Бакун, А. Вывучаць мінулае, каб будаваць будучыню / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. – 2018. – 31 кастрычніка. – С. 8.

80-гадовы шлях Льва Раманавіча Казлова багаты на плённую працу на карысць Беларусі і яе народа.

Вывучаць мінулае, каб будаваць будучыню

«Вандроўкі па ваколіцах мінулага» разам з вядомым беларускім гісторыкам, картографам і пісьменнікам, ураджэнцам Кобрыншчыны Львом Казловым прапанавалі ў адзін з кастрычніцкіх дзён сваім наведвальнікам супрацоўнікі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Сустрэча сабрала людзей, неабыякавых да свайго мінулага і сучаснага, тых, хто хвалюецца за сваю будучыню, захапляецца гісторыяй і літаратурай — супрацоўнікаў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, настаўнікаў, прадстаўнікоў гістарычнай секцыі ўніверсітэта залатога ўзросту і інш.

У кожнага з іх была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з навуковай і творчай спадчынай нашага земляка — работы, прадстаўленыя на выставе, адлюстравалі 80-гадовы шлях Льва Раманавіча, багаты на плённую працу на карысць Беларусі і яе народа. «Беларусь на сямі рубяжах (XI — пач. XX ст.)», навукова-папулярны альбом «Старажытная каргаграфія Беларусі», «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» раскрываюць талент сталічнага госця як картографа. Не меншую цікавасць выклікалі і літаратурныя выданні — кніга гістарычных анекдотаў «3 дазволу караля і вялікага князя», гістарычная трылогія «Радзівіл «Сіротка», выдадзены пад псеўданімам Плат. Гудовіч зборнік вершаў «Размова нанова». Як доказ таго, што малая радзіма для Льва Раманавіча не толькі маленькая кропка на карце сусвету, — кніга «Памяць. Кобрынскі раён», гісторыка-дакументальны нарыс «Кобрын», у выданні якіх ён прымаў непасрэдны ўдзел.

Леў Казлоў — постаць неардынарная, здольная ўзяць свайго слухача ў палон з першых хвілін размовы, што, безумоўна, сведчыць пра рознабаковасць таленту, энцыклапедычныя веды ў розных галінах навукі і мастацтва, уменне бачыць псіхалагічны партрэт субяседніка, валоданне самаіроніяй і пачуццём тонкага гумару. Цікавыя ўспаміны з дзяцінства, насычаныя цёплымі момантамі, якія не даюць згаснуць вялікаму пачуццю і цягнуць пры любой магчымасці прайсціся па старых кобрынскіх вулачках, дыскусія пра стан беларускай мовы на сучасным этапе, роздум, як захаваць багатую вялікую спадчыну кобрынскай зямлі — сустрэча прайшла на адным дыханні.

Як заўважыў Леў Раманавіч, гісторыя — гэта не толькі перыяд ад адной вайны да другой, паміж імі — час, насычаны не меншымі падзеямі, якія заслугоўваюць дасканалага вывучэння. Кобрыншчына ў гэтым плане для краязнаўцаў — багаты пласт, які захоўвае пад сабой многа цікавых загадак.

Прапанову арганізаваць міжнародныя чытанні, якія буцуць насіць назву ў гонар былога дырэктара ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, чалавека, што большую частку свайго жыцця займаўся вывучэннем Кобрыншчыны, Аляксея Мартынава, з прыцягненнем краязнаўцаў з замежжа, знайшла падтрымку ў прысутных.

Алена БАКУН.