Іўчанкаў, В. І. Вобразнае параўнанне ў творах Уладзіміра Караткевіча : лінгвістычныя назіранні / В. І. Іўчанкаў // Народная асвета. — 2020. — № 10. – С. 81-83.

Вобразнае параўнанне ў творах Уладзіміра Караткевіча

Лінгвістычныя назіранні

Слова ў аўтарскім стылі У. Караткевіча выступае ў ролі прадуктыўнага матэрыялу, які спрыяе стварэнню высокамастацкіх вобразаў і сюжэтных ліній. Памайстэрску выкарыстоўваючы полісемію (шматзначнасць), пісьменнік праводзіць слоўныя аналогіі па розных напрамках.

Характарыстыкі ахопліваюць розныя семантычныя бакі параўнання, напрыклад: «…Ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур’ян лез без дарогі…» (К-сы-і, 98)1. Дзеяслоў сыпаў абумоўліваецца двума азначэннямі, адно з якіх выражана прыслоўем (па-мужыцку), другое — параўнаннем (быццам праз бур’ян лез без дарогі). Дзеяслоў сыпаў у кантэксце выступае ў значэнні гаварыў і ўдакладняецца двума звязанымі паміж сабой элементамі. Параўнанне паказвае на прымету прыметы, удакладняе характарыстыку працэсу, тым самым стварае эфект незвычайнага з’яўлення факту — гаварэння па-мужыцку. Аб’яднанне прымет (гаварыў як? па-мужыцку, быццам праз бур’ян лез без дарогі) адбываецца на гістарычным фоне існавання беларускай мовы ў вельмі неспрыяльных умовах. У гэтым выразе прысутнасць прыслоўя (па-мужыцку) неабходна, бо яно акумулюе ў сабе змест тэкставага фрагменту. З’яўляючыся арганічным тэматычным уключэннем у ланцуг кантэкстуальнага аповеду, параўнанне выконвае ролю стрыжнёвай дамінанты тэксту (Алесь Загорскі няўтульна і самотна адчувае сябе на пострыгу перад чапурыстымі гасцямі. Ён увабраў у сябе звычкі, гаворку простых людзей, якімі выхоўваўся, таму і выглядае мужыком, мядзведзем у вачах Майкі Раўбіч). У эвалюцыі літаратурнага вобраза Алеся Загорскага параўнанне становіцца сродкам дэманстрацыі прызначэння героя (барацьба за права на існаванне, самастойнасць, культуру).

У. Караткевіч будуе параўнанні ў цесным дыялектычным адзінстве ад агульнага да прыватнага, ад прыватнага да агульнага), што дае магчымасць па генетычным прынцыпе вылучыць аб’ект і суб’ект параўнання. Напрыклад: «Перад намі стаяла невялічкая бабулька ў шырокай, як звон, сукні...» (Дзп, 255). У рамках выкарыстання слова ў пераносным значэнні выяўляюцца тэматычныя палі, характэрныя для перадачы вызначанай пісьменнікам кантэкстуальнай сітуацыі. Напрыклад, традыцыйнае параўнанне нібы нажом ударыла туга ўводзіцца ў моўную тканіну твора метафарычна ўскладненымі лексемамі, тэматычнымі дамінантамі: свая песня горада, гімн, здрада айчыне, жыхар, частка душы горада. Тэматычным адзінствам іх з’яўляецца адлюстраванне адносін Будрыса («Чазенія») да роднага краю. Лексічная напоўненасць тэматычных дамінант рыхтуе ўспрыманне мэтанакіраванага параўнання: «I раптам вострая, страшная туга па радзіме нібы нажом ударыла пад сэрца» (Ч, 249). Характэрна, што ў сінтагматычнай паслядоўнасці з’яўляецца кантэкст: «Між караблямі білася і ўздыхала вада». Увасабленне ўздыхала вада з ярка выяўленай прагматычнай суаднесенасцю з’яўляецца найбольш выразным звяном у ланцугу тэматычнага складу і выконвае эматыўную ролю. Увасабленне адкрывае новую тэму (уздых — туга), якая выцякае з першай. Эматыўнасць другога тэматычнага шэрага працягвае ў далейшым тэму радзімы, штуршком для ўзнікнення якой з’явіўся эпізод назірання за лоўляй рыбы: «Краснапёрка. Марская. А ёсць рачная. Там. I яе ловяць з чыстай вады. 3 азёр. 3 Асвейскага. 3 Нарачы. 3 якога-небудзь там Вечалля або Дзевіна. 3 Лучосы. 3 Дняпра. Божа мой, як жа гэта я трапіў сюды?»

