Іўчанкаў, В. Фіналі – аль і –ар у медыйнай практыцы / Віктар Іўчанкаў // Роднае слова. – 2020. – № 9. – С. 25 – 27.

Фіналі –аль і — ар у медыйнай практыцы

У дзень роднай мовы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў гэтым годзе ладзілася сустрэча з вучнямі СШ № 40 г. Мінска. Ідэя яе правядзення нарадзілася незвычайна. Аднойчы прагучаў званок. Настаўніца беларускай мовы Наталля Аляксандраўна Марозава на ўроку праз гучную сувязь у смартфоне задала пытанне, чаму парушаецца напісанне ў (у нескладовага) у мастацкіх тэкстах. Давялося расказаць пра рытміка-інтанацыйную нагрузку, якая надае маўленню асаблівую меладычнасць і спеўнасць: Паміж пустак, балот беларускай зямлі, / На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, / Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, — / Удзірванелы курган векавечны. / Дуб галлё распусціў каранасты над ім, / Сухазелле у грудзі ўпілося… ( Янка Купала. «Курган»). Патлумачыў, што такі стылістычны прыём вымагае ад аўтара асаблівага моўнага густу, адчування фонікі верша, і адаслаў да с. 162 кнігі «Беларуская арфаграфія: апавяданні і гісторыі». Адчувалася шчырая зацікаўленасць на тым баку, таму ўзнікла прапанова. сустрэцца ў Дзень роднай мовы ў медыятэцы імя прафесара М. Я. Цікоцкага на Кальварыйскай. У прызначаны час у медыятэцы панавала вучнёўская дапытлівасць і інтэлектуальная напружанасць. Як сказала настаўніца, быў абвешчаны конкурс на ўдзел у сустрэчы. Далучыліся студэнты, выкладчыкі, гімназісты. Падчас  гутаркі прагучала пытанне, якое падалося даволі лёгкім: чаму аддадзена перавага толькі фіналям -аль і -ар у перадачы акання? Яно прымусіла звярнуцца да гісторыі…

         Сапраўды, канцавыя фарманты ў запазычаннях маюць розны фанетычны выгляд, напрыклад люэс (заразная хвароба, пранцы): У старажытнасці пранцы мелі іншую назву — люэс (httр:// рг-nоvіnоsti blogspot.соm/2016/10/ blog-post_59. html), сёэн (прыватнаўласніцкія феадальныя маёнткі ў Японіі ў УІІІ-ХVІ стст.), спірычуэл ‘жанр негрыцянскага музычнага фальклору’: Афрыканскі спірычуэлRіdе thе Сhаrіоt” (httр:// www.chorum..bsu.bу/bе1/-кареl.html) і інш. Больш звыклае — ордэн:… кулямётчык Шадзі Шаімаў... пасмяротна атрымаў ордэн Леніна і Залатую Зорку за подзвіг пры вызваленні раёна ў ліпені 44-га (Звязда. 15.05.20). Каб адказаць на пастаўленае пытанне, трэба звярнуць увагу на 1) частотнасць ужывання слоў, 2) паходжанне, 3) семантычную і стылістычную дыферэнцыяцыю, 4) арэал распаўсюджанасці, 5) націск і традыцыю вымаўлення.

Фіналі —ар і —аль лічацца прыметай германізмаў. Вядома, што праблемай запазычанняў з нямецкай мовы актыўна займаўся Я. Карскі. Ён, дарэчы, першым зрабіў пералік такіх слоў. Гэтае важнае лексічнае пытанне даследавалася А. Жураўскім, I. Чартко. У помніках старабеларускай пісьменнасці выяўлена болып за 200 германізмаў, на іх аснове ўтварылася шмат іншых слоў. З’явіліся працы А. Булыкі, А. Баханькова, М. Васілеўскага, В. Галай, I. Акулава, М. Прыгодзіча, Г. Бідэра, А. Станкевіч, А. Суп- рыновіч і інш.

