Іўчанкаў, В. Стылістычныя мадэлі эпітэта ў творах Уладзіміра Караткевіча / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова – 2020. – № 11 – С. 41–44.

Стылістычныя мадэлі эпітэта ў творах

Уладзіміра Караткевіча

У прозе Уладзіміра Караткевіча эпітэт арганічна ўключаецца ў сістэму тропаў, характэрную для індывідуальна-аўтарскага стылю пісьменніка. У іх заўважаецца шэраг асаблівасцей, уласцівых мастацкаму маўленню. Стылістычнай разнастайнасцю характарызуюцца эпітэты ў залежнасці ад пазіцыі да азначальнага слова (прэ- і постпазіцыі), паводле структуры (аднаслоўныя, складаныя), прэдыкатыўнай функцыі, семантычнай злітнасці, семантычнай пераарыентацыі дзеяслоўных форм (дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя). Мадэляванне эпітэта ў творах У Караткевіча вылучаецца шматаспектнасцю, багаццем аўтарскіх асацыяцый, на іх грунтуецца індывідуальна-аўтарскі перанос значэння. Пры гэтым набывае важнасць размяшчэнне тропа ў тэксце: тут мастацкай задуме падпарадкуюцца нюансныя акалічнасці, ад якіх залежыць поспех чытацкага ўспрымання. Ад таго, наколькі глыбока настаўнік «уключыцца» ў мастацкую манеру аповеду пісьменніка, залежыць і пагружэнне ў вобразную сістэму твора вучня. Мадэлі эпітэтаў не могуць выступаць у «чыстым» выглядзе свайго тыпу, бо да іх могуць далучацца іншыя асацыятыўныя праламленні, звязаныя з іншымі відамі пераносу (увасабленне / празапапея, метафара, метанімія і інш.). Цікава, што вялікім трапеічным патэнцыялам у творчасці У Караткевіча валодаюць дзеяслоўныя формы, якія развіваюць атрыбутыўны (азначальны) характар.

Мадэль 1 (прэпазіцыя азначэння) часта будуецца празапапеічна: загарэлыя горы (Чаз, 296), ласкавы пыл (К-сы-1,127), змаршчкаватыя горы (К-сы-1, 225), дрымотная засень (К-сы-2, 286), глухія вартоўні, сляпыя вокны (Дзп, 250.-251), нясмелая маланка (Дзп, 252), раўнадушнае неба (Дзп, 384), мёртвая зорка (Дзп, 399), глухія і безнадзейныя пажары (Сів, 190), лянівыя дні (Сів, 188), лянівы Днепр (Сів, 138). У канструкцыі мадэлі 1 пераважаюць парныя эпітэты, якія афармляюцца пры дапамозе злучніка і і пунктуацыйна: мокры і салодкі вецер (К-сы-1, 323) і сыры, важкі вецер (К-сы-1, 240). Часта пісьменнік сінестэзуе азначэнне і азначальнае слова па тактыльна-смакавых якасцях: салодкі і магутны вецер (К-сы-1, 287), па смакавым успрыманні: Ад цеплыні і салодкіх сноў у яго дрыжалі бровы (Чаз, 298).

Уладзімір Караткевіч выкарыстоўвае кампаратыўныя эпітэты, падставай для вылучэння якіх служыць элемент складанага слова — падобны. Яны заўсёды адпавядаюць сінтаксічнай пабудове мадэлі 1: мокрыя сэрцападобныя лісты (Дзп, 344), у чашападобнай лагчынцы (К-сы-1, 129) і інш.

Менш частотная мадэль 2, тут эпітэт знаходзіцца ў постпазіцыі, ён даволі часта парцэлюецца, што актуалізуе сэнс мастацкага тэксту. У такіх выпадках утвараецца шэраг эпітэтаў, выражаных прыметнікамі: I радаваліся, што дзень прайшоў хораша, а заўтра зноў пройдзе добра. Сонечны, салёны, марскі (Чаз, 274); Прыцемак насоўваўся на сад. Мяккі, вільготны, майскі (К-сы-1, 323); Кот Варган. Дым. У кожную шчыліну пралезе. Мяккі такі, ласкавы (К-сы-2, 12). Эпітэт можа быць бінарным паводле афармлення семантычнага пераносу (афармляцца найвышэйшай ступенню прыметніка, складаным прыметнікам, суфіксам -іст-, ад’ектыўным параўнаннем, адносным прыметнікам у якасным значэнні): Раслі падушкі нейкіх дзіўных грыбоў. Пяшчотнейшыя, белыя і слаба-ружовыя, галіністыя, як каралы, і такія самыя ювелірныя на выгляд (Чаз, 323).

