каля 424 мільярдаў вэб-старонак. Вучоныя з Пізанскага ўніверсітэта Джузэпэ Атардзі і Антоніа Фушэта апрацавалі тэксты на 40 мовах, падлічылі, якія літары высокачастотныя, і вывелі сотню графем у прагрэсіі.

Частотнасць як тэрмін выкарыстоўваецца ў лексікастатыстыцы. Ім абазначаецца паняцце, паводле якога фіксуецца частата ўжывання паданалізнага знака, што служыць аргументам меркаваць, з’яўляецца слова агульнаўжывальным, малаўжывальным, вузкаспецыяльным і г. д. Вызначаецца частотнасць па формуле: Ч = Кх : Ка, дзе Ч — частотнасць знака (слова, літары, дыграфа, трыграфа…), Кх — коль- касць выкарыстання х, Ка — агульная колькасць выкарыстанняў. Так, у «Новым частотным слоўніку рускай лексікі»*, складзеным на базе Нацыянальнага корпусу рускай мовы, вызначана частотнасць рускіх літар. Літары а і о займаюць трэцюю і першую пазіцыі: літара а ўжываецца 40 487 008 разоў (8,01%), літара о — 55 414 81 разоў (10,97%). Калі ўлічыць той факт, што ў рускай мове таксама дзейнічае закон акання і гук [о] выразна гучыць толькі ў націскной пазіцыі, можна ўявіць, колькі высілкаў патрэбна, каб правільна пісаць словы тыпу молоко (молоковоз, молокосбор, молокопрыёмик). Большасць з нас праходзіла праз такія цяжкасці ў пачатковых класах. Абсалютна іншую сітуацыю назіраем у беларускай мове.

У архіве Wayback Machine (https://arcjive.org/web/) наглядна падаецца карціна размяшчэння пазіцый літар ва ўсходнеславянскіх мовах…

Назіраем выразнае аддаленне паводле частотнасці літары я ў беларускай і рускай мовах. Украінскія графемы маюць частотнасць, бліжэйшую да рускай крыптаграмы: …

Згодна з прынятым на пісьме фіксаваннем закону недысімілятыўнага акання беларускае о займае толькі чатырнаццатую пазіцыю ў адрозненне ад о рускага і ўкраінскага. Сістэмы вакалізму іншыя: мы амаль не маем рэдукцыі галосных о, э, г. зн. спецыфічнага скарачэння іх у ненаціскных пазіцыях: воды — вада,рэкі — рака. У рускай мове рэдукцыя — з’ява пашыраная, нават вызначае традыцыю вымаўлення. Мы ж акаем, і «татальнае» аканне — прыкмета нашай мовы. Нават калі беларус навучыцца правільна вымаўляць мяккія р,т і ч, то яго ўсё роўна можна пазнаць па аканні. Гэтая адметнасць беларускай мовы важная для тэлевізійнай і радыйнай практыкі, асабліва ў той сітуацыі, калі вядучыя спрабуюць накласці рускі інтанацыйны малюнак на беларускі. Беларускае вымаўленне ненаціскных галосных у поўным арфаэпічным стылі для рускага вуха падаецца крыху запаволеным. Гэта можна верыфікаваць і эксперыментальнымі прыборамі. Беларускай мове ўласціва нязначная колькасная рэдукцыя, паводле якой гучанне ненаціскных галосных крыху скарачаецца, але гукі ўсё роўна вымаўляюцца выразна. Якасная рэдукцыя назіраецца ў дыялектах, для якіх характэрна дысімілятыўнае аканне: в[ъ]да (вада).

Асноўны фанетычны прынцып збліжае нашу графічную сістэму са стараславянскай:…

Стараславянскае пісьмо было кансанатна-вакалічным і грунтавалася на фанематычным прынцыпе, паводле якога кожная літара пазначала фанему. Рэдукцыя адсутнічала, кожны галосны гук вымаўляўся выразна і дакладна.

Да славянскіх моў, у якіх арфаграфія заснавана на фанетычным прынцыпе, адносіцца сербская.

У прапанаваных крыптаграмах прасочваюцца набліжанасць графічнай практыкі ў мовах беларускай і сербскай, вакальнае супадзенне першай пазіцыі са стараславянскай.

Выклікае цікавасць і тая акалічнасць, што ў пісьмовых практыках іншых моў графема а дамінуе. Напрыклад, на першай пазіцыі паводле абазначэння на пісьме вакальных яна знахоізіцца ў партугальскім пісьме (14,634%), італьянскім (11,745%), турэцкім (11,99%), польскім (10,503%), ісландскім (10,110%), фінскім (12,217%), чэшскім (8,421%). Трэба прызнаць той факт, што звесткі рэсурсу https://arcjive.org/web/ выкарыстоўваліся не ў мэтах дакладнага навуковага доследу, а для фонавага суправаджэння ў крыптааналізе.

