Бакун, А. Вандроўкі з земляком-картографам / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. — 2018. — 26 верасня. — С. 5.

Леў Раманавіч Казлоў ― вядомы гісторык, картограф, літаратар, ураджэнец в. Літвінкі Кобрынскага раёна.

Вандроўкі з земляком-картографам

Чаму картаграфія? Чаму менавіта яна? Задаю пытанне вядомаму гісторыку, картографу і літаратару, аднаму з аўтараў «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» і кнігі «Памяць. Кобрынскі раён», дзясяткаў брашур і іншых выданняў па картаграфічнай тэматыцы, навуковаму кансультанту выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя», нашаму земляку і госцю «Кобрынскага весніка» Льву Казлову.

— Чалавеку дасведчанаму і адукаванаму карта пэўнай мясцовасці можа расказаць нават больш пра тую ці іншую краіну, яе менталітэт і народ, чым гістарычныя факты і розныя даведнікі, — адказвае мой субяседнік.

Леў Казлоў або «беларускі Меркатар» (як яго любяць называць знаёмыя, параўноўваючы са знакамітым фламандскім картографам і географам XVI стагоддзя), сапраўды, большую частку свайго жыцця займаецца ўзнаўленнем рарытэтных карт, якія адшуквае ў розных архівах, на аўкцыёнах, у прыватных калекцыянераў. Менавіта дзякуючы яму музейныя архівы Беларусі папоўнілі свае калекцыі дзясяткамі невядомых раней выявамі беларускіх зямель са старажытных часоў. Нягледзячы на век камп’ютарных тэхналогій, які дае магчымасць стварыць карту ў трохмерным вымярэнні і даследаваць мясцовасць са спадарожніка, Леў Раманавіч не здраджвае звычайнаму алоўку, цыркулю, пяру, акварэлям.

— Цяга да малявання ў мяне з дзяцінства. У пасляваенныя гады цяжка было з фарбамі, звычайных каляровых алоўкаў і тых не заўсёды была магчымасць набыць. Але ўнутранае жаданне , імкненне вобразна даверыць бумазе тое, што закранала душу за жывое, брала сваё. Я нават марыў стаць мастаком, — згадвае картограф.

Аднак у сілу пэўных абставінаў пасля службы ў арміі замест мастацкага вучылішча юнак паступае на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута.

— Геаграфія і гісторыя – тыя прадметы, якія таксама ішлі заўсёды са мной па жыцці, таму сказаць, што выпадкова трапіў на факультэт, будзе няправільна. У інстытуце і паглыбіўся ў вывучэнне старажытнай картаграфіі, — прызнаецца вучоны.

Леў Раманавіч — увогуле чалавек энцыклапедычных ведаў у розных галінах, а што тычыцца гісторыі картаграфіі, то тут можа гаварыць бясконца.

— На жаль, арыгінальных экзэмпляраў карт, па якіх можна было б зараз вывучаць мінулае Беларусі, захавалася мала. У якасці прыемнага факта назаву карту Вялікага Княства Літоўскага, што была створана ў пачатку 17 стагоддзя ў Нясвіжу пад кіраўніцтвам Радзівіла Сіроткі — з яе можна пачынаць адлік беларускай картаграфіі. Праўда, арыгіналы яе захоўваюцца за межамі краіны, а ў нашых музеях толькі варыянты.

Над экзэмплярам узноўленай карты для Нясвіжскага замка Леў Раманавіч працаваў каля месяца і ствараў яго з арыгінала, які захоўваецца ў старажытным шведскім горадзе Упсала. У музеі Нясвіжскага замка экспануецца і другі знакаміты твор майго субяседніка: вялікі глобус XVI ст.

— Карта — зброя ў руках саперніка. Чаму Іван Грозны прайграў Лівонску вайну? – пасміхаецца Леў Казлоў, паглыбляючыся ў гісторыю, — бо ў яго не было карт. А сапернік, Стэфан Баторый, меў.

