2003 Чмарава, М. І. Дзе слава наша?..»

Чмарава, М. І. Дзе слава наша?..» / Марына Іванаўна Чмарава // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33-36.

Пра літаратурна-публіцыстычную дзейнасць Пятра Крачэўскага.

«ДЗЕ СЛАВА НАША?..»

ЛІТАРАТУРНА-ПУБЛІЦЫСТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

ПЯТРА КРАЧЭЎСКАГА

Міжваенная Чэхаславакія з’яуляецца цікавай старонкай самавыяўлення беларусаў у замежжы. Упершыню ў гісторыі беларуска-чэшскіх сувязяў наша культура прысутнічала ў Чэхаславакіі* досыць выразна і праз гэтую краіну распаўсюджвалася на ўвесь славянскі свет.

Прыкметнае месца ў выдавецка-публікацыйнай спадчыне беларусаў у братняй славянскай краіне займае кніга «Замежная Беларусь»: зборнік артыкулаў па гісторыі, культуры і эканоміцы, выдадзены беларускім культурна-асветным таварыствам імя Ф. Скарыны ў Празе ў 1926 г. Гэтае выданне, запланаванае як перыядычнае, мела ўсе характэрныя рысы часопіса культурна-палітычнага характару: разнастайная па тэматыцы публіцыстыка, артыкулы навукова-папулярнага характару, творы мастацкай літаратуры, палітычныя матэрыялы і дакументы, хроніка, аб’явы. У зборніку змяшчаліся матэрыялы і дакуметы беларускага нацыянальна-вызваденчага руху, ён быў і застаецца важным дакументам, у якім адлюстраваліся погляды аднаго з выдатных лідэраў беларускага адраджэння — Пятра Крачэўскага** (Крэчэўскага).

У пераломны момант беларускага адраджэнскага руху ён адчуў патрэбу выказацца пра набалелыя пытанні дзяржаўнага будаўніцтва. Яго артыкулы «Беларусь у мінулым і сучасным», «Гісторыя беларускай кнігі», «Скарына і незалежнасць» актуальныя і сёння, бо іх скразная думка акрэслена выразна і дакладна: лёс Радзімы павінны вырашаць самі беларусы. Галоўныя прынцыпы тагачаснай праграмы П. Крачэўскага, раскрытай ім у артыкулах, — актывізацыя сапраўднай культурнай працы, асвета і выхаванне нацыянальнай свядомасці праз шанаванне, удасканаленне і далейшае развіццё роднай мовы. Аналізуючы дасягненні беларусаў за апошні час, вядомы грамадскі і культурны дзеяч слушна заўважаў: «Як бы на будучыну ні злажыўся лес Беларусі, але культурныя заваёвы застануцца пры ёй неад’емна. Гэтыя заваёвы не ёсьць насьледкі кастрычніцкай рэвалюцыі, як гавораць бальшавікі, а ўпартая і цяжкая праца ўсяго беларускага народу». Адзначым, што леваарыентаваныя прадстаўнікі беларускага зямляцтва ў Празе сустрэлі з’яўленнс кнігі П. Крачэўскага іранічна. У зневажальна-абразлівай рэцэнзіі ён быў названы «100% незалежнікам», «новым наступнікам Скарыны». Кніга трактавалася як жаданне аўтара «ўвекавечыць сябе», «рэкламаваць добрую паперу». А між тым, у зборніку выказаны вельмі важныя думкі адносна месца Беларусі ў сям’і братніх славянскіх народаў. Аўтар асабліва заклікаў беларусаў цаніць сваю Бацькаўшчыну «не як частку Расеі, а як самастойную, раўнапраўную адзінку ў сям ’і славянскіх народаў і дзяржаў» (16).

