130 гадоў з дня народзінаў Пятра Крачэўскага // Наша слова. — 2009. — 5 жніўня. — C. 1.

130 гадоў з дня народзінаў Пятра Крачэўскага

КРАЧЭЎСКІ Пётр ( Пятро ) Антонавіч (7 жніўня 1879, Кобрынскі павет- 8 сакавіка 1928, Прага) — беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч. Выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі. Перад 1-ай сусветнай вайной працаваў настаўнікам на Беласточчыне, у Ялоўцы.

Дэлегат Першага Усебеларускага з’езду, быў абраны сябрам яго выканкаму. Сябар Рады БНР. У снежні 1919 абраны Прэзідэнтам Рады БНР, што ў тых палітычных умовах прывяло да непазбежнай эміграцыі — спачатку ў Літву, а затым у Чэхаславаччыну. Выконваў абавязак Прэзідэнта да канца жыцця.

На эміграцыі ў Празе стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. З 26 верасня па 30 верасня 1921 склікаў Першую Нацыянальна-палітычную нараду беларускіх арганізацый з акупаванай Бацькаўшчыны і з-за мяжы, якая асудзіла польска-бальшавіцкую змову ў Рызе і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Крачэўскі дамогся ад ураду Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі архіў у Празе. У 1926 выдаў палітычна-навуковы альманах «Замежная Беларусь».

Крачэўскі супрацьстаяў бальшавіцкаму ціску, скіраванаму на ліквідацыю Ураду БНР. Прынцыпова не прызнаў легітымнасці БССР. Пяру Крачэўскага належаць паэтычныя і драматургічныя творы, але найперш ягоны талент гісторыка і літаратара выявіўся ў эсэ і артыкулах, прысвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны. У адным з іх — эсэ «Скарына і незалежнасць» — прэзідэнт БНР напісаў словы, актуальнасьць якіх непадуладная часу: «Без мовы няма нацыі, без культуры няма народу і не можа быць незалежнасці, сваёй уласнай дзяржавы».

Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.