Постпазіцыйныя эпітэты, набываючы адценне прэдыкатыўных, мяняюць характар мастацкага малюнка. Такая пазіцыя эпітэта адразу прыцягвае да сябе ўвагу і нібы надае яму большую важкасць і значнасць. Справядлівай з гэтай нагоды гучыць заўвага Л. Турсунавай пра тое, што ў постпазіцыйных эпітэтах прымета надае прэдыкацыю прадмету, хоць ён і не ўваходзіць у асноўную прэдыкатыўную трупу. Гэта адносіцца да непарцэляваных форм, якія знаходзяцца ў прэпазіцыі і выконваюць у сказе функцыю азначэння: Дождж усё шамацеў над самай галавою, спорны, роўны (Уш, 19); I размова ў нас ішла нейкая сонная (ЧзА, 139); Яны ішлі да гэтых джунгляў праз паляны, на якіх сярод белага дня зіхацеў месячны бляск, блакітны, срэбны, таемны (Чаз, 313).

Постпазіцыйныя эпітэты могуць перадаваць асноўную прэдыкацыю прадмета, калі выступаюць у ролі іменнага выказніка: Шум гарадской плыні, упарты і неўблажымы (ЧзА, 21); Ты. яршысты і злы (Ід, 82).

Больш блізкія да парцэляцыі постпазіцыйныя эпітэты, у якіх факультатыўная функцыя выніку генералізуецца. Пунктуацыйна гэта выражаецца двукроп’ем: Напярэдадні падваліла мокрага сняжку, але за ноч падмарозіла, а раніцай нападаў другі снег: глыбокі, пульхны, сухі (К-сы-2, 267); Пад Хабараўскам, раніцай, горы нагадвалі букеты: залатыя, барвяныя, малахітавыя, жоўта-лімонныя, іржавыя (Чаз’, 327).

Постпазіцыю эпітэта У Караткевіч выкарыстоўвае ў эпізодах эмацыйна насычаных, дзе з дапамогай пазіцыі рэдуплікуецца пераноснае значэнне: Ах, як баліць цела! Яно зусім чужое: рукі і ногі свае і не свае, цяжкія як свінец і бязважкія, блізкія, восъ тут, і вельмі-вельмі далёкія (К-сы-1,118). Узмацненне экспрэсіі разгорнутага тропа надаецца таксама антанімічным суаднясеннем парных эпітэтаў, парцэляцыяй.

Складанай кампаноўкай валодаюць эпітэты мадэлі 3, у якой азначэнне прадмета знаходзіцца ў прэ- і постпазіцыі адначасова. У творах У Караткевіча такія канструкцыі сустракаюцца рэдка. Напрыклад: I сапраўды, мінула, можа, хвілін трыццаць, і наперадзе замігацеў цёплы жывы агеньчык, такі ружовы і прывабны сярод гэтай золкай і мокрай цемры (Дзп, 253). Аб’ёмныя па інфарматыўнасці эпітэты, што адносяцца да прыметніка: А неба па-вясеннему нясмела і пранізліва блакітнае (ЧзА, 17).