Як сцвярджае В. Галай, асаблівую групу ў старабеларускай мове складалі назоўнікі з суфіксам -ар, які, паводле А. Мее, “быў запазычаны з латыні (-аrius) яшчэ ў агульнаславянскую эпоху і захаваўся ва ўсіх славянскіх мовах” [2, с. 142]. Такой думкі прытрымліваўся і Я. Карскі. Ён лічыў, што агульнаславянскі суфікс -аrio замяніўся на беларускай глебе на -ар, дзе па фанетычных прычынах адбылося зацвярдзенне [р]. Даследчыкі да гэтай групы адносяць на- звы асоб па іх дзейнасці: бляхар, бракар, брукар, гафтар, млынар, мынцар, крамар, кухар, пушкар, шынкар. “У помніках старабеларускай пісьменнасці сустракаюцца і такія назоўнікі з суфіксам —арь (асабовыя і неасабовыя), якія праніклі непасрэдна з нямецкай мовы, дзе яны ўжываліся з суфіксам -еr, або праз пасрэдніцтва польскай мовы: цытварь (польск. cytwar < нвн.1 Zitwer) [2, с. 143]. Сюды ж далучаюцца словы рымар (польск. rumarz < riemer), ліхтар ‘падсвечнік’ (ст.-польск. lichtarz < liuhtaere), зэгар ‘гадзіннік’ (польск. zegar < seiger), маляр ‘жывапісец’ (польск. malarz < Мaler), слесар (Schlosser), брайцар ‘кальцо, кручок ля пояса’ (польск. braicary < Вrater), стрыхар ‘цагельнік’ (польск. strycharz < Streicher), канвісар ‘ліцейшчык’ (польск. konwisarz < Кanngiezer), філяр ‘слуп, фундамент’ (польск.filar < РfеіІеr), друкар (польск. drukarz< Druckarz), вахляр ‘веер’ (ст,- польск. wachlarz <facher) і інш. «Запазычанні на -арь, — даводзіць В. Галай, — з’яўляюцца доказам таго, што даная словаўтваральная мадэль была прадуктыўнай і “ўцягвала ў сваё кола новыя словы…”». I. Акулаў лічыць, што “суфікс -иро- вать- сфарміраваўся ў рускай мове пад уплывам нямецкіх дзеясловаў на -іеrеn, які ў сваю чаргу выдзеліўся ў нямецкай мове з дзеясловаў французскай мовы на -еr: фр. rесеnser, declamer; ням. rezensieren, deklamieren; руск. рецензировать, декламировать…” [1, с. 111].

У кандыдацкай дысертацыі А. Супрыновіч сабраны найбольш поўны корпус беларуска- нямецкіх міжмоўных лексічных паралеляў усіх часцін мовы — знамянальных і службовых, які складае 5458 пар [4], што паказвае на высокую лексічную прымяняльнасць у маўленні беларусаў запазычанняў з нямецкай мовы. Яны маглі пранікаць у беларускую мову непасрэдна з нямецкай, а таксама праз польскую і рускую. Запазычанні тычыліся розных сфер — гандлёвай, побытавай, тэхнічнай, будаўнічай, ваеннай і марской, горнай, спорту, мастацтва, літаратуры і г. д. “Непасрэдная моўная кантактнасць беларускага народа з суседнім польскім народам — асноўны фактар для пранікнення большай часткі слоў нямецкага паходжання ў беларускія народныя гаворкі праз гаворкі польскай мовы асабліва ў другой палове XVI ст., калі Беларусь была ўключана ў склад Рэчы Паспалітай. Гэта- му этапу ў развіцці польска-беларускіх моўных кантактаў і храналагічна адпавядае пашырэнне слоў нямецкага паходжання ў беларускіх помніках пісьменнасці” [3, с. 150].

Кароткі агляд праблематыкі паказвае, што ў беларускай мове ступень арэальнай распаўсюджанасці германізмаў даволі высокая. Гэта датычыць старажытных рукапісаў, народных гаворак, мастацкай літаратуры, прэсы, навукі і тэхнікі. Адсюль і прынятая ў “Правілах” (2008) норма аб пераходзе ў ненаціскной пазіцыі фіналяў —эль і -эр у сучасныя —аль і —ар. 3 літарай э звязана шмат парадоксаў у славянскіх мовах. Пры абмеркаванні новага зводу правіл у 1990- 2000 іт. выказваліся думкі пра паслядоўнае вытрымліванне пераходу літары э ў ненаціскной пазіцыі большасці запазычаных слоў у а, што, зразумела, не магло знайсці ўхвалення ў распрацоўшчыкаў новай рэдакцыі. Асабліва запомнілася слова працэдура, якое пры пераходзе мусіла б стаць працадурай…