Звяртае на сябе ўвагу падпісаны ініцыяламі Я. Г. артыкул «Узаемаадносіны Беларуска-Літоўскага княства з Чэхіяй 500 гадоў таму». Расшыфраваць крыптанімы дагэтуль не ўдалося. Не выключана, што аўтарства належыць самому П. Крачэўскаму. У артыкуле даследуюцца цікавыя старонкі беларуска-чэшскіх літаратурных стасупкаў XV — пачатку XVI ст. Вяртаючыся ў пачатак XX ст., аўтар гаварыў пра неабходнасць міжнародных сувязяў, падкрэсліваў, што беларуская дзяржава не можа «зачыніцца ў самой сабе, <…> яна патрабуе як свайго вызначэньня з боку іншых дзяржаў, так і раўнапраўнага адношаныя да другіх нацыянальнасьцяў у сябе ўнутры» (28). Разважаючы над паняццямі «шавінізм» і «нацыяналізм», П. Крачэўскі пісаў: «Шавінізм нацыянальны, вялікадзяржаўны, эканамічны, нават класавы жорстка караецца гісторыяй, перарабляючы народную ўладу ў алігархію <,..>.Чым шавіністычней нацыя, тым мепш яна нацыянальна і чым інтэрнацыянальней, тым больш нацыянальна» (29). Не выпадкова ў кнізе змешчаны ў перакладзе П. Крачэўскага адразу тры гімны: агульнаславянскі, а таксама чэшскага і славацкага народаў, якія здабылі свабоду і незалежнасць.

Зборнік «Замежная Беларусь» з’явіўся ў час падзелу эміграцыі на «непрымірэнцаў з бальшавіцкай уладай і зваротнікаў» (143). Галоўнае ў ім — роздум-папярэджанне, шчыры клопат пра лёс Бацькаўшчыны, пра яе месца ў агульнаеўрапейскім доме. ГІубліцыстычныя творы П. Крачэўскага вызначаюцца разважлівасцю і пераканальнасцю. У іх прысутнічаюць экспрэсіўны і дыдактычны моманты, а таксама іронія, якая датычылася своеасаблівага спосабу крытыкі бальшавіцкай прапаганды і якую асабліва балюча ўспрымала леваарыентаваная частка беларускага зямляцтва ў Празе.

Гэтае выданне ўяўляе цікавасць яшчэ і таму, што ў ім змешчаны практычна невядомыя літаратурныя творы самога П. Крачэўскага, якія па-свойму вызначаюць ідэйны змест кнігі, даюць падставы гаварыць пра мастацкі аспект дзейнасці лідэра БНР. Яго літаратурная творчасць пражскага перыяду — гэта не сацыяльна-палітычная праграма ў вершаванай форме. У мастацкіх творах П. Крачэўскі паўстае як тонкая паэтычная натура, якую хвалявала шматстайнасць быцця. Верш «Беларускаму народу», якім пачынаецца зборнік, напісаны ў тыповым адраджэнскім духу. Паэт заклікаў беларускі народ да новага, вольнага і годнага жыцця: «Дзе слава наша, слаўны род / Славян з прадвеку жыўшых вольна, / Выходзь — жа, беларус — народ, / Са братняй крыўды бэзпатольнай» (6).

Ідэя і мастацкія асаблівасці твора Пятра Крачэўскага нагадваюць шматлікія вершы Янкі Купалы, але ў ім ёсць адметная сімволіка: беларускі адраджэнскі рух параўноўваецца з паводкай, з імклівымі рэкамі, плынь якіх не стрымаць.

Пры характэрных эмігранцкіх настроях («Таемная смага») у вершах П. Крачэўскага адлюстраваныя грамадзянская пазіцыя аўтара, непазбыўнае жаданне служыць народу і пакінуць штосьці вартаснае пасля смерці («Кніга», «Рэха»). Праз увесь зборнік скразной лініяй праходзіць матыў здрады.

