Высокая ўзнагарода земляку // Кобрынскі веснік. – 2004. — 14 студзеня.

Доктар філалагічных навук прафесар Іван Чарота атрымаў з рук прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі прэмію «За духоўнае адраджэнне».

ВЫСОКАЯ ЎЗНАГАРОДА ЗЕМЛЯКУ

Наўрад ці хто з карэнных жыхароў Тэвельскага сельсавета, і асабліва ўраджэнцаў невялічкай вёскі Лышчыкі, застаўся абыякавым да паведамлення ў рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі аб тым, што доктар філалагічных навук прафесар Іван Чарота ў светлае свята Нараджэння Хрыста разам з іншымі дзеячамі культуры і асветы атрымаў з рук прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі прэмію «За духоўнае адраджэнне»…

Гэта не першая высокая адзнака працы нашага земляка на ніве адраджэння славянскай культуры. Дацэнт, загадчык кафедры славянскіх літаратур Іван Аляксеевіч Чарота — адзін з вядомых югаславістаў: валодае сербскай, славенскай,харвацкай, македонскай, а таксама польскай мовамі. Ён аўтар звыш 600 друкаваных перакладаў і 250 навуковых і літаратурных прац. Акрамя вялікай работы за збліжэнне славянскіх культур і народаў, наш зямляк шмат працаваў на ніве духоўнага асветніцтва: з’яўляецца сакратаром біблейскай камісіі Беларускага экзархата, выканаўчым рэдактарам журнала «Праваслаўе».

Шматгранная дзейнасць Івана Чаротыў 1999 годзе была адзначана прэміяй К. Астрожскага (Польшча), за 2002 год — прэміяй Саюза пісьменнікаў Сербіі. У 2002-м яму быў уручаны ордэн Прападобнага Сергія Раданежскага. I вось новая ўзнагарода, на гэты раз дзяржаўная — «За духоўнае адраджэнне»…

Віншаванне з гэтай высокай адзнакай працы і пажаданні далейшых творчых поспехаў і здароўя Івану Аляксеевічу Чароце, які прымае актыўны ўдзел і ў духоўным жыцці сваёй малой радзімы — Кобрыншчыны, накіраваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Канстанцін Сіневіч.

Парадуемся за земляка, яго добрыя справы і ўсе мы.