Iўчанкаў, В. I. Літара я ў медыятэкстах газеты «Звязда»: выпрабаванне правапіснай практыкай // Роднае слова. — 2020. — № 12. — C. 28-31.

Літара я ў медыятэкстах газеты «Звязда»: выпрабаванне правапіснай практыкай

У жыцці бывае шмат недарэчных сітуацый, звязаных з правапісам. Яны маюць экстралінгвістычны грунт. Неяк давялося пачуць папрок — пагрозу. Маўляў, нарабілі са сваёй рэформай арфаграфіі — цяпер давядзецца ўсе «пяцідзясяткі» выкідваць. А гэта ўжо — самі разумееце… Столькі сродкаў выдаткавана! Стала брыдка і смешна адначасова. Як далёка маглі б пайсці падобныя папрокі, ведае гісторыя… Гаворка ішла пра банкноты ўзору 2009 г. Нягледзячы на тое, што Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў прыняты ў 2008 г., дзейнічаць ён пачаў з 1 верасня 2010 г. Трэба ўзяць пад увагу і той факт, што быў абвешчаны пераходны перыяд канчатковага ўвядзення новай рэдакцыі — 2013 год. 50-рублёвая банкнота была выраблена ў 2009 г., на ёй было напісана «пяцьдзесят». З 23 сакавіка 2020 г. у зварот уведзена мадэрнізаваная купюра з правільным напісаннем лічэбніка.