Антанюк Георгій Аляксандравіч

Біяграфічны нарыс

Антанюк Георгій Аляксандравіч – беларускі філосаф,  сацыёлаг, даследчык прадметнай логікі, метадолаг сістэмнага падыходу ў сацыялогіі, адзін з першых распрацоўшчыкаў метадалогіі сістэмнага падыходу ў сацыялагічным даследаванні.

Георгій Аляксандравіч Антанюк нарадзіўся 13 лістапада 1942 года ў в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Аляксандр Барысавіч Антанюк (1911-2003), быў кавалём, маці, Надзея Данілаўна (у дзявоцтве Яфімук; 1924–1996), працавала паляводам. Дзяцінства Георгія прыпала на нямецка-фашысцкую акупацыю, пасляваенную нястачу. У 1949-1953 гадах Георгій вучыўся ў пачатковай школе ў в. Мацы, у 1953-1959 гадах — у сярэдняй школе ў в. Стрыгава, скончыў 10 класаў.

Пасля дзесяці класаў паступіў у Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць «тэхнік-тэхнолаг зварачнай вытворчасці». Праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай арміі (1962–1965).

У 1965 годзе Георгій Антанюк паступіў на дзённае аддзяленне філасофскага факультэта Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «філосаф», які скончыў у 1970 годзе. Вучыўся ў аспірантуры Інстытута філасофіі і права АН БССР (1970-1973). З 1973 года працаваў спачатку малодшым, а потым старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута філасофіі і права АН БССР (цяпер Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі), прымаў удзел у правядзенні прыкладных сацыялагічных даследаванняў

У 1974 годзе Г. А. Антанюк абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Системный подход в социологическом исследовании (методологические проблемы исследования взаимоотношения социальной системы и её компонентов), атрымаў ступень кандыдата філасофскіх навук.

З 1980 па чэрвень 2004 года – выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, прафесар на кафедры філасофіі АН БССР (з 1991 – НАН Беларусі, з 1998 — у складзе Інстытута філасофіі НАН Беларусі, з 2002 — Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі).

У 1990 годзе Г. А. Антанюк абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Социальное проектирование (теоретико-методологический аспект)». Доктарская дысертацыя прысвечана тэорыі і метадалогіі праектавання сацыяльных адносін у кіраванні грамадствам. Доктар філасофскіх навук (1991), прафесар (1993).

Г. А. Антанюком апублікавана звыш 70 навуковых работ на папяровых носьбітах і звыш 100 навуковых прац выкладзены для ўсеагульнага доступу ў Інтэрнеце. Аўтар прац па праблемах сацыяльнага кіравання, сацыяльнага праектавання і міжэтнічных адносін: «Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методологический аспект» (1986), «Социальное проектирование в процессе практического применения социальных знаний» (1992), «Социальная идеализация, идеология и общество» (1998), «Объективная цель человечества и его стандартизация» (2003) і інш. Адзін з аўтараў кнігі «Сацыяльна-філасофскія праблемы вытворчасці і выкарыстання навуковых ведаў» (1992).

Прафесар Антанюк — наватар у распрацоўцы метадалогіі сацыяльна-інжынернага праектавання, прысвяціў гэтай тэме шэраг грунтоўных работ. Ён лічыцца адным з вядомых футуролагаў, даследчыкаў прадметнай логікі, сацыяльных інжынераў-метадолагаў сацыяльнай інжынерыі і сістэмных падыходаў у сацыялогіі.

З 1990-х гадоў Георгій Аляксандравіч паступова пераходзіць да крытычнага пераасэнсавання філасофіі і ў цэлым ідэалогіі як крыніцы аб’ектыўнага пазнання. Даследуе агульнасацыяльныя і агульнафіласофскія праблемы, вывучае праблемы сістэмнага падыходу ў сацыялагічным даследаванні, метадалогіі навуковага пазнання, а таксама маралі, палітыкі, ідэалогіі і дзяржаўнага будаўніцтва, рэлігіі, нацыянальна-этнічных адносін і інш. З 1992 года рэгулярна публікуецца ў СМІ па розных актуальных праблемах Беларусі і Расіі і праблемах, якія існуюць ва ўзаемаадносінах паміж нашымі краінамі.

Не забываў ніколі Георгій Антанюк пра сваю малую радзіму. Пра гэта яскрава сведчыць і адзін з яго артыкулаў у газеце «Збудінне» — «Заходнія палешукі: іх шлях да сусветнай гісторыі (кароткая гістарычная даведка)».

Кобрынскі раён

Мацы

Антанюк Георгій Аляксандравіч

Філосафы

Сацыёлагі

Прафесары