Тэма верша «Мурашнік» — адлюстраванне паводзінаў мурашак у час пажару, калі яны, ахвяруючы сабой, гасяць агонь, ратуюць сваіх дзяцей і дом. Праз асацыяцыйную паралель паміж мурашнікам і чалавечым грамадствам П. Крачэўскі прыходзіць да сумнай высновы: «Паміж людзьмі мы бачым штось другое… /Для Бацькаўшчыны працаваць ім стыд, / Ім дзесьці свеціць шчасьце міравое, / А родны край ніхай гарыць…» ( 116).

Адчуваецца, што ў гэты перыяд П. Крачэўскі вельмі балюча перажываў адыход мнбгіх сваіх паплечнікаў ад ранейшых пазіцый, лічыў гэта здрадай, адступніцтвам, але ў вершы ён гаварыў пра тое, што цяжкі шлях за вызваленне Беларусі патрабуе цярплівасці і ахвярнасці. Пачуццё расчаравання, разгубленасці і бяссілля беларускага эміграцыйнага ўрада выказана ў перакладзеных Пятром Крачэўскім вершах Івана Франко. Шматлікія рытарычныя пытанні верша ўкраінскага паэта перакладчык, відавочна, успрымаў як сугучныя з сваім настроем і перажываннямі: «Чаму адступнікаў у нас так многа? — / Чамуж-та іх адступства не страшыць, / Чаму іх родны сьцяг не цягне да сваёга, / Чаму наўласнай глебе працаваць ім стыд, /Але не стыд — у наймітах, ў чужога!» (117).

Матыў здрады, адступніцтва і Божага пакарання асабліва выразна гучыць у гістарычнай драме «Здрада», прысвечанай падзеям канца XV — пачатку XVI ст. Драма П. Крачэўскага з’яўляецца інсцэніроўкай паэмы Кандрата Рылеева «Глінскі». Вобраз галоўнага героя, князя Міхала Глінскага, трагічныя перыпетыі яго лёсу праз здраду роднай зямлі асабліва актуалі — заваліся для П. Крачэўскага ў сярэдзіне 1920-х гг. (хоць твор быў напісаны яшчэ ў Коўне ў 1922 г.).

Невялічкая драматургічная інсцэніроўка — гэта расповед пра трагічную гісторыю роднага краю, а лёс князя Глінскага — суцэльны напамін пра тое, што за здраду радзіме чалавека чакае Божае пакаранне: «Хай бачаць на мне ўсе браты дарагія, / Што рана ці позна, а здрада нясець / Страшэнныя сэрцу праклёны ліхія … / І сэрца сумленьне грызець…» (130).

Невялічкі верш П. Крачэўскага «Творчасць» знаходзіцца па-за галоўным ідэйна-тэматычным кірункам твораў зборніка «Замежная Беларусь», аднак ён яскрава характарызуе літаратурна-эстэтычныя погляды паэта, якія грунтаваліся на прынцыпе свабоднай выявы духу, на разуменні творчасці як Божага дару. Рамкі формы, паводле П. Крачэўскага, абмяжоўваюць творцу: «Дзе мерка, творчасць там маўчыць» (139).

