18 студзеня — 65 гадоў з дня нараджэння Мікалая Уладзіміравіча Смяховіча // Краязнаўства Берасцейшчыны. – Рэжым доступу: http:// kb. brl.by/index.php/heritage/item. – Дата доступу: 5.09.2017.

18 студзеня — 65 гадоў з дня нараджэння МІКАЛАЯ УЛАДЗІМІРАВІЧА СМЯХОВІЧА (18 студзеня 1952 г., в. Дзівін Кобрынскі раён) — педагога, кандыдата гістарычных навук, дацэнта

Смяховіч Мікалай Уладзіміравіч — педагог, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык цэнтра гісторыі індустрыяльнага    грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Нарадзіўся 18 студзеня 1952 г. у в. Дзівін у вялікай сялянскай сям’і. У цяжкія пасляваенныя гады атрымаць добрую адукацыю было вельмі складана. I таму для вясковага хлопчыка, якога з дзяцінства вабілі кнігі, накіраванне ў 1959 годзе на вучобу ў Дзівінскую школу-інтэрнат было сапраўдным шчасцем. Да 9-га класа Мікалай ужо дакладна вызначыўся з будучай прафесіяй — ён марыў быць гісторыкам.

У 1970 годзе паступіў вучыцца ў Мінскі педагагічны інстытут. На жаданне М. Смяховіча стаць прафесійным гісторыкам-навукоўцам паўплывалі выкладчыкі Інстытута — доктар гістарычных навук Вера Гарамыкіна, якая кіравала яго курсавой работай па гісторыі старажытнага часу, і доктар гістарычных навук Аляксей П’янкоў, які выкладаў гісторыю СССР.

Атрымаўшы дыплом з адзнакай (1974), малады спецыяліст з 1974 па 1978 год працаваў у Пухавіцкім раёне дырэктарам Слабадской няпоўнай сярэдняй школы. Пасля заканчэння службы ў арміі з лістапада 1979 г. Мікалай Уладзіміравіч — настаўнік гісторыі 116-й сярэдняй школы г. Мінска.

У 1980 годзе М. Смяховіч выбраны адказным сакратаром Фрунзенскай раённай арганізацыі Дабраахвотнага таварыства аматараў кнігі БССР. На гэтай пасадзе шмат часу надаваў вывучэнню літаратуры, у першую чаргу гістарычнай.

У 1985 годзе перайшоў на працу ў Мінскі кааператыўны тэхнікум, дзе выкладаў грамадскія дысцыпліны.

3 1987 года М. Смяховіч працаваў на розных пасадах у БДПУ імя М. Танка.

У 1992 годзе Мікалай Уладзіміравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Работа дзяржаўных, палітычных і грамадскіх арганізацый Беларусі па жыццяўладкаванні і выхаванні дзяцей, якія засталіся без бацькоў (1943-1950 гг.)».

М. Смяховіч плённа спалучаў выкладчыцкую і навуковую дзейнасць і ў верасні 1997 года за шэраг навуковых прац па гісторыі Беларусі стаў лаўрэатам прэміі БДПУ імя М. Танка.

У 2002 годзе М. Смяховіч перайшоў на выкладчыцкую работу ў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва.

3 верасня 2005 года Мікалай Уладзіміравіч працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, дзе ўзначаліў аддзел гісторыі беларускай дзяржаўнасці, а ў 2006-м — цэнтр гісторыі індустрыяльнага грамадства. Як кіраўнік цэнтра, Мікалай Уладзіміравіч надае шмат увагі арганізацыі навуковых даследаванняў, гістарычнай распрацоўцы нацыянальна- дяржаўных канцэпцый асноўных этапаў развіцця беларускай дзяржаўнасці, эвалюцыі ідэі самавызначэння беларускага народа ў XIX ст. — пачатку XX ст., яе ўвасаблення ў жыццё на працягу XX ст.

Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі цікавымі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у рэспубліцы, так і па-за яе межамі. Ён з’яўляецца аўтарам больш як 100 навуковых публікацый, якія прысвечаны вывучэнню актуальных праблем айчыннай гісторыі і метадалогіі гісторыі, у тым ліку адна індывідуальная работа — «История и метод», якая пабачыла свет у 2004 годзе, і пяць калектыўных манаграфій. Адны з апошніх з іх: «Беларусь: Народ. Государство. Время» (Минск, 2009); «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII — пачатку XX ст.» (У 2 кн. Кн. 1) (Мінск, 2011).

Кандыдат гістарычных навук (1992 г.), дацэнт (1995 г.). Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна-палітычная гісторыя Беларусі канца XVIII ст. — пачатку XXI ст., тэарэтыка-метадалагічныя праблемы гістарычнага пазнання.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г. цэнтральнай раённай бібліятэкай

ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма».

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Смехович, Н. В. Исторические истоки, этапы становления и развития белорусской государственности (теоретико-методологическое эссе) / Н. В. Смехович // Российские и славянские исследования: науч. сб. / Белорус. гос. ун-т.; А. П. Сальков, О. А. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. — Минск, 2008. — Вып. 3. — С. 9-25.

Смяховіч, М. У. Нацыянальная ідэя беларусаў у XX стагоддзі : гістарычны аналіз праблемы / М. У. Смяховіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1998. — № 3. — С. 20-25.

Смяховіч, М. У. Узаемаадносіны самадзяржаўя з каталіцкай царквой на Беларусі / М. У. Смяховіч // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 1. — С. 45-50.

Смяховіч Мікалай Уладзіміравіч // Памяць : гісторыка- дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. — Мінск, 2002. — С. 441. — (Імі ганарацца землякі).

Даніловіч, В. З гісторыяй у працы і жыцці / Вячаслаў Даніловіч, Міхаіл Касцюк // Веды. — 2012. — 16 студзеня. — С. 7.

Сваё 60-годдзе адзначыў загадчык цэнтра гісторыі Інстытута гістарыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук М. У. Смяховіч, ураджэнец в. Дзівін.