65 гадоў з дня нараджэння М. У. Смяховіча // Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2017 год / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, камп’ютарны дызайн вокладкі П. С. Грыневіч. – Кобрын, 2017. – С. 46-47 : фота.

65 гадоў з дня нараджэння М. У. Смяховіча

Смяховіч Мікалай Уладзіміравіч – педагог, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Нарадзіўся 18 студзеня 1952 г. у в. Дзівін у вялікай сялянскай сям’і. У цяжкія пасляваенныя гады атрымаць добрую адукацыю было вельмі складана. I таму для вясковага хлопчыка, якога з дзяцінства вабілі кнігі, накіраванне ў 1959 годзе на вучобу ў Дзівінскую школу-інтэрнат было сапраўдным шчасцем. Да 9-га класа Мікалай ужо дакладна вызначыўся з будучай прафесіяй — ён марыў быць гісторыкам. У 1970 годзе паступіў вучыцца ў Мінскі педагагічны інстытут. Атрымаўшы дыплом з адзнакай (1974), малады спецыяліст з 1974 па 1978 год працаваў у Пухавіцкім раёне дырэктарам Слабадской няпоўнай сярэдняй школы. Пасля заканчэння службы ў арміі з лістапада 1979 г. Мікалай Уладзіміравіч быў настаўнікам гісторыі 116-й сярэдняй школы г. Мінска. У 1980 годзе выбраны адказным сакратаром Фрунзенскай раеннай арганізацыі Дабраахвотнага таварыства аматараў кнігі БССР. На гэтай пасадзе шмат часу надаваў вывучэнню літаратуры, у першую чаргу гістарычнай. У 1985 годзе перайшоў на працу ў Мінскі кааператыўны тэхнікум, дзе выкладаў грамадскія дысцыпліны. 3 1987 года М. Смяховіч працаваў на розных пасадах у БДПУ імя М. Танка. У 1992 годзе Мікалай Уладзіміравіч абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Работа дзяржаўных, палітычных і грамадскіх арганізацый Беларусі па жыццяўладкаванні і выхаванні дзяцей, якія засталіся без бацькоў (1943-1950 гг.)». М. Смяховіч плённа спалучаў выкладчыцкую і навуковую дзейнасць і ў верасні 1997 года за шэраг навуковых прац па гісторыі Беларусі стаў лаўрэатам прэміі БДПУ імя М. Танка. У 2002 годзе М. Смяховіч перайшоў на выкладчыцкую работу ў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. 3 верасня 2005 года Мікалай Уладзіміравіч працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, дзе ўзначаліў аддзел гісторыі беларускай дзяржаўнасці, а ў 2006-м — цэнтр гісторыі індустрыяльнага грамадства.

Кандыдат гістарычных навук (1992 г.), дацэнт (1995 г.). Аўтар больш 100 навуковых прац, у тым ліку 6 манаграфій (5 у сааўтарстве). Сфера навуковых інтарэсаў: гісторыя беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна-палітычная гісторыя Беларусі канца XVIII — пачатку XXI ст.ст., тэарэтыка-метадалагічныя праблемы гістарычнага пазнання.

Смехович, Н. В. Исторические истоки, этапы становления и развития белорусской государственности (теоретико-методологическое эссе) / Н. В. Смехович // Российские и славянские исследования: науч. сб. / Белорус. гос. ун–т.; А. П. Сальков, О. А. Яновский (отв. редакторы) [и др.]. – Минск, 2008. – Вып. 3. – С. 9-25.

Смяховіч, М. У. Нацыянальная ідэя беларусаў у XX стагоддзі : гістарычны аналіз праблемы / М. У. Смяховіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 1998. — № 3. – С. 20-25.

Смяховіч, М. У. Узаемаадносіны самадзяржаўя з каталіцкай царквой на Беларусі / М. У. Смяховіч // Беларускі гістарычны часопіс. – 1995. — № 1. – С. 45-50.

Смяховіч Мікалай Уладзіміравіч // Памяць : гісторыка-дакумен-тальная хроніка Кобрынскага раёна. – Мінск, 2002. — С. 441. – (Імі ганарацца землякі).