Зборнік «Замежная Беларусь» — своеасаблівы адказ леваарыентаванаму беларускаму зямляцтву ў Празе. На наш погляд, ён стаў пэўным прароцтвам для ўсёй адраджэнскай справы. У ім упершыню на эміграцыі прагучала сатыра на грамадска-палітычны лад Савецкай Беларусі, а таксама на творчасць некаторых маладнякоўцаў. Пад псеўданімам Заноза (які таксама мог належаць П. Крачэўскаму) у зборніку змешчаны два фельетоны. Першы з іх — на газету «Савецкая Беларусь» за 10 лістапада 1923 г. Аўтар высмейваў новыя парадкі, «стыль» кіраўніцтва і эканамічнага гаспадарання ў Беларусі. У гісторыі айчыннай літаратуры 1920-х гг. гэта бадай першы сатырычны фельетон, які выкрываў рэальную палітыку бальшавікоў на ўсіх франтах — ад метадаў гаспадарання да выдавецкай справы. У творы гучала вострая крытыка на савецкіх кіраўнікоў, якія, на думку аўтара, прадавалі сялян Маскве за «поліўку з сачыўкі». Аўтар выступаў за роўныя правы працоўных і сялян, за іх рэальны саюз. Эканамічныя і палітычныя праблемы Савецкай Беларусі ўвязваліся з літаратурнымі пытаннямі. Ужо ў артыкуле «Гісторыя беларускай кнігі» прагучала крытыка П. Крачэўскага на афіцыйную беларускую літаратуру, у якой аўтар бачыў перавагу вершаў, што ўсхвалялі Кастрычніцкую рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. У фельетоне крытыкавалася таксама паэма Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы», якой у Савецкай Беларусі надавалі асаблівае значэнне. Аўтару здавалася дзіўным, што паэт — сын сялянскай Беларусі — пакінуў па-за ўвагай лёс селяніна: «Эх, на вогнішчы «босые», / Хто скажыце вы такіе — / Но, напэўна не сяляне, /А Маскоўцы – гараджане» (149).

Больш надзённым, на думку П. Крачэўскага (і гэта ён раіў М.Чароту), быў бы твор пра тое, як камуністы знішчаюць сялянства, даводзяць вёску да жахлівага стану: «Вось дзе вогнішча ўсіх босых, /А не ў пітэрскіх матросаў. / Ні пры чым мы тут — так знайця, / Нас з тэй хеўрай не раўняйця- / Нас — дзяцей палёў, балот, -/ З імі хай ідзе Чарот» (149) .

У канцы твора аўтар выказваў перакананасць у тым, што толькі самі беларусы могуць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, распараджацца ўласным лёсам.

У наступным фельетоне «Плач паэта» з газеты «Савецкая Беларусь» (7.11.1925) на апавяданне Я. Коласа «Трыумф» аўтар выказаў падтрымку песняру ў яго крытыцы аматараў вычварных вобразаў і штучна прыдуманых слоў, прыхільнікаў некаторай часткі маладнякоўцаў «пабразгаць» словам над вухам. У творы прагучалі ўдзячныя словы беларускаму паэту: «Плач паэт, барані / Родную краіну, / Сваёй музай кляймі / Гэту блутаніну. / Хоць і скованы язык — / Бачым між радкамі — / Тую праўду, што прывык / Ты казаць між намі. / Ланцугоў для нас німа — / Волатаў для слова — / Хай ня цешацца дарма… / Нам цярпець ня нова!» (151).

Вядома, што Якуб Колас не быў абыякавым да творчасці пачаткоўцаў, а маладнякоўцы крыўдзіліся на яго, не разумеючы, што бацькоўскае падсмейванне над «бурапенаю» ён лічыў найлепшымі лекамі для маладых ад лявацкіх заскокаў. Так і П. Крачэўскі ў Празе па-бацькоўску клапаціўся пра моладзь. Часам лідэр урада БНР правакаваў пэўную частку беларускай моладзі ў Празе, бо, «гаворачы нават аб Дуніну-Марцінкевічу ці Скарыне, не мог абысціся без таго, каб не брыкнуць на Савецкую Беларусь і заўсёды міла абыходзячы маўчаннем долю Заходняй Беларусі» (32). Аднак крытыка Пятра Антонавіча несла нямала праўды: беларускае студэнцтва ў Празе некрытычна ставілася да ідэі рэвалюцыйнага сацыялізму, і такая тэндэнцыя дала негатыўныя вынікі. Верш «Мана» П. Крачэўскага са зборніка «Замежная Беларусь» — усё тая ж перасцярога наконт блуканняў па жыццёвых сцежках, заклік да камуністаў спусціцца ўніз і паглядзець, што адбываецца на самай справе: «З гары уніз і знізу ўверх / Абман так і крадзецца, / Ў камуне грэх, у правы сьмех, / А людзям дастаецца» (152).