У вобразнай сістэме твораў У. Караткевіча праглядаецца тэндэнцыя да шырокага выкарыстання семантычных варыянтаў аднаго поля. Семан- тычныя нюансы ў вобразнай характарыстыцы суб’екта параўнання даволі шматлікія. Напрыклад, высокачастотнай па ўжыванні з’яўляецца лексема вочы ў ролі суб’екта параўнання. У семантычным вырашэнні аўтар зыходзіць з традыцыйных аналагаў. Напрыклад: «I вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём» (К-сы-2,163); « Чорныя, як вугаль, вочы» (Цыг, 128). Аднак своеасаблівым з’яўляецца ўключэнне ў кантэкст параўнанняў: у першым вы- падку аўтар абнаўляе вобразнае значэнне кантэкстуальнай метафарай (тлеюць суровым і добрым агнём), у другім — называе інтэгральную прымету (чорныя). У традыцыйным ключы выкарыстоўваюцца параўнанні ў наступных выразах: «А вочы разумныя, як у сабакі» (Сів, 199); «Вочы, як у вар’ята…» (Сів, 133); «Бацькавы вочы, як у маладога чорта» (К-сы-і, 53).

Індывідуальна-аўтарскія параўнанні з апорным назоўнікам вочы ў творах У. Караткевіча маюць скразны характар. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік, характарызуючы аднаго з герояў, шматразова ўжывае параўнанне вочы, як у рысі, інтэгральнай прыметай якога з’яўляецца першапачаткова аналаг па колеры, у далейшым раскрываецца іншы аналаг — рыса характару, натура (драпежнасць). Падтэкстным указаннем на гэта служыць значэнне тропа — параўнання: «Алесь убачыў перш за ўсе вузкія, зеленаватыя, як у рысі, вочы пад пясочнымі брывамі…» (К-сы-і, 42); «ІІі з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як у рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру(К-сы-1,88) і інш.

Супрацьлеглы па сэнсе вобраз выражае другое скразное параўнанне (як марская вада). Яно выкарыстоўваецца ў партрэтных характарыстыках Майкі Раўбіч. Суб’ект параўнання мае пры сабе прымету, па якой рэалізуецца параўнанне. Прымета полісемічная, прэвалюе абазначэнне колеру. Вобразнае значэнне развівае комплекс характарыстык, уласцівых гераіні, якія выцякаюць з кантэксту: «Агеньчыкі свечак адбіваюцца ў шырокіх і сініх, як марская вада, вачах» (К-сы-2, 290); «Зеленаватыя, як марская вада, вочы дзяўчыны прагна глядзелі на мокрыя дрэвы, на бялюткі сад…» (К-сы-і, 323); «Вялізныя, цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы глядзелі на яе з люстэрка насцярожана, дапытліва і шчасна» (К-сы-і, 324); «А пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна — блакітныя, як марская вада, вочы» (К-сы-і, 95). Характэрна, што ў лірычным адступленні пісьменнік сімвалізуе вобраз жанчыны з «цёмна-блакітнымі ў зелень, як марская вада, вачыма»: «Сёння ўначы яна ўявілася да мяне, быццам жывая, быццам зусім не памерла. Ды так яно і было. Яна была ў сваёй мантыльі… Цёмна-блакітныя ў зелень, як марская вада, вочы глядзелі на мяне горка» (К-сы-2, 329) і далей: «I ўжо не яна стаяла перад людзьмі, а сімвал жанчыны». Як бачым, аўтарскае ўспрыманне (жанчына як сімвал чысціні, святасці, цнатлівасці) звязана з рэалізацыяй параўнанння як марская вада.

Семантычныя нюансы слова вочы, па якіх можа адбывацца параўнанне, валодаюць вялікімі магчымасцямі. Яны складаюць аналагі, што адлюстроўва- юць самыя розныя прыметы, па якіх ідзе вобразная інтэграцыя. У большасці выпадкаў азначэнне прадмета параўнання вызначана аўтарам, у іншых выпадках аддаецца на асэнсаванне чытача, як у выразе: «У мужчын нейкі галодны незадаволены выгляд, вочы, як у старых селадонаў, на вуснах незразумелая тонкая і непрыемная з’едлівасць» (Дзп, 360). У сістэме твораў У. Караткевіча слова вочы ў параўнаннях мае наступныя выражэнні2:

сема «колер» (вочы, як марская вада: сінія, зеленаватыя, цёмна-блакітныя (2), цёмна-блакітныя ў зелень; як вугаль:чорныя; як у рысі: зеленаватыя (7); як у трусіка: чырвоныя; як правалы: цёмныя);

сема «форма» (вочы, як у рысі: вузкія (2); як чорныя зоры);

сема «памер» (вочы, як марская вада: шырокія, вялізныя; як у аленя: вялікія; як у крата: маленькія; як вір: глыбокія; нібы ў кацянят: шырокія);

сема «інтэлект» (вочы, нібы ў кацянят: дурнаватыя; як у сабакі: разумныя);

сема «стан» (вочы, як у тхара: злосныя; як асенняя вада: сумныя).