Вызначэнне частотнасці літар моцна паўплывала на дызайн раскладак клавіятуры, сёння камп’ютарнай, раней — машыннай. Найбольш частыя літары размяшчаліся ў ніжнім радку машынкі Blickensderfer, пры сэнсарным наборы тэксту (home row), у раскладцы клавіятуры Dvorak. Пры “хатнім” радку (сэнсарным наборы) машыністка навобмацак павінна распазнаць размяшчэнне сімвалаў на клавіятуры праз цягліцавую памяць (muscle memory) — форму сэнсарнага набору, у якім задзейнічаны восем пальцаў у гарызантальным шэрагу ўздоўж сярэдзіны клавіятуры (“хатні” радок). У 1936 г. прафесар і Аўгуст Дворак прапанаваў новую лацінскую раскладку. Яе прынцыпам была максімальная зручнасць для набору тэксту на машынцы па-англійску. У 2006 г. Шай Коўлман (Shai Coleman) распрацаваў раскладку Colemak, прыстасаваную да сучасных камп’ютарных рэалій. Яна вылучалася магчымасцю эфектыўнага і эрганамічнага набору тэкстаў на англійскай мове. Існуюць іншыя раскладкі…

Калі зірнуць на сённяшнюю камп’ютарную клавіятуру, то можна заўважыць, што яна ў большасці выпадкаў адпавядае рускай ЙЦУКЕН (называецца па пачатковых літарах верхняга раду). Сярод нацыянальных раскладак клавіятуры алфавітаў на базе рускага нам невядомы тыя, якія б істотна адрозніваліся ад рускай ЙЦУКЕН ці лацінскіх QWERTY, Dvorak, Colemak. У сучаснай клавіятуры літара ё на выселках. Для рускай клавіятуры гэта натуральна. Частотнасць ужывання літары ё ў рускім пісьме займае апошнюю пазіцыю і складае 0,04%. Для беларускага пісьма — парадаксальная неадпаведнасць…

Крытэрый частотнасці выкарыстання літар у інфармацыйную эпоху набыў істотную значнасць. Так, выяўленне частотнасці першых літар у слове вельмі важнае пры папярэднім вызначэнні месца ў фізічных файлах і індэксах электронных носьбітаў. Так, амерыканскі вучоны-камп’ютаршчык Пітэр Норвіг вызначыў частату першых літар англійскіх слоў. Максімальны індэкс сярод галосных атрымала літара а (11,682%). Дарэчы, з’яўленне на пісьме лі- тары а ў англійскай мове саступае толькі частотнасці літары е.

Прыведзеныя характарыстыкі частотнасці ўжывання літары а ў беларускім пісьме ў сітуацыі фанетычнага нераспазнавання гукаў [о], [э], [а] паказваюць на адметнасць літаратурнай мовы і замацоўваюць правапісную тэндэнцыю, якая пастаянна нарошчвалася. Параўнаем:

1933-1934 гг.1957-1959 гг.2006-2008 гг.
Фанетычны прынцып правапісу (аканне) не распаўсюджваўся на «інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы» і вытворныя ад іх (пролетарыят, соцыялізм, соўгос, комсамол); інша- моўныя ўласныя назвы зтакзванай «мовы-донара» (Шэўчэнка, Тэрэш- чэнка, Постышэў, Егор’еўск, Белінскі, Владзівасток, Орджанікідзе, Жэлезноў)Літара а на месцы о не пад націскам, незалежна ад паходжання слова: рэвалюцыя, савет, Арджанікідзе (за выключэннем слоў тыпу трыо, сальфеджыо, Антарыо); замацоўвалася напісанне а (я) у першым складзе перад націскам ва ўласных назвах славянскага паходжання (а таксама ў даўно запазычаных — неславянскага): Дзяніс, Пячора, ШаўчэнкаЛітара а ўскладанаскарочаных словах тыпу газпрам, выканкам, прафкам, райкам, інтэрпал; літара а ў ненаціскным становішчы на канцы запазычаных слоў тыпу адажыа, партфоліа, імпрэсарыа; літара а не пад націскам у фіналях запазычаных слоў: грэйдар, лідар, камп’ютар, шніцаль

У табліцы выразна прасочваецца гістарычны ход абазначэння на пісьме літарай а гукаў [о], [э], [а]. Мусім прызнаць, што гэты працэс не спынены: графічнага пазначэння акання «чакаюць» імёны ўласныя тыпу Шрэйдэр, Пітэр.

* Ляшевская, О. Н. Частотный словарь современного русского языка (на матерналах Нацнонального корпуса русского языка) / О. Н. Ляшевская, С. А. Шаров. — М.: Азбуковннк, 2009.

Віктар ІЎЧАНКАЎ