Івуць, Г. Глобус для Радзівілаўскага замка / Галіна Івуць // Голас Радзімы. — 2008. — 11 студзеня.

Пленным быў мінулы год для беларускага картографа Льва Казлова.

Глобус для Радзівілаўскага замка

Пленным быў мінулы год для беларускага картографа Льва Казлова.

У картаграфіі цесна ўзаемазвязаны навука і мастацтва. Найбольш сур’ёзна у Беларусі ёй займаецца (не ў сэнсе вывучэння — тут спецыялістаў нямала, а ў плане канкрэтнага выдання, памнажэння адпаведных збораў) кандыдат гістарычных навук Леў Казлоў. Ён з’яўляецца генеральным дырэктарам вытворча — камерцыйнага прадпрыемства «Арты-Фэкс». Дарэчы, працуе яно ў тым жа будынку, што і Інстытут гісторыі НАН Беларусі, у цесным кантакце з ім.

Як вядома, хутка будуць завершаны рэстаўрацыйныя работы ў Радзівілаўскім замку-музеі ў Нясвіжы, які ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Леў Раманавіч задумаўся: а што б зрабіць такое да ўрачыстага адкрыцця? Як вядома, у 1613 годзе ў Нясвіжы, дзякуючы мецэнацтву Радзівілаў, была выдадзена славутая карта Вялікага княства Літоўскага мясцовага картографа Тамаша Макоўскага. I Леў Раманавіч вырашыў зрабіць для замкавага музея адмысловы глобус, вытрыманы ў стылі XVII стагоддзя. 30 кастрычніка мінулага года, калі экспанат быў дастаўлены ў Нясвіж, і сфатаграфаваўся побач з глобусам яго аўтар.

Дарэчы, летась чытачам паступіла другая частка фундаментальнай працы Льва Казлова «Старажытная картаграфія Беларусі» і яго ж кніжка «Беларускае Палессе на старажытных картах».

Галіна Івуць