У фармальна-стылёвым і ідэйным аспектах фельетонаў Занозы відавочны працяг мрыеўскай сатырычнай традыцыі, якая выявілася і ў эмігранцкай літаратуры 1940 — 1950-х гг. (на што якраз звяртае ўвагу Алесь Пашкевіч), — «тая ж барочнасць» — кампілятыўнасць стылю, абыгрыванне газетных штампаў і моўных клішэ, увага да афарызмаў і прымавак, мастацкая крытыка існуючай дзяржаўнай сістэмы»4, падабенства метадаў «сатырычнага» або «фантасмагарычнага» рэалізму канца 20-х гг.5, што дазваляла пісьменнікам рознабакова і каларытна перадаваць абсурднасць савецкай рэчаіснасці. Шматстайны і лексічны пласт фельетонаў Занозы: ад народна-дыялектычных узораў да свядомай пародыі афіцыёзнай мовы газет і «аратарскіх» выступленняў.

Вершы зборніка «Замежная Беларусь» значна адрозніваліся ад твораў леваарыентаваных часопісаў беларускай моладзі ў Празе роздумным, элегічна-настальгічным, часта з адценнем фатальнасці, настроем, што стала своеасаблівым мастацкім выяўленнем складанай і супярэчлівай грамадска-палітычнай сітуацыі 1920-х гг. Унікальнасць зборніка ў тым, што ў ім захаваныя ўзоры публіцыстыкі, творы мастацкай літаратуры таленавітых і па-грамадзянску актыўных апазіцыйных аўтараў, якія пратэставалі супраць таталітарызму і бесчалавечнасці. Разам з тым гэтае выданне яскрава характарызуе культурна-асветную работу беларусаў у міжваеннай Чэхаславакіі, якую рэальна маглі здзяйсняць каля дзесятка чалавек (пры ўліку абедзвюх палітычных арыентацый). Тым не менш, зборнік «Замежная Беларусь» пры спрыяльнай перспектыве яго далейшых выданняў мог бы стаць яшчэ адным досыць важным друкаваным органам, вакол якога ядналася б таленавітая беларуская моладзь. На жаль, пасля смерці П. Крачэўскага, які быў асноўным ініцыятарам і аўтарам зборніка, далейшыя нумары выдання не пабачылі свет. Беларускі культурна-асветны рух у Чэхаславакіі страціў не толькі аднаго з актыўных лідэраў, але і яшчэ адну магчымасць мець уласны друкаваны орган.

1 Замежная Беларусь: Зборнік артыкулаў па гісторыі, культуры і эканоміцы / Пад рэд. П. Крачэўскага. Прага, 1926. С. 114. Далей цытаты падаюцца па гэтым выданні з пазначэннем старонкі ў дужках.

2 Часопіс «Прамень». Прага. 1926. № 1. С. 70.

3 Тамсама.

4 Пашкевіч А. «Узвышша» і беларуская эмігранцкая літаратура / Да 100-годдзя Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі, Кузьмы Чорнага: Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск, 2000. С. 290.

5 Тамсама.

Марына ЧМАРАВА

Пятро КРАЧЭЎСКІ

КНІГА

Прыемна над кнігай схіліцца

Ў кнігарні, ў музэі і знаць,

Што гэты прыяцель — забыцца –

Вам можэ адзін толькі даць.

Магчымасьць у кожну хвіліну

Не так, як вядзецца ў людзей –

У кнізе павага ёсьць чыну,

Не рве яна сэрца з грудзей…

Тут дзеі мінулага ходзяць,

Я бачу ў іх продкаў сваіх,

Яны у жыцьцё мяне ўводзяць,

Бароняць ад поступаў злых.

