Алон Гедалія

Біяграфічны нарыс

АЛОН Гдалія (народжаны Рагазніцкі) (1901-1950) — ізраільскі гісторык, даследнік Талмуда і гісторыі эпохі Другога Храма. У ліку самых першых студэнтаў, якія запісаліся на факультэт габрэйскіх даследаванняў у Габрэйскім універсітэце, адкрытым у Іерусаліме на гары Скопус у 1925 годзе, быў малады чалавек, які стаў пасля вельмі вядомым пад імем Гдалія (Гедалія) Алон.

Гдалія нарадзіўся ў 1901 годзе ў Кобрыне ў сям’і равіна Нахмана Рагазніцкага і насіў першапачаткова прозвішча Рагазніцкі. Вучыўся ў некалькіх іешывах, у тым ліку (з 1913) у вядомай Слабодскай іешыве.

Пасля Першай сусветнай вайны знаёмства з сучаснай габрэйскай навуковай думкай XIX стагоддзя прывяло Г. Алона на шлях самастойных гістарычных даследаванняў, якімі ён займаўся, выкарыстоўваючы любую магчымасць. У 1917 годзе вярнуўся ў Кобрын. Пасля апублікавання Дэкларацыі Бальфура (1917) заняўся сіянісцкай дзейнасцю, заснаваў у сваім горадзе школу нацыянальна-рэлігійнага тыпу пад назвай «Хеўрон» з выкладаннем на іўрыце.

У 1922 годзе Гедалія Алон закончыў сярэднюю школу на ідышы ў Вене. У 1924 годзе ён адправіўся ў Берлін, дзе на працягу года наведваў равінскую семінарыю Хільдэсхеймера, адначасова слухаючы курсы ў Берлінскім універсітэце.

Калі ж Алон даведаўся, што навука, вывучэнню якой ён аддаваўся, з гэтага часу даступная для габрэяў на гары Скопус, то, не губляючы часу, адправіўся ў Эрэц-Ісраэль. У 1926 годзе пасяліўся ў Іерусаліме і быў у ліку першых выпускнікоў Габрэйскага ўніверсітэта (1931). Тут Алон цалкам пагрузіўся і ў даследаванні Талмуда, і ў класічную гісторыю, стаўшы, па выразе аднаго з яго настаўнікаў, «гісторыкам да кончыкаў пазногцяў».

Служыў Г. Алон у Хагане, у 1936 годзе быў камандзірам роты. Падчас вайны за незалежнасць удзельнічаў у баях за Іерусалім. У Іерусаліме Алон пражыў у амаль спартанскай суровасці. Пакінутыя яму дзесяцігоддзі жыцця цалкам прысвяціў навуцы.

Ён выкладаў Талмуд і габрэйскую гісторыю ў Габрэйскім універсітэце і адначасова апублікаваў значную колькасць артыкулаў, наватарскіх па духу і метадалогіі, набыўшы рэпутацыю шырока эрудыраванага навукоўца, які не пабаяўся зірнуць крытычным вокам на даўно сталыя гістарычныя канцэпцыі. Некаторыя яго працы праклалі новы шлях у даследаванні габрэйскай гісторыі, асабліва эпохі Другога храма і Талмуда. Шэраг яго кніг перакладзены на англійскую мову.

У сакавіку 1950 года Алон нечакана памёр.

Смерць Гдалія Алона ўсхвалявала акадэмічныя кругі, якія добра разумелі, што не далі навукоўцу прызнання, якога ён заслугоўваў. Але ва ўсёй паўнаце страту Алона навуковая грамадскасць ацаніла толькі тады, калі зразумела, што ён так і не выдаў свае працы. Але засталася група адданых вучняў, блізкіх калег, якія знаходзіліся пад моцным уплывам выдатнага гісторыка, засталіся шчодра раскіданыя па розных публікацыях ідэі, запісы лекцый, якія навуковец склаў незадоўга да смерці, але не паспеў падрыхтаваць да публікацыі. Іх выданне з’явілася на іўрыце праз пяць гадоў пасля смерці Г. Алона.

У 1957-1958 гадах быў апублікаваны двухтомны збор навуковых прац Алона «Даследаванні гісторыі габрэйскага народа ў эпоху Другога храма і ў эпоху Мішны і Гемары».

У 1953 годзе Алон першым удастоены самай прэстыжнай у краіне Дзяржаўнай прэміі Ізраіля за сваю манаграфію «Толдот ха-иехудим бе-Эрец-Исраэль би-ткуфат ха-Мишна ве-ха-Талмуд», якая была выдадзена пасмяротна (1953-1956; у рускім перакладзе «История евреев Эрец-Исраэль в Талмудическую эпоху», Іерусалім, выдавецтва «Бібліятэка-Алія», 1994).

Спіс крыніц

Аллон, Г. История евреев Эрец-Исраэль в талмудическую эпоху [Электронный ресурс] / Гедалия Аллон // Esxatos. – Режим доступа: http://esxatos.com/allon-istoriya-evreev-erec-israel-v-talmudicheskuyu-epohu. – Дата доступа: 22.03.2018.

Аб жыцці і дзейнасці

Коваленя, А.Они родились на белорусской земле / Александр Коваленя // Рэспубліка. – 2001. – 13 студзеня.

Самой престижной в стране Государственной премии Израиля первым был удостоен видный ученый-историк Гдалий Аллон (Рогозницкий) из Кобрина.

Аллон (Рогозницкий) Гдалия [Электронный ресурс] // Электронная еврейская энциклопедия. — Режим доступа: http://www. eleven. co.il/ article/10149. – Дата доступа: 22.03.2018.

Алон Гдалия [Электронный ресурс] // Википедия — свободная энциклопедия. — Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki. — Дата доступа: 22.03.2018.

О вкладе белорусских евреев в становлении и развитии Израиля // Режим доступа: http://nazaret-illit.ucoz.net/publ/belorusskie_evrei_v_izraile. — Дата доступа: 20.03.2018.