У падааналізнай пісьмовай сітуацыі шмат залежыць ад арфаэпічных правіл і традыцыі вы- маўлення. Што такое традыцыйнае вымаўленне? Гэта тое, што не заўсёды можа строга вызначацца сучаснымі законамі мовы і мае небяспе- ку трактавацца згодна з моўным- густам той ці іншай асобы або групы асоб. Традыцыя ў вымаўленні — звычка, навык маўленчай практыкі, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Калі ў словах славянскага паходжання гук [э] ў не- націскным становішчы пераходзіць у [а] і гэта адлюстроўваецца на пісьме (рэкі — рака), то запазычанні маюць асаблівасці вымаўлення і напісання (дэвіз, дэкрэт, сервіз, сэрвіс). Дапусцім. слова нэйзільбер (ад ням. Neusilber ‘новае срэбра’) – сплаў медзі з 5-35% нікелю і 13-45% цынку — у апошнім складзе вымаўлялася б з цвёрдым гукам [б]. Тады і павінен быў бы адбыцца пераход [э] ў [а].

Як паказвае медыйная практыка, правіла пераходу ненаціскных фіналяў -эль, -эр у запазычаных словах у —аль, -ар у цэлым вытрымліваецца, але ёсць і некарэктнае напісанне. Ілюстрацыяй такой сітуацыі можа быць ужыванне ў газеце “Звязда” слова бараль (ад англ. bаrrеl — літар. ‘бочка, адзінка ёмістасці і аб’ёму вадкіх і сыгікіх рэчываў’). Са 185 ужыванняў 88 не адпавядае сучасным арфаграфічным патрабаванням: Беларусь будзе купляць расійскую нафту па 4 долары за бараль (2.04.20); Кошт бараля Вrent на біржы ў Лондане падаў ніжэй за $ 50 (26.12.18 ); Кошт нафты Вrent упаў ніжэй за 56 долараў за бараль (19.12.18); Цана бараля нафты Вrent  перавысіла $ 59 (26.09.17); Цана бараля нафты маркі Вrent упала ніжэй за $ 49 (2.06.17) і Здзелка АПЭК, якая… дазваляла стабілізаваць цэны на нафту на ўзроўні 60 долараў за барэлг шляхам абмежавання здабычы... (26.05.20); …які кошт барэля можа быць камфортным (22.06.19); Цана  нафты маркі Вrent  апусціласе ніжэй за $ 65 за барэль (14.11.18); …а цана на нафту — 43 долары за барэль (20.12.17); Эксперты амерыканскага інвестыцыйнага банка Goldman Sachs  павысілі прагноз па сярэдняй цане нафтs маркі Вrеnt у 2016 годзе да 45 долараў за барэль 23.05.16)       ; …усталяваць мінімальны ўзровень цаны за барэль нафты ў памеры $ 70 (8.09.15); Кошт снежаньскага ф’ючарса нафты маркі Вrent  на інтэркантынентальнай біржы ў Лондане ўпаў у сераду на 0,99%, да 80,86 долара за барэль (12.11.14); Каціроўкі нафты WTI упалі ніжэй за $ 90 за барэль упершыню за 17 месяцаў (2.10.14). Нават за гэты год фіксуецца 13 выпадкаў некарэктнага напісання. Пра што гэта можа сведчыць? Пра тое, што англіцызм упарта “не паддаецца” правапіснай адаптацыі, бо, маўляў, гучыць нязвыкла. Так, гучанне слова – справазвычкі, якую памяняць бывае цяжка, але не абходна. I тады новы варыянт пры пашырэнні стане таксама звычайным…

Што датычыць выкарыстання паданалізнага слова лідар, пра што вялася гаворка ў папярэднім артыкуле, то трэба адзначыць “Настаўніцкую газету”. Выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь бездакорна выконвае патрабаванні закона аб правапісе: На правах лідара(30.05.20); Лідарства адкрытай навукі (19.05.20); Быць лідарам — ганарова і адказна (19.05.20); У лідары выйшлі тыя вучні, ад якіх чакалі годных вынікаў... (23.01.20); Прафесійнае лідарства: клнкурэнтная перавага і работа на імідж установы… (28.09.19); Быць лідарам на адукацый прасторы (14.05.19); Сяброўская размова двух лідараў(21.03.19); Маладыя лідары Міншчыны (5.01.19); Лідарства — шлях да поспеху (18.12.18); Лідары XXI стагоддзя (15.11.18); Утрымаць лідарства (20.10.18) і інш.