Як ужо адзначалася, эпітэт у складзе іменнага выказніка можа трансфармавацца ў метафару. У мадэлі 4, якая арганізуецца па схеме «звязка + прыметнік» такое пераўтварэнне магчыма ў выпадку выражэння састаўнога іменнага выказніка паўзнамянальнымі і знамянальнымі звязкамі; пры звязцы быць мадыфікацыя эпітэта ў метафару залежыць ад лексічнага складу эпітэта (былі бронзавымі — бранзавелі) і мае некаторыя абмежаванні: Праўда? — нават у паўцемры было відаць, якія прамяністыя сталі вочы (К-сы-2, 111) і Вочы яго былі ласкавыя і сумныя (К-сы-1, 289), Голас быў абыякава-іранічным (Чаз, 91). Такім чынам, метафарычнае значэнне дзеясловаў тыпу бранзавелі, залаціліся становіцца магчымым толькі ў межах мадэлі 4. Семантычна інтэрпрэтуюцца адносныя прыметнікі: Маўчанне было свінцовае (К-сы-1, 214); Рукі жанчыны, якія ён трымаў у сваіх, былі ад ягоных праменяў медныя (Чаз, 311). Адносны прыметнік можа ўключацца ў ад’ектыў, які складаецца з двух слоў, што ў суцэльнай кампаноўцы набываюць якаснае значэнне: I замак і краты былі крывава-чырвонымі ад іржы (ЧзА, 111). Выкарыстанне таўталагічнага эпітэта крывава-чырвонымі абумоўлена далейшай дэтэрмінацыяй прыметы ад іржы.

Мадэль 4 можа мець у сваім складзе характарыстычны элемент, выражаны прыслоўем: Усмешка была пa-дзіцячы хітраватая (ЧзА, 87) або разгалінаваны ланцужок эпітэтаў: Неабсяжная раўніна, роўная, як стол, была карычневага, нават бурага колеру, безнадзейна роўная, нудная, змрочная (Дзп, 251). Метафарызацыя адбываецца з прычыны моцнай кантэкстуальнай залежнасці эпітэта і аказіянальнасці ўжывання: Вусны ягоныя былі горкія (К-сы-1, 216).

Распаўсюджаны ў прозе У. Караткевіча эпітэт у форме складанага прыметніка (мадэль 5). Такія эпітэты, дэрывацыйным заключэннем якіх з’яўляецца мадэль марфалагічнага спосабу словаўтварэння, маюць поліфанічнае змястоўна вобразнае напаўненне, багатае з гледжання іх інфармацыйнасці: наіўна-сінія вочы (К- I сы-1,115), жоўчна-прыгожы твар (К-сы-1, 117). Асобна ўзятыя лексемы складанага прыметніка нясуць у сабе самастойную сэнсавую нагрузку і патэнцыйна вобразную, імпліцытную, не «выведзеную» на паверхню. Пераасэнсаванне счаплення дэнатат-рэферэнт кожнай намінацыі ў эпітэце мадэлі 5 дазваляе трансфармавацца асобным яго складнікам у суцэльную характарыстыку. Яны амаль заўсёды індывідуальна-аўтарскія, выконваюць у мове важныя эстэтычныя функцыі.

У залежнасці ад аднесенасці кампанентаў да пэўнага марфалагічнага разраду ва ўтварэнні прыметнікаў, якія ўзнікаюць на аснове злучэнняў, можна вылучыць наступныя разнавіднасці: 1) двух якасных прыметнікаў: пранізліва-чырвоны месяц (Сів, 159); слаба-аранжавая, шыза-блакітная вясёлка (К-сы-1, 142); пакорліва-мяккае супраціўленне (К-сы-2, 19) і інш.; 2) двух адносных у якасным значэнні: попельна-залацістыя валасы (Сів, 154); 3) адноснагаі (у якасным значэнні) і якаснага: хрустальнасіні сеет (К-сы-1, 348), аксамітна-сінія вочы (К-сы-1,240), аксамітна-цёмныя вочы (К-сы-2,Я 31), крывава-чорны змрок (К-сы-1, 164), крывава-чырвоная гліна (К-сы-2, 235), крывава-чырвоны плакат (ЧзА, 17), вугальна-чорныяй вароны (К-сы-1, 240-241) і інш.; 4) якаснага і адноснага (у якасным значэнні): цёмна-бронзавае аблічча (К-сы-1,119), жоўта-бурштынавыяй вочы (К-сы-1,119), зеленавата-васковыя яблы-U кі (Ід, 89).

