Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч

Біяграфічны нарыс

МАЛАХОЎСКІ Уладзіслаў Юльянавіч (1827–1900) — вынаходнік, інжынер, фотааматар, рэвалюцыянер. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі.

Нарадзіўся ў 1827 годзе ў маёнтку Маце Стрыгаўскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (сёння ад маёнтка нічога не засталося, паблізу ёсць вёска Мацы Тэвельскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля хатняга навучання юнак набываў веды ў Свіслацкай гімназіі, якая адкрыла дарогу ў свет многім славутым людзям Беларусі. Закончыў Пецярбургскі інстытут інжынераў шляхоў зносін, быў накіраваны ў Вільню на будаўніцтва чыгункі.

У сталіцы Расійскай імперыі маладым чалавекам авалодалі ідэі барацьбы за пераўтварэнне грамадства. Уладзіслаў Малахоўскі наладзіў кантакты з тайнай рэвалюцыйнай арганізацыяй разначынцаў «Зямля і воля». У Пецярбургу пазнаёміўся з Кастусём Каліноўскім (1838–1864), які вучыўся на юрыдычным факультэце ўніверсітэта.

У 1863 годзе Уладзіслаў Малахоўскі стаў адным з кіраўнікоў партыі «чырвоных»: займаў пасаду начальніка паўстанцаў Вільні. Уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. Яго бескампрамісная пазіцыя паўплывала на прызначэнне начальнікам аддзела па вынясенню і выкананні прыгавораў. Ён мог караць любога, каго палічыў асабліва вінаватым.

Ахранка правяла шматлікія арышты, набліжалася да выкрыцця Уладзіслава Малахоўскага, ён пакінуў Вільню. Са жніўня 1863 года знаходзіўся на нелегальным становішчы, выехаў у Пецярбург, потым у Кёнігсберг, дзе быў прадстаўніком К. Каліноўскага, удзельнічаў у выданні падпольнай газеты «Głos z Litwy», займаўся закупкай і дастаўкай зброі для паўстанцаў.

Пасля падаўлення паўстання У. Ю. Малахоўскі выехаў у Англію. З 1866 года жыў у Лондане пад прозвішчам Леон Варнерке. Ён пакінуў выношваць планы звяржэння самадзяржаўя, вырашыў заняцца інжынернай справай: распрацоўваць фатаграфічныя прылады. У англійскай сталіцы заснаваў уласную фірму, якая займалася фотасправай. Ужо праз пяць гадоў фірма «Варнерке і Ко» стала шырока вядомай ва ўсёй Заходняй Еўропе.

У. Ю. Малахоўскі набыў шырокую вядомасць шэрагам вынаходак у галіне фотатэхнікі. У 1875 годзе сканструяваў фатаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам сучасных аматарскіх камераў «Кодак».

Важны ўклад унёс У. Ю. Малахоўскі ў сам працэс фатаграфавання: фотапласцінкі ён замяніў на плёнку, пакрытую бромсерабром. Плёнка з нанесеным на яе такім матэрыялам лёгка скручваецца ў рулон, таму на ёй можна было рабіць некалькі кадраў. Кошт такой камеры быў высокі, але пакупнікі знаходзіліся. Яго адкрыццё выклікала пераварот у сусветнай фотасправе. У. Ю. Малахоўскі пачаў ездзіць па розных краінах і прапагандаваць свае адкрыцці.

У 1880-я гады У. Ю. Малахоўскі некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. у Маскве і Пецярбургу, пад імем Льва Вікенцьевіча Варнерке ўдзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Расійскага імператарскага тэхнічнага таварыства. У 1882 годзе на Усерасійскай выставе ў Маскве ўзнагароджаны сярэбраным медалём. Адкрыццямі нашага земляка захапляўся расійскі вучоны-хімік Дзмітрый Мендзялееў.

Фірма У. Ю. Малахоўскага імкліва развівалася. Сведчаннем гэтага служылі шматлікія філіялы не толькі ў Вялікабрытаніі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Але, на жаль, дзейнасць фірмы была азмрочана абвінавачваннямі ў выкарыстанні фальшывых расійскіх рублёў адным з філіялаў лабараторыі ў 1898 годзе. У судзе віна

У. Ю. Малахоўскага не была даказана, але беспадстаўныя абвінавачванні выклікалі ў яго цяжкія перажыванні. Нягледзячы на апраўдальны вердыкт суда, душэўнае супакаенне не прыйшло. 7 кастрычніка 1900 года Уладзіслаў Малахоўскі, не вытрымаўшы маральных пакут, скончыў жыццё самагубствам у Жэневе, там і быў пахаваны. А фальшывыя купюры пад назвай «варнеркі» і цяпер карыстаюцца попытам сярод калекцыянераў-баністаў.