Даюць мне напрамак і сілу

Змагацца за праўду, народ,

Каб мы адыйшоўшы ў магілу

Таксама маглі даць прыплод*.

БЕЛАРУСКАМУ НАРОДУ

Дзе слава наша, слаўны род

Славян з прадвеку жыўшых вольна,

Выходзь-жа, беларус — народ,

Са братняй крыўды бэзпатольнай.

Выходзь на сьвет з багна-балот,

Як тыя рэчкі, што нясуцца

З зямлі тваей на поўдзень, ўсход –

Выходзь, выходзь!..

Пад сьмех братоў сваіх славян

I помсты ворагаў бязмерных

Дружынай сьмелаю селян

Выходзь на змогу сілай вернай!

Німа той сілы, перашкод:

Паводка ўстрыму не баіцца,

Ўпярод-жа, беларус-народ,

Выходзь, выходзь!

З пад чорных, курных хат

На волю, на прастор,

Усім на перакор,

Выходзь, мой родны брат!

Твой край із края ў край –

Дыван квяток і рэк шумлівых,

Непераходных пушч, ~ цудоўны гай,

Зуброў прытулак, сэрн пужлівых,

I толькі ты адзін –

Патолі, працы сын ~

Не гаспадар ~ батрак.

Не — не!.. не будзе так!

Выходзь жа з чорных хат

На волю, на прастор,

Усім на перакор,

Мой беларускі брат!

ТВОРЧАСЬЦЬ

Хто творыць, меж не знае…

Ці ж можна вольны дух загнаць

У рамкі формы, як схаластыка гукае –

Над рыфмай нельга працаваць.

Яна, як дар, прыходзіць з неба,

Прад ею ўсё ў той час маўчыць…

Незнаўцы кажуць — мерка трэба ~

Дзе мерка, творчасьць там маўчыць.

МУРАШНІК

У мурашнік кінуў я кусок цыгаркі,

Яна курэла дымам і агнём…

Зрабіў я гэта можа па дзікарскі,

Але хацелась бачыць, здарыцца што ў ём…

З усіх бакоў, і з кожнае шчэліны

Мурашкі кідалісь ў агонь,

Жыцьцё губілі для дзяцей, радзіны ~

I клалісь на цыгарку як далонь.

I сумна і прыемна мне тут стала:

Я шкадаваў мурашак. як людзей –

Стварэньне гэтае сябе абараняла

І гінула за свой мурашнік і дзяцей.

Паміж людзьмі мы бачым штось другое

Для Бацькаўшчыны працаваць ім стыд,

Ім дзесьці сьвеціць шчасьце міравое,

А родны край ніхай гарыць!..

ТАЕМНАЯ СМАГА

Дўшна мне. Сэрца калоціць.

У грудзі, як ў браму ў начы,

Той што лісты, тзлеграмы разносіць,

Спаць не дае, хоць крычы…

Душу мне страх агартае,

Стыгне у жылах і кроў…

Сэрца нічога не знае –

Цягнецца толькі дамоў.

* У вершах цалкам захаваныя аўтарскі стыль і правапіс. — Заўвага рэд.

* З 1993 г. краіна падзелена на дзве незалежныя дзяржавы — Чэхію і Славакію. — Заўвага рэд.

** Пётр Крачэўскі (1879-1928) нарадзіўся ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні. У 1902 г. закончыў Віленскую духоўную семінарыю. Настаўнічаў. У 1909-1914 г. працаваў у Віленскім дзяржбанку. З 1914 г. служыў у войску. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. быў старшынёй Барысаўскага Савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Прымаў удзел ва Усебсларускім з’ездзе 1917 г. У 1918 г працаваў у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, у’значальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. Быў адным з лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. 13 снежпя 1919 г. — старшынёй Рады БНР. З 1920 г. жыў у эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. Аўтар вершаванай драмы «Рагнсда» (1921). Пахаваны ў Празе. — Заўвага рэд.