Нярэдка ў сказе варыянты ўтварэння эпітэтаў перамяжоўваюцца, хоць характарызуецца адзін прадмет: Яны падымаліся да нагор’яў. Уначы тут, відаць, было халадней, і таму траплялася болей вінна-чырвонай, іржавай, палымянай, лілаватай і пяшчотна-залатой лістоты (Чаз, 313), а таксама пры парцэляцыі: Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы (ЧзА, 87).

У трапеічнай камплекцыі ў мове твораў У Караткевіча найбольш распаўсюджаны эпітэты 1 і 2-й разнавіднасцей, што адпавядае агульнаму працэсу словаўтварэння ў беларускай мове. В. Гняўко, даследуючы складаныя прыметнікі ў сучаснай беларускай мове, указвае на тое, што словаўтварэнні, якія ўзніклі і якія ўзнікаюць у беларускай літаратурнай мове шляхам сінтэзавання двух якасных або адноснага і якаснага прыметнікаў, вельмі прадуктыўныя ў мастацкай літаратуры. Яны валодаюць семантычнай ёмістасцю, значна большымі лексічнымі і граматычнымі магчымасцямі выражэння эмацыйнай ацэнкі якасці прадмета, чым звычайныя простыя прыметнікі.

Складаны ад’ектыўны эпітэт 2, 3 і 4-й разнавіднасцей можна назваць метафарычным, прычым частковая метафарызацыя назіраецца ў 3 і 4-й, тады як у 2-й дзякуючы пераносу значэння назіраецца поўная метафарызацыя.

Індывідуальна-аўтарскія эпітэты мадэлі 5, якія маюць у складзе семантычны параметр magn (які рэдуплікуе семантычны перанос), дыферэнцыруюцца па ступені спаянасці двух значэнняў, што наглядна дэманструецца супастаўленнем арфаграфічнага напісання. Парата.: Сінія дрэвы, сумёты, пранізліва-сінія іскры зор (К-сы-2, 19); I на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзінае чахавечае, што на ёй было (К-сы-2, 349); Ззяў над гарызонтам ледзяны, ярасна-блакітны Сірыус (К-сы-2,17).

Складаныя прыметнікі з семантычным параметрам magn разглядаюцца акадэмічнымі граматыкамі як падпарадкавальны падтып сувязі. Гэта структуры з апорным кампанентам — якасным прыметнікам і папярэдняй асновай адносвага прыметніка, якая ўносіць параўнальна-канкрэтнае значэнне (напрыклад, ‘снежна-белы’). Падпарадкавальная сувязь у складаных прыметніках абумоўліваецца ўдакладняльным, канкрэтызавальным значэннем (светла-, цёмна-, скрава-). Якасная характарыстыка пры гэтым рэдуплікуецца: Іржава-жоўты, вохрыста-аранжавы па баках і спіне, беласнежны на бруху магутны самец (Чаз, 301), бэзава-ліловымі палямі (ЧзА, 256), воцатна-кіслы твар (Дзп, 269), свінцова-цяжкія павекі (К-сы-1, 96).

Складаны прыметнік у якасці эпітэта можа субстантывавацца. Такія тропы заўсёды аказіянальныя: Іхнія абліччы рантам заліліся вінна- чырвоным (К-сы-2, 54). Тып субстантывацыі арганізуецца метанімічна, мае месца эліпсіс назоўніка. Асабліва эфектыўны гэты прыём у паказе адносін чалавека і прыроды: Дзеці пайшлі за імі, як ганаровая варта. Каля самых дальніх ліпавых замкавых абсадаў абкружылі маленькую постаць Сташкі. Стракатыя на стракатым поплаве. Сінявокія над сінявокім небам (ЧзА, 252). Метанімічныя эпітэты рэалізуюцца не толькі сінекдахічным пераносам, яны могуць будавацца па сумежнай сувязі паміж пэўнай парой года і дзеяннем, уласцівым гэтаму часу: касазвонны месяц цвету ліп (К-сы-1, 65). Эпітэт паданалізнай мадэлі можа будавацца на злучэнні дзвюх антанімічных пар у складаным прыметніку: Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, аўсе пяцьдзясят, такі карэктны (К-сы-1, 302); Вытрыманае, нібы ветліва-абыякавае да ўсяго, аблічча малодшага Раўбіча скамянела (К-сы-2, 16); I на тонкіх, заўсёды такіх прыемна-з’едлівых, лісіных вуснах была халодная, зларадна-здзеклівая, абыякава-вывучаючая ўсмешка (ЧзА, 224); Даніла слухаў іх і бурчаў у ласкава-з’едлівыя, залацістыя тады яшчэ вусы (К-сы-1, 7); Вясёлыя, маладыя, з цвёрдай надзеяй на шчасце, мудра-легкаважныя (Чаз, 307). У традыцыйнай стылістыцы эпітэты кшталту жывы труп называюць аксюмаранамі. Адметнай рысай эпітэта ў форме складанага прыметніка з’яўляецца тое, што проціпастаўленне ёсць у самім вобразным азначэнні. Аксюмаранамі могуць быць кантэкстуальна супрацьпастаўленыя эпітэты мадэлі 1: Жывая песня ў мёртвых снягах (К-сы-2, 149).