Карту Герарда Меркатара «Еўропа 1554» увогуле вучоны ўзнаўляў па фрагментах. Апошні яе арыгінал згарэў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Копію-факсіміле картографу пашчасціла знайсці ў засеках картаграфічнага аддзела Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.

— На гэтай карце можна знайсці Мінск ды шмат іншых беларускіх гарадоў, — заўважае Леў Раманавіч.

Суразмоўца прызнаецца, што ўзнаўляць карты па такіх копіях — сваеасаблівае мастацтва, і даволі складанае. Дапамагаюць гістарычныя дакументы, дзе крыюцца апісанні агульнапрынятага ў тыя часы стылю афармлення – подпісы з характэрнай графікай літар, умоўныя знакі.

Цікавым перыядам называе Леў Казлоў час, калі ён працаваў над кнігай «Памяць. Кобрынскі раён»:

— Гэта ў нейкай ступені даніна павагі, прызнанне ў любві да роднай зямлі, мой абавязак перад землякамі.

Вёска Літвінкі Кобрынскага раёна – месца, дзе нарадзіўся Леў Казлоў. І хоць даўно ўжо наш зямляк жыве ў Мінску, малую радзіму не забывае, як і мову сваю родную — дыялектную. Малая радзіма і яе людзі, вяскоўцы, – заўсёды ў яго сэрцы. Як заўважае картограф, дакрананне да вытокаў наталяе яго новымі свежымі ідэямі і энергіяй, таму нягледзячы на сталы ўзрост, а Леў Раманавіч нядаўна адсвяткаваў 80-гадовы юбілей, штогод прыязджае на Кобрыншчыну — пакланіцца магілам сваіх бацькоў, паразмаўляць з землякамі, падыхаць паветрам далёкага дзяцінства, зазірнуць у кобрынскія школы, якія прывілі яму цікавасць да таго, чым ён займаецца ўсё жыццё.

— Я люблю сустракацца і весці размову з сучаснай моладдзю. Многія крытыкуюць яе. А мне яна падабаецца. За ёю і толькі за ёю наша будучыня. Тое, што быццам маладыя эгаістычныя і не маюць жыццёвых прынцыпаў — гэта не так. Паступова сфарміруюцца новыя каштоўнасці, але на ўсё патрабуецца час, — заўважае Леў Раманавіч.

З выхадам на заслужаны адпачынак у майго героя паявілася больш часу і яшчэ для аднаго свайго захаплення – літаратурнай творчасці. Такі вось ён унікальны і рознабаковы чалавек — Леў Казлоў, ці Плат. Гудовіч — пад гэтакім псеўданімам зараз ён выдае ўласныя творы. У яго творчай скарбонцы кнігі «Беларусь на сямі рубяжах», «З дазволу караля і вялікага князя», «Вялікі музей дасціпнасці», першы том трылогіі «Радзівіл Сіротка» і інш. З героямі гэтых кніг чытач можа здзейсніць неверагоднае падарожжа ў мінулае. Зараз Леў Раманавіч працуе над тэмай «Стагоддзі на картах», дзе на карце сусветнай картаграфіі будзе паказаны працэс картаграфічнага адлюстравання тэрыторыі Беларусі.

Што яшчэ можна дадаць да нашай размовы? Зусім нечаканае — гумар. Шчыры гумар, крыху вострая на язык, але нязлосная іронія сыпаліся з вуснаў майго героя на працягу ўсёй гаворкі. Пачытайце яго «Размову нанова» і ўсё зразумееце.

А я вось пашкадавала, што так і не трапіла на выставу Вандроўкі па ваколіцах мінулага”, якая ладзілася летам у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да 80-годдзя беларускага Меркатара – чую сэрцам, штосьці страціла…

Алена БАКУН.

НА ЗДЫМКУ Дзмітрыя Бялова: госць рэдакцыі – Леў Казлоў.