З ужытых 2097 выпадкаў толькі адзін матэрыял утрымлівае адхіленні ад арфаграфічнай нормы. Цікава, што ў загалоўку выкарыстана  правільная форма: Лідар — гэта стыль жыцця (15.04.16)       і ў самім матэрыяле слова лідар арфаграфічна карэктна ўжываецца ў 19 выпадках ,а вось у словах рэспандэнта зафіксавана 4 адхіленні ад нормы: Але ж і плюсаў у рабоце з лідэрам вялікае мноства…; Многа прыйшлося папрацаваць і пры падрыхтоўцы конкурсных заданняў: партфоліа піянера-лідэра “Ініцыірую”.. ; Яшчэ раз хочацца падкрэсліць: лідэрамі не нараджаюцца; I на сённяшні дзень падрыхтоўка лідэраў, арганізатараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў з’яўляецца першараднай задачай і перспектыўным напрамкам дзейнасці.

У «Мінскай праўдзе» фіксуюцца адзінкавыя выпадкі няправільнага ўжывання падааналізных лексем: Бясспрэчным лідэрам на жніве — 2019 прызнаны Нясвіжскі раён (31.12.19); Замест ордэраў на арышт Колас з Купалам 31 студзеня 1939 года атрымалі ордэны Леніна (4.04.19). На фоне карэктнага напісання гэта выглядае несістэмнай памылкай. Назіраецца нарастанне арфаграфічна правамернага выкарыстання за апошнія два гады: “Дзякуй за працу!” — напісаў лідар маладзёжнай арганізацыі (17.04.20); …гаворыць лідар жаночага руху на Міншчыне (6.03.20); I тут вельмі карысным стаў досвед аднаго з самых вядомых даследчыкаў беларускага фальклору, лідара этна-трыа “Троіца” Івана Кірчука (27.12.19); Ці вось надзвычай цікавы праект — “Малады лідар Міншчыны” (13.12.19); Не трэба змагацца за лідарства ў калектыве… (22.11.19); Узначальвае “Кулгрынду” Інія Трынку- нене — лідарка Літоўскай супольнасці балцкай веры “Рамува” (10.09.19) і інш.

Ужо гаварылася пра частотнасць слова. Менавіта гэтая прымета можа быць вынікам распаўсюджанасці з’явы ў пэўны час. Так, слова гастарбайтар у нашай маўленчай практыцы стала частотным з узнікненнем новых працоў- ных адносін, а менавіта наёмнай сілы (рабочы- імігрант): Гастарбайтар адправіўся да пенсіянеркі, якая раней працавала разам з яго маці (Звязда. 13.06.15). Цікава, што націск у гэтым слове падае на перадапошні склад, хоць у нямецкай мове ён прыпадае на другі — Gastarbeiter, што даслоўна значыць ‘госць-рабочы’.

Такім чынам, заўважаецца тэндэнцыя выкарыстання слоў з канцавымі фіналямі —аль і —ар у запазычаных словах у арфаграфічна карэктнай форме. Правапісная адаптацыя залежыць ад таго, наколькі часта слова ўжываецца, якая існуе традыцыя вымаўлення, дзе стаіць націск, які арэал распаўсюджанасці з’явы, што называецца такой лексемай. Медыйная практыка прымянення правапісных варыянтаў можа паслужыць удзячнай эмпірычнай базай для даследаванняў у галіне арфаграфіі ў яе дыяхронным і сінхронным аспектах.

Спіс літаратуры

1.  Акулаў, I. Узаемадзеянне моў і запазычанне / Акулаў // Германізмы ў беларускай мове / склад. А. А. Прыгодзіч, М. Р. Прыгодзіч, Г. Генчэль; пад рэд. М. Р. Прыгодзіча. — Мінск : БДУ, 2015. — С. 110-114.

2.  Галай, В. Нямецкія словы ў беларускіх народных гаворках (назвы прылад і прадметаў гаспадарчага ўжытку) / В. Галай // Германізмы ў беларускай мове / склад. А. А. Прыгодзіч, М. Р. Прыгодзіч, Г. Генчэль; пад рэд. М. Р. Прыгодзіча. — Мінск : БДУ, 2015. — С. 149-155.

3.  Галай, В. Словаўтваральная здольнасць германізмаў у старабеларускай мове / В. Галай // Германізмы ў беларускай мове / склад. А. А. Прыгодзіч, М. Р. Прыгодзіч, Г. Генчэль ; пад рэд. М. Р. Прыгодзіча. — Мінск : БДУ, 2015. — С. 142-148.

4.  Супринович, О. Е. Типологизация межьязыковых лексических параллелей (на материале белорусско- и немецкоязычных лексикографических источников): автореф. дисс. … канд. филол. наук : 10.02.20 / О. Е. Супринович ; БГУ — Ммнск, 2019. — 26 с.