Семантычна насычаныя эпітэты, якія складаюцца з атрыбутыўных форм дзеяслова. Іх напоўненасць, інфарматыўнасць грунтуюцца на спецыфіцы дэрывацыі. Словаўтварэнне атрыбутыўных форм дзеяслова сінтэзавана адным- двума абазначэннямі: 1) дзеянне або стан як прымета другога дзеяння або стану, 2) дзеянне або стан як прымета асобы, прадмета, што адлюстроўваецца ў часе; рэалізуюцца прыметы: а) дзеяслова і прыслоўя, б) дзеяслова і прыметніка. Такая бінарнасць зместу не можа не адбіцца на сінтагматычным размяшчэнні дзеепрыслоўя і дзеепрыметніка ў ролі эпітэтаў. Пераноснае значэнне, створанае ў такім выпадку, раскрывае вобразную характарыстыку дзеяння, а яно ў спалучэнні з прыметай рэалізуецца як стрыжнёвая дамінанта пэўных абставін, сітуацый.

Эпітэты, якія ўключаюць у сябе дзеепрыслоўе, у прозе У. Караткевіча менш распаўсюджаны, чым эпітэты, выражаныя дзеепрыметнікам. Аднак выяўленчыя магчымасці першых вялікія. Як адзначаў Ю. Сарокін, умелае ўжыванне дзеепрыслоўяў дае магчымасць шматбакова і дэталёва апісаць працэс ва ўсёй яго складанасці, называючы разнастайныя дзеянні, яго складнікі і ўсталёўваючы характар узаемаадносін паміж дзеянням. Эпітэты праяўляюць максимальную залежнасць ад кантэксту, калі перадаюць стан чалавека: Алесь, аслупянеўшы, глядзеў на незнаемы твар, ружовы са сну (К-сы-2, 123).

Выразы, якія будуюцца па гэтай мадэлі, адносяцца да эпітэтаў таму, што ў іх на першы план выносіцца атрыбутыўная прымета (якая патэнцыйна ўтрымліваецца ў форме дзеепрыслоўя), што характарызуе дзеянне: I… запнуўся, бо проста перад ім цяжка зачыніліся масіўныя дзверы, адрэзаўшы ад святла, ад людзей, ад забытай недзе далёка танюткай сінявокай жанчыны… адрэзаўшы ад жыцця (Чаз, 309); Збіваючыся, захлынаючыся словамі, яна расказала аб іхняй размове… (К-сы-2, 109).

У беларускай мове ў функцыі азначэння дзеепрыслоўі абмежаваныя. Яны, як правіла, выконваюць функцыі недапасаванага азначэння пры аддзеяслоўных назоўніках (А. Наркевіч). У функцыі эпітэта падобных форм у прозе пісьменніка не выяўлена. У пераносным значэнні дзеепрыслоўе вобразна характарызуе дзеянне, тады як дзеепрыметнік — прадмет: Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх несамавітае цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур (К-сы-1, 261).

Больш распаўсюджаны ў прозе пісьменніка эпітэты, выражаныя ад’ектываваным дзеепрыметнікам і дзеепрыметнікавым зваротам. Поўны семантычны перанос уласцівы эпітэтам, дзе ад’ектыўны дзеепрыметнік семантычна інтэрпрэтаваны: Неадчэпныя думкі (ЧзА, 58); Незвычайныя былі толькі вочы. Чорныя, дрымучыя… (К-сы-1, 244); на прывялых вуснах (К-сы-1, 94); да равучай вады (Чаз, 256).