Ідэямі У. Ю. Малахоўскага скарыстаўся амерыканскі бізнесмен Джордж Істмен (1854–1932), які першым выпусціў на рынак фотаапарат «Кодак» з касетамі са скручанай плёнкай. Цяпер фатографу не абавязкова было мець прафесійныя веды ў праяўленні матэрыялу і друку здымкаў, дастаткова было перадаць касету ў фоталабараторыю і атрымаць гатовыя здымкі.

…Невядома, ці з’явілася б фірма «Кодак», фотаапараты якой сёння карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце, калі б беларуская зямля не падарыла свету Уладзіслава Малахоўскага.

Аб жыцці і дзейнасці

Кісялёў, Г. Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Г. В. Кісялёў, В. Ф. Шалькевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2000. — Т. 10. — С. 14.

Кісялёў, Г. В. Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Г. В. Кісялёў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. — Мінск, 1972. — Т. 6. — С. 571.

Кісялёў, Г. Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Генадзь Кісялёў, Вячаслаў Шалькевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1999. — Т. 5. — С. 57.

Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. — Мінск, 1981. — Т. 5. Біяграфічны даведнік. — С. 392.

Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 92-95.

Малаховский Владислав Юльянович // Регионы Беларуси : энциклопедия. — В 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. — Минск, 2009. — Кн. 2. — С. 66-67.

Матвейчык, Д. Малахоўскі [Уладзіслаў] / Дзмітрый Матвейчык // Удзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў : біяграфічны слоўнік / Дзмітрый Матвейчук. — Мінск, 2016. — С. 362.

Марціновіч, А. «Кодак – з паўстанцкай падсветкай». Уладзіслаў Малахоўскі / Алесь Марціновіч // Хто мы, адкуль мы… : гістарычныя эсе, нарысы : у 3 кн. / Алесь Марціновіч. — Мінск, 2008. — Кн. 2. — С. 212-226.

Марціновіч, А. Уладзіслаў Малахоўскі / Алесь Марціновіч // Гісторыя праз лёсы. Т. 7 / Алесь Марціновіч. – Мінск, 2019. – Кн. 2 — С. 147-154.

Марчук, Н. Кобринские корни «Кодака» / Нина Марчук // Паміж памяццю і гісторыяй (Малавядомыя старонкі гісторыі Кобрыншчыны і Берасцейшчыны) / Нина Марчук. – Кобрын, 2018. – С. 93-94.

[Владислав Малаховский] // Кастусь Калиновский : страницы биографии / В. Шалькевич. – Минск, 1988. – С. 68, 185, 186.

Рублевская, Л. Вино, кассеты и фальшивые банкноты. Владислав Малаховский (1827-1900) / Людмила Рублевская // Рыцари и дамы Беларуси : исторические очерки / Людмила Рублевская. — Минск, 2016. — С. 152-156.

190 гадоў з дня нараджэння У. Ю. Малахоўскага (1827) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. — С. 42-43.

Да 185-годдзя з дня нараджэння У. Ю. Малахоўскага // Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2012 год / Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Дз. Курачук. – Кобрын, 2012. – С. 7.

Марчук, Н. Кобринские корни «Кодака» / Нина Марчук // Кобрин-информ. -2015. – 4 июня. — С. 7.

Об уроженце д. Мацы В. Малаховском, создателе прототипа фотоаппарата «Кодак».

Капылоў, І. Малахоўскі Уладзіслаў Юльянавіч / Iгар Капылоў // Звязда. — 2013. -23 красавіка.

Марчук, Н. Брэсцкія карані «Кодака» / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. — 2008. – № 21 (230), чэрв. — С. 2.

Марціновіч, А. «Кодак» – з паўстанцкай падсветкай / Алесь Марціновіч // Маладосць. — 2006. — № 11. — С. 122-128.

Пра У. Малахоўскага, ураджэнца в. Мацы, займаўся фотасправай.

Яновіч, М. Уладзіслаў Малахоўскі / М. Яновіч // Народная воля. — 2005. — 14 красавіка. — С. 2.

Вендровский, К. В. «Вы нажимаете кнопку – мы делаем остальное» / Карл Валерианович Вендровский // Химия и жизнь. — 1988. — № 11. — С. 30–37.

Об истории фотоаппарата «Кодак»; об открытиях Владислава Малаховского.