Вуканавіч, С. Сонца для ўсіх : вершы / Слабадан Вуканавіч ; пераклад І. Чароты // Полымя. – 2018. — № 8. – С. 93-96.

Сонца для ўсіх

Хто не слухае залатавустаў,

паслухае гром

Малітва за Беларусь

Сонца для ўсіх беларусаў —

Каб дрэва жыцця пладаносіла

І давалі ўраджай бязмежныя нівы,

Узнятыя сілай мужчын і працай жанчын.

Сонца для тых,

Хто спявае і грае,

Хто хараство і дабро стварае,

Хто ўзводзіць будынкі слова,

Хто раялем і скрыпкаю прамаўляе,

Хто гаворыць жывапісу мовай.

Сонца для залатавустага Францыска Скарыны

З шэрагу першых творцаў пісьменства беларускага,

У славу Барыса Ўсяслававіча,

Славу вольнасці Полацка і Віцебска,

Гомеля, Брэста, Гродна, Магілёва і Мінска…

Дзеля згоды між людзьмі,

Дзеля тысяч азёр,

Нераставання рыб,

Гуртавання буслоў…

Сонца для радасці беларусаў,

Іхніх усмешак і добрых надзей,

Квецені й простага шчасця людзей,

Якім патрэбны дажджы на пасевы,

А таксама і ясныя дні

Для бяспекі самалётаў і цягнікоў.

Выпусцім усіх птушак з клетак,

Усіх рыб з акварыумаў,

Каб усім вольна спявалася

І рэвалюцыі праслаўляліся

Песнямі замест кулямётаў.

Дзеля яснага для беларусаў дня,

Дзеля зорамі аздобленага неба,

Дзеля колішніх і будучых залатавустаў —

Хто зведаў пакуты,

Вылечваецца воляй.

Мая малітва — маё жаданне ўсяго

Дзеля згоды між людзьмі,

Дзеля тысяч азёр,

Нераставання рыб,

Гуртавання буслоў…

Хто не слухае залатавустаў,

Той паслухае гром,

Перажыве засухі і паводкі.

Слухайце тых, хто ўмее

І гаварыць,

І слухаць,

І руку падаваць,

Вітаючыся: «Дзень добры»

і «Добры вечар».

Сонца для радасці беларусаў,

Іхніх усмешак і добрых надзей,

Квецені й простага шчасця людзей,

Якім патрэбны дажджы на пасевы.

Маё пажаданне для залатавустаў:

Няхай беражэ іх Бог, калі чуе,

Няхай беражэ іх жыццё, а яно існуе.

Пачуй маю малітву… пачуй

Ты, які слухаеш і гаворыш,

Які хварэў і пакутаваў,

А вылечыўся воляй.

Ніяк не запамятаю сапраўдную скуру

Сплю як сава

Працую як вяпрук

Лётаю як воран

Мыслю як воўк

Уцякаю як вуж

Днём уцякаю ў ноч

Ноччу хаваюся ад сябе

Падманваць не ўдаецца

Баюся калі не сплю

Цяжка вытрываць рэальнасць

Ўва мне заапарк

Мяняю скуры і масці

Ніяк не запамятаю

Свае сапраўдныя

Масць і голас-рык-піск

Крычу-рычу-пішчу

Сплю ў заапарку

Прачынаюся ў доме

Ніяк не запамятаю

Сапраўдную скуру

Мелі акіян,

цяпер шукаюць кроплю

Чым яны дужэйшыя

Тым для іх дом меншы

Ім бы на ніву нябесных сланечнікаў

На луг шырэйшы за неба

I глыбейшы за мора

Усё пажалі

Засталіся без статку

Мелі акіян

Цяпер шукаюць кроплю

Магутнікі трохгорбыя вярблюды

Сярод бяскрайняй пустыні

Хаты — гадзіннікі дзяцінства

Хаты — гадзіннікі дзяцінства

Паказваюць часы беднасці,

Жалю, радасці, надзеі…

Хаты ахоўваюць час.

У іх — знакі на сценах,

На столі і на падлозе.

Калі заходзяць былыя насельнікі,

Чытаюць, уздыхаючы, тыя знакі.

I многае ўспамінаюць.

Вяртанне ўздымае завесу

I пачынаецца прадстаўленне згадак:

«Добрыя гэта былі часы», —

Так пачынаецца летапіс архіву дзяцінства

Дзяцінства ж — ускраіна жыцця,

Пакуль пераселішся ў цэнтр.

Ды на месца першага плачу вяртаюцца

I вялікія, і малыя,

I пераможцы,

I пераможаныя.

Рукі іх, калі наведвальні

Імі размахваюць і адвітваюцца,

Зноў кіруючы ў іншы свет,

Нібы стрэлкі — паказваюць час.

А знакі на сценах,

Калі не вернуцца насельнікі,

Застануцца непрачытанымі.

Хаты — гадзіннікі дзяцінства.

Доля-2

Я згубіў ключ

А знайшоў трохгаловы дом

I ў доме трое змяіных дзяцей

Якія не могуць выбрацца адтуль

Хіба ж няма для вас ратунуку? — пытаю спагадліва.

Ёсць. Ты наш ратунак, — адказваюць.

I праглынаюць мяне.

ЭПІТАФІЯ

Сны для мяне як арэлі

Ява ж як пасечаны корань

Палова твару майго чорная

Палова белая

Вочы мае яшчэ палымнеюць

Ды сам я глыба ледзяная

Згадкі сталі гадзіннікам

Успаміны ў ядры масліны

Канчаецца мой каляндар

Завеса лесу апускаецца

Слабадан ВУКАНАВІЧ

Пераклад Івана ЧАРОТЫ.