У эпітэтах назіраецца поўная і няпоўная трапеізацыя. Дзеепрыметнікавыя звароты, у якіх пераносам ахоплены ўсе яго элементы, трапеізуюцца цалкам: Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі (К-сы-1, 325); Саламяныя валасы, аблічча, прадубленае сонцам і ветрам да адцення цёмнага золата (ЧзА, 94); Размова была на вышэйшым узроўні, тая размова, вытанчаная і з соллю, у якой словы не азначаюць нічога і ўсё азначае падспуднае веданне намераў і сіл субяседніка (К-сы-2, 348). У іншых выпадках пераноснае значэнне эпітэта фарміруецца за кошт дзеепрыметніка або яго дэтэрмінантаў, у выніку чаго трапеічны эфект складаецца сінсемічна (злучэнне дзеепрыметніка з іменнай сінтаксемай грунтуецца на ўзаемным семантычным суаднясенні злучальных бакоў). Такія азначэнні трапеізуюць сваё значэнне ва ўнутранай арганізацыі “злева” або “справа”: Мільганулі званіцы касцёла, хаткі, рассыпаныя ў даліне (ЧзА, 255) або Іхняе полымя мігацела ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры… (К-сы-1, 98). Эпітэты, выражаныя дзеепрыметнікам прошлага часу закончанага трывання, абазначаюць актыўную прымету як вынік рэалізаванага, закончанага дзеяння: Ігумен выйшаў на мур і ўбачыў проста перад брамай расхрыстанага пана з ашклянелымі вачыма (К-сы-1, 163); ён вадзіў сашклянелымі вачыма (ЧзА, 250). Выражанае гэтымі дзеепрыметнікамі дзеянне-якасць мае яскравы адбітак выніковага значэння закончанага трывання. Прадуктыўна адлюстроўваецца стан постпазіцыйным размяшчэннем дзеепрыметніка: Яго вар’яцкія шэрыя вочы, пашыраныя, ашклянелыя, абводзілі людзей (К-сы-1, 214).

Даволі арыгінальнымі ў прозе У. Караткевіча з’яўляюцца эпітэты, выражаныя гібрыднымі дзеяслоўна-прыметнікавымі формамі: За вокнамі ляжала ўмытая цішыня (Чаз, 332); Севярын гукнуў на іх [птушак], толькі каб разбіць іхнюю цягучую, са злавесным адценнем, цішыню (Чаз, 288). Семантычная пераарыентацыя дзеепрыметнікаў вядзе да іх граматычнага пераўтварэння: актыўна ўключае іх у працэс ад’ектывацыі.

Разнастайныя мадэлі эпітэтаў у творах Уладзіміра Караткевіча паказваюць на выяўленчае багацце беларускай мовы, прымушаюць угледзецца ў нюансы мастацкага слова, адчуць яго дыханне, «гаваркую» моц і неабсяжныя магчымасці яго семантыкі і спалучальнасці.

Прынятыя скарачэнні


Дзп — Дзікае паляванне караля Стаха // Караткевіч УВ З вякоў мінулых. — Мінск, 1978; Ід — Ідылія ў духу Вато Караткевіч У. З вякоў мінулых. — Мінск, 1978; К-сы-1 — КараткевічУ Каласы пад сярпом тваім. — Мінск, 1968. — Кн. 1; К-сы-2 — Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. — Мінск 1981. — Кн. 2; Сів — Сівая легенда // Караткевіч У. З вякоў мінулых. — Мінск, 1978; Уш — У шалашы // Караткевіч У Блакіт і золата дня. — Мінск, кароль // Ка-Я раткевіч У З вякоў мінулых. — Мінск, 1978; Чаз – Чазенія // Караткевіч У. Выбр. творы: у 2 т. — Мінск, 1980; ЧзА — Караткевіч У Чорны замак Алыпанскі. — Мінск, 1983.

Віктар Іўчанкаў,

доктар філалагічных навук