У творчасці У. Караткевіча выяўляецца прыхільнасць да выкарыстання слова вочы ў параўнаннях, якія наглядна абмалёўваюць сутнасць літаратурнага героя, спрыяюць раскрыццю асноўнай думкі мастацкага твора: сумныя, як асенняя вада (параўн.: шырокія, як марская вада). Азначэнне пры аб’екце параўнання вада мае асноўную асацыятыўна-канататыўную нагрузку. Шлях тлумачэння гэтага ляжыць праз аналіз аб’ектаў параўнання: вочы, як вада і вочы, як асенняя вада (марская).

Выражэнню поглядаў пісьменніка, яго бачання свету, акрамя індывідуальна-аўтарскіх параўнанняў, спрыяе выкарыстанне фразеалагізмаў, бо менавіта яны ў аўтарскім пераламленні адлюстроўваюць гісторыю народа.

Фразеалагічныя параўнанні грунтуюцца на вопыце народнага словаўжывання. Іх змест матываваны. Стылістычна новай рысай можа быць іх выкарыстанне з мэтай стварэння вобразнага малюнка за кошт нязвыкласці (напрыклад, патэтыка — гумар). У ключы аповеду «Цыганскага караля», дзе ўсё сімвалічна падпарадкавана стварэнню камічнага вобраза караля Якуба, стракатага ў праявах свайго быцця (як павіч), па-дурному гордага, наравістага (як певень), асацыююцца ўсе фразеалагічныя параўнанні, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі партрэтных характарыстык.

У фразеалагічных параўнаннях пісьменніка назіраецца ідэальнасць стэрэатыпаў, таму што яны характарызуюцца ўстойлівасцю складу і струк- туры, цэласнасцю значэння і ўніверсальнасцю словаўжывання. Некаторыя з іх створаны на аснове гістарычных фактаў: «Зваліўся ў «вялікую рэформу», як п’яны ў стаў, выскачыў раптоўна, як Піліп з канапель» (К-сы-2, 115); другія — сацыяльна-побытавага вопыту народа: «Абдзёрлі, як ліпку, і крычаць аб хрысціянстве» (К-сы-2, 370), «Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны, як дзірка ў плоце» (Дзп, 371), «Старажытны, як свет, напеў» (Дзп, 251), «Працуюць — як мокрае гарыць» (К-сы-2, іі), «Гэты сонны пакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарчасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія» (К-сы-2, 207).

З рознымі матывамі пісьменнік выкарыстоўвае фразеалагізмы, запазычаныя з біблейскай літаратуры. Асабліва гэта характэрна для рамана «Чорны замак Алыпанскі», што абумоўлена стылёвай атмасферай аповеду: «I ноздры ягоныя трапяталіся ад асалоды, як у Адама ля забароненага дрэва» (ЧзА, 12); «Глядзеў і толькі што не зламоўна, але затое злавесна, як крумкач патопу, калі гэты патоп пачаў спадаць, адкрываючы вачам Ноевым і яго, крумкачыным, трупы дапатопных людзей і звяроў» (ЧзА, 224).

Пры стварэнні пераноснага значэння сродкамі фразеалогіі пісьменнік часам трансфармуе зварот спосабам замены аднаго з кампанентаў: «Ногі доўгія, нібы ў палескага злодзея» (ЧзА, 19).

Індывідуальна-аўтарскі стыль У. Караткевіча характарызуецца ўжываннем фразеалагічных адзінак у складзе параўнанняў, чым дасягаецца мастацкая мэта: а) адлюстраванне нацыянальнага каларыту моўных сродкаў; б) стварэнне вобразнага значэння ў залежнасці ад ідэйна-змястоўных задум у абмалёўцы літаратурнага персанажа, стылёвай атмасферы твора, у агульным плане — літаратурнага напрамку.

