Бакун, А. Навука жыць, любіць, працаваць і марыць / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. — 2019. — 18 верасня. — С. 5 : фота.

Жыццёвыя ўніверсітэты прафесара Васіля Качуркі.

Навука жыць, любіць, працаваць і марыць

Ці мог сялянскі хлопчык з хутара Стрыі, бацька якога крыху ўмеў чытаць і пісаць, а маці толькі ставіць свой подпіс, уявіць, што пройдзе час і ён стане доктарам сельскагаспадарчых навук, прафесарам, рэктарам універсітэта?

— А ведаеце, мог. Ну пра пасаду рэктара ці навуковую дзейнасць, канешне, не марыў, а вось пра тое, каб выбіцца ў людзі, як казалі ў вёсцы, вельмі хацелася, — заўважае Васіль Качурка. –У чалавека павінна быць мара і павінна быць жаданне, вялікае жаданне для яе здзяйснення. Толькі ў такім выпадку ўсё атрымаецца.

І ў майго героя  жаданне атрымаць добрую адукацыю і спецыяльнасць, каб займацца любімай справай, было вельмі вялікім.

— Праўда, юнаком ты яшчэ не ведаеш, кім хочаш стаць на самай справе, таму і пайшоў пасля заканчэння Мінянскай школы, як кажуць, за кампанію з сябрамі-аднакласнікамі паступаць у тады яшчэ Брэсцкі політэхнічны інстытут. Можа, і добра, што па конкурсе не прайшоў, бо зараз ведаю, што спецыяльнасць, якую выбраў, ніяк мне не імпануе. Каб зразумець, чаго ты хочаш, часам трэба добрую школу жыцця прайсці.

Такой школай і стала для майго героя работа ў Кобрынскім райпрамкамбінаце. На прадпрыемстве ён авалодаў майстэрствам станочніка і атрымліваў нядрэнную на тыя часы зарплату.

— За той год я зразумеў, кім хачу быць, вызначыўся з ВНУ, старанна рыхтаваўся да паступлення, а калі прыйшоў час уступнай кампаніі,  закралася сумненне: справа і калектыў падабаюцца, грошы добрыя, навошта кудысьці ісці… А як жа мара расці, развівацца? – не давала спакою душа.

Так, добра здаўшы экзамены і з годнасцю вытрымаўшы вялікі конкурс, Васіль Качурка становіцца студэнтам Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

— Сельская гаспадарка — маё, блізкае, ніколі не пашкадаваў, што выбраў такі шлях, бо гэта мой шлях, — кажа субяседнік.

Пасля заканчэння ў 1973 годзе акадэміі, маладога спецыяліста накіравалі галоўным аграномам у адзін з калгасаў на Магілёўшчыне, дзе ён адпрацаваў тры гады.  6 гадоў на пасадзе дырэктара эксперыментальнай базы “Пагодзіна” шмат далі майму герою ў плане наладжвання сувязяў у калектыве, раскрылі  здольнасці арганізатара і кіраўніка. Паралельна завочна вучыўся ў аспірантуры ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Свой імклівы рост па службовай лесвіцы, а з 1983 года Васіль Качурка пачынае займаць розныя дзяржаўныя і партыйныя пасады, ён тлумачыць толькі адным – стараннай працай на карысць сваёй дзяржавы, жаданнем унесці плённы ўклад у яе дабрабыт. Адкрыты, добразычлівы, дзейсны, праўдалюб, чалавек, які ўмее слухаць і знаходзіць кампрамісы – такім ведаюць яго калегі.

У  1990 годзе дарога вяртае Васіля Качурка ў Беларускую дзяржаўную акадэмію, дзе ён некаторы час працуе на кафедры раслінаводства, а затым узначальвае дэканат агранамічнага факультэта. З 2004 года, а гэта значыць з моманту яго заснавання, займае пасаду рэктара Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ужо на пасадзе рэктара няўрымслівага  працаўніка, навукоўца, кіраўніка Васіля Качурка двойчы выбіралі  дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу.

— Людзі прыходзілі да мяне і калі я быў дэпутатам, прыходзяць і зараз. Чым магу – дапамагаю. Як рэктар, шмат часу ўдзяляю роднай ВНУ. Безумоўна, хочацца, каб наша ўстанова заявіла пра сябе на ўсю моц. А для гэтага шмат чаго трэба зрабіць, многа працаваць. Самае галоўнае – даць студэнтам, а іх у нас 1200 чалавек, трывалыя веды, каб яны былі канкурэнтаздольнымі на сучасным рынку працы, а гэта ў сваю чаргу немагчыма без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы, без моцнага вопытнага калектыву, які, з задавальненнем магу сказаць, у мяне ёсць. Вялікую ўвагу надаю ва ўніверсітэце  навукова-даследчай дзейнасці – яна наш падмурак, наша будучыня, і мае студэнты разумеюць – курсавыя, дыпломныя, даследчыя работы – гэта не выказванне чужых думак сваімі словамі, а  ўласны вопыт, свае меркаванні. Толькі так можна зрабіць рэвалюцыю ў навуцы і сельскай гаспадарцы. (Сам рэктар на сваім рахунку мае кандыдацкую і доктарскую дысертацыю, асноўны накірунак даследаванняў – энергазберагаючыя тэхналогіі вырошчвання збожжавых і зернебабовых культур, якія забяспечваюць высокую ўраджайнасць.)

Кожны раз, прызнаецца Васіль Качурка, калі знаходзіцца ў камандзіроўках паблізу родных мясцін, не абмінае Кобрыншчыну, магіл бацькоў, што пахаваны ў вёсцы Бяроза, а калі дазваляе час – затрымліваецца ў Стрыях, дзе жыве і займаецца фермерствам адзіны з  блізкіх родзічаў, хто застаўся на хутары. Пройдзе басанож па зямлі сваіх продкаў, прыпадзе на калені, каб пакланіцца ёй і сказаць бацькам сваім дзякуй  за навуку жыць, любіць, правацаваць і марыць, бо гэтая іх навука — самая вялікая ўзнагарода з тых шматлікіх узнагарод, якія ён атрымаў  на працягу свайго працоўнага шляху.

Алена БАКУН.