Волчак Аляксандр Аляксандравіч

Біяграфічны нарыс

ВОЛЧАК Аляксандр Аляксандравіч — географ, спецыяліст у галіне гідралогіі сушы, водных рэсурсаў, гідрахіміі, доктар геаграфічных навук (Расія, 2006; Беларусь, 2007), прафесар (2008), лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2007), педагог, дэкан факультэта інжэнерных сістэм і экалогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (2009). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2016) і юбілейным медалём «За заслугі ў меліярацыі зямель» (2021).

Аляксандр Аляксандравіч Волчак нарадзіўся 17 мая 1955 года ў в. Сачковічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых.

У 1972 годзе закончыў СШ № 5 г. Кобрына. З 1972 года па 1973 год працаваў слесарам на Кобрынскім ільнозаводзе.

У 1973 годзе паступіў на гідрамеліярацыйны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута, які з адзнакай закончыў у 1978 годзе, атрымаў кваліфікацыю інжынера-гідратэхніка і быў напраўлены ў Яроміцкае БМУ Кобрынскага раёна на пасаду майстра ўчастка.

Пасля службы ў Савецкай арміі Аляксандр Волчак працаваў загадчыкам лабараторыі на кафедры сельскагаспадарчых меліярацый Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. У перыяд з 1984 года па 1987 год вучыўся ў аспірантуры Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў (Мінск), дзе пад кіраўніцтвам загадчыка лабараторыі В. Н. Плужнікава падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Исследование пространственно-временных колебаний элементов водного баланса (на примере Белоруссии)» на атрыманне навуковай ступені кандыдата геаграфічных навук, якую ў 1988 годзе абараніў у інстытуце водных праблем Акадэміі навук СССР (Масква). Пасля заканчэння аспірантуры працаваў на кафедры сельскагаспадарчых гідратэхнічных меліярацый на пасадах асістэнта, а затым дацэнта.

Па хадайніцтву НАН Беларусі і Брэсцкага аблвыканкама быў створаны Аддзел праблем Палесся НАН Беларусі ў г. Брэсце, куды на пасаду намесніка дырэктара па навуковай працы быў запрошаны А. А. Волчак. Сумесна з дырэктарам, доктарам хімічных навук, прафесарам Н. П. Ярчаком, Аляксандр Аляксандравіч актыўна займаўся стварэннем і станаўленнем першай у Брэсцкай вобласці структуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 2006 годзе ў г. Маскве А. А. Волчак абараніў доктарскую дысертацыю «Закономерности формирования элементов водного баланса речных водосборов Беларуси в современных условиях». У 2007 годзе сумесна з акадэмікам У. Ф. Логінавым Аляксандр Аляксандравіч стаў лаўрэатам прэміі НАН Беларусі 2007 года за цыкл прац «Исследование гидрологического и климатического режимов территории Беларуси: современное состояние, изменения и прогноз». У лістападзе 2007 г. прыняў удзел у рабоце Першага з’езду навукоўцаў Рэспублікі Беларусь.

У 2008 годзе А. А. Волчаку прысвоена навуковае званне прафесара па спецыяльнасці «Геаграфія». З 2007 года па 2010 год Аляксандр Аляксандравіч з’яўляўся навуковым кіраўніком рэгіянальнай праграмы «Машыны, механізмы і сэрвіс».

У сакавіку 2009 года А. А. Волчак запрошаны ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на пасаду дэкана факультэта водазабеспячэння і гідрамеліярацыі (з 2014 года — факультэт інжынерных сістэм і экалогіі). З 2009 года ён з’яўляецца членам навукова-метадычнага савета па спецыяльнасцях прыродаўладкавання і будаўніцтва вучэбна-метадычнага аб’яднання вышэйшых устаноў Рэспублікі Беларусь па адукацыі ў вобласці сельскай гаспадаркі.

А. А. Волчак – вядомы вучоны ў галіне гідралогіі, воднай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар больш за 1170 навуковых прац, у тым ліку 48 манаграфій, 21 вучэбных дапаможнікаў, 3 дапаможнікаў разнастайных міністэрстваў і ведамстваў, 21 вынаходстваў і карысных мадэляў. Актыўна ўдзельнічае ў навуковым жыцці рэспублікі, прымае ўдзел у навуковых канферэнцыях, дзе выступае з дакладамі, рэгулярна друкуе свае працы ў цэнтральных рэспубліканскіх і замежных выданнях. З’яўляецца галоўным рэдактарам серыі Весніка БрДТУ.

Вучоны вядзе вялікую працу па падрыхтоўцы кадраў, чытае лекцыі студэнтам брэсцкіх універсітэтаў, кіруе аспірантамі, дапамагае маладым спецыялістам. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана і абаронена 12 магістарскіх і 6 кандыдацкіх дысертацый. Ім створана навукова-педагагічная школа «Брэсцкая гідралагічная школа».

З 2006 года А. А. Волчак з’яўляецца членам навукова-тэхнічнага савета Нацыянальнага парка «Белавежская пушча», з 2010 года — член секцыі па пытаннях навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання Навукова-кансультатыўнага савета Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. З 2012 года уваходзіць у склад Міжведамаснай камісіі па пытаннях дзяржаўнай воднагаспадарчай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца намеснікам старшыні, экспертам Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў; членам савета па праблемах Палесся.

Па выніках рэспубліканскага конкурсу за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны быў удастоены персанальнай надбаўкі на 2011 год (распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.01.2011 г. № 30рп).

Узнагароджаны граматай (2012), Ганаровай граматай (2020) Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (2019). 24 снежня 2015 года А. А. Волчаку прысуджана званне «Ганаровы доктар УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна». За выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2016 года ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Справу бацькі працягвае дачка – Анастасія Аляксандраўна Волчак, ураджэнка г. Кобрына (1981), кандыдат тэхнічных навук (2009), спецыяліст у вобласці гідраўлікі і інжынернай гідралогіі.

Аляксандр Аляксандравіч вядзе вялікую грамадскую працу. Будучы майстрам спорту па шашках і суддзёй па спорце Нацыянальнай катэгорыі, ён прапагандуе здаровы лад жыцця, актыўна ўдзельнічае ў спартыўным жыцці вобласці.

У 2021 годзе Аляксандр Аляксандравіч падараваў нашай установе шэраг навуковых выданняў, у тым ліку міжнароднае навуковае выданне «Природообустройство Полесья» ў некалькіх тамах, бібліяграфічны паказальнік «Александр Александрович Волчек» (Брест, 2020) з аўтарскім подпісам «Дорогим землякам в знак признательности».