Параўнанні ў творах У. Караткевіча вызначаюцца па экспрэсіі паводле такой граматычнай рысы дзеяслова, як абмежаванасць/неабмежаванасць дзеяння: «Выгінаецца, як лук, тонкая паясніца…» (Чаз, 312); «Натоўп адхіснуўся ад труны, як жыта пад ветрам» (К-сы-і, 241). Абмежаванне дзеяння абазначана абстрактнай унутранай мяжой, паводле якой дзеянне падаецца як цэласны акт у адрозненне ад дзеяння — працэсу ў яго працягласці

або паўтаральнасці. У сувязі з гэтым з’яўляецца здольнасць дзеясловаў незакончанага трывання выражаць дзеянне ў працэсе яго працякання, у прыватнасці дзеянне, якое імкнецца дасягнуць мяжы. У дзеясловах закончанага трывання мяжа часцей за ўсё асэнсоўваецца як нейкі крытычны пункт, па дасягненні якога дзеянне спыняецца.

У залежнасці ад абмежаванасці/неабмежаванасці працэсу абумоўлена рэалізацыя параўнання, г.зн. дзеяслоў лакальна ўздзейнічае на параўнанне, пе- радаючы яму здольнасць асацыявацца ў свядомасці чытача працэсуальна закончана ці незакончана. Дзеяслоў дыягназуе «працяканне» параўнання. Наглядна гэта адаюстроўваецца ў наступным выпадку. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіч па-мастацку перадае стан Майкі Раўбіч падчас сустрэчы з Геленай вобразным параўнаннем, якое сінтаксічна адносіцца да дзеяслова натапыралася. Параўнанне выкарыстоўваецца ў адпаведнасці з кантэкстам (Майка Раўбіч саступае сваёй суразмоўцы ў жыццёвым вопыце, творчых здольнасцях і г.д.). Аб’ект параўнання «як перапёлка» ілюструе нека- торую варожасць і боязь у адносінах да прыгоннай акторкі: «I, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапыралася, як пера- пёлка, што бароніць гняздо» (К-сы-2,102). Дзеяслоў натапыралася перадае зменлівасць стану. У ходзе гутаркі назіраецца спад напружання і яго нарастанне, пра што сведчыць дзеяслоў неаднаразовага дзеяння.

Параўнанні з неабмежаваным дзеяннем пераважаюць у прозе У. Караткевіча. Дзеяслоў незакончанага трывання адлюстроўвае няскончанасць, творчую перспектыву. Параўнанні з сінтаксічнай залежнасцю ад дзеяслова незакончанага трывання валодаюць імпульсам развіцця вобразнага значэння: «А малочны туман збягаў з зямлі, як вада, і ўсюды былі белыя… белыя… белыя коні» (К-сы-і, 41); «Ды і прагулкі без формы не заахвочваліся. А іначай было нельга. Будуць глядзець, як на шчанюкоў» (К-сы-і, 301); «Амур як адразу кінуўся пад нары, так і не вылазіў адтуль. Глядзеў, як з крэпасці» (Чаз, 306); «Салаўі грымелі, як перад загібеллю» (К-сы-і, 71).

Параўнанні з гранічным дзеяннем дзеяслова ў прозе У. Караткевіча менш распаўсюджаныя і ў счапленні з дзеясловам выражаюць закончаны працэс. У большасці выпадкаў параўнанне характарызуе дзеянне ў мінулым: «У калідоры стала цеснавата, і бойка на хвіліну спынілася, як полымя, у якое паклалі зашмат дроў» (К-сы-і, 319).

Пабудова параўнанняў, іх структура шмат у чым залежаць ад марфалагічнага спосабу выражэння суадносных працэсаў. Дзеяслоў, які звязаны з параўнаннем, перадае яму свае марфалагічныя ўласцівасці, дзякуючы чаму становіцца арганічнай часткай, будаўнічым матэрыялам тэксту.

У параўнальных канструкцыях выяўляецца шырыня пісьменніцкіх асацыяцый. Супастаўляючы прадметы (з’явы, прыметы, дзеянні), Уладзімір Караткевіч праз вобразнае параўнанне перадае нацыянальны каларыт, менталітэт беларускага народа і разам з тым па-майстэрску рэалізуе сюжэтную канву твора.

1. Умоўныя скарачэнні: Дзікае паляванне караля Стаха // З вякоў мінулых. Мн., 1978 (Дзп); Каласы пад сярпом тваім. Мн., 1968. Кн. 1 (К-сы-1), Мн., 1981. Кн. 2 (К-сы-2); Сівая легенда // З вякоў мінулых. Мн.,1978 (Сів); Цыганскі кароль // З вякоў мінулых. Мн., 1978 (Цыг); Чазенія // Выбр. творы: у 2 т. Мн., 1980 (Чаз); Чорны замак Алынанскі. Мн., 1983 (ЧзА).

2. Лічба ў дужках указвае на частотнасць ужывання звыш аднаго.

В. I. Іўчанкаў

загадчык кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання БДУ,

доктар фіпапагічных навук, прафесар