Гапасюк Сцяпан Ільіч

Біяграфічны нарыс

ГАПАСЮК Сцяпан Ільіч (1930-2005) — астрафізік, доктар фізіка-матэматычных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны.

Нарадзіўся 7 ліпеня 1930 года ў вёсцы Лягаты Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сцяпану даводзілася рабіць усё неабходнае па гаспадарцы, але ў яго былі выдатныя здольнасці, дапытлівасць і неверагодная цяга да ведаў, і у кожную вольную хвіліну ён шмат чытаў.

У час Вялікай Айчыннай вайны Cцяпан Гапасюк з 1942 па 1944 год знаходзіўся ў партызанскай брыгадзе імя Чапаева, удзельнічаў у ваенных аперацыях. Пасля вайны юны партызан быў узнагароджаны ордэнам.

Вучыўся ў сярэдняй школе № 1 г. Кобрына. Адоранага і таленавітага вучня накіроўваў і падтрымліваў любімы настаўнік рускай мовы і літаратуры Міхаіл Ільіч Кірылаў, заслужаны настаўнік БССР, удзячнасць да якога С. Гапасюк пранёс праз усё жыццё. Два апошнія класы Сцяпан закончыў за адзін год, у 1949 годзе экстэрнам здаў экзамены за курс сярэдняй школы. Паспяхова былі здадзены і ўступныя іспыты, Сцяпан Гапасюк стаў студэнтам фізічнага факультэта Львоўскага ўніверсітэта імя І. Франко.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1954 годзе С. І. Гапасюк прыехаў на працу ў Крымскую астрафізічную абсерваторыю Акадэміі навук СССР, дзе і прайшло ўсё яго наступнае жыццё. У абсерваторыі мелася магчымасць правядзення комплексных назіранняў успышак на Сонцы. Адначасова вяліся назіранні ў радыёдыяпазоне, спектральныя і іонасферныя назіранні. У выніку была пабудавана тэарэтычная мадэль успышкі, распрацаваны метады прагнозу ўспышак, што мела значэнне пры палётах спутнікаў.

Сваю навуковую дзейнасць С. І. Гапасюк пачаў на тэлескопах КГ-1 і БСТ-1. У 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Развитие вспышек и магнитные поля на Солнце», а ў 1975 годзе – доктарскую «Магнитные поля и движения в атмосфере Солнца».

Навукоўцу давялося сустракацца і з канструктарам Сяргеем Каралёвым, і з першым касманаўтам Юрыем Гагарыным, бо перад палётам на нейкім этапе ўсе касманаўты праходзілі падрыхтоўку ў Крымскай абсерваторыі, дзе С. І. Гапасюк і яго калегі чыталі ім лекцыі.

З 1967 года С. І. Гапасюк з’яўляўся членам Міжнароднага астранамічнага саюза (МАС), двойчы выбіраўся членам прэзідыума камісіі 12 МАС, што, безумоўна, сведчанне міжнароднага прызнання яго навуковай дзейнасці. У 1987–1989 гадах Сцяпан Ільіч узначальваў лабараторыю фізікі Сонца, з 1989 года стаў галоўным навуковым супрацоўнікам Крымскай астрафізічнай абсерваторыі.

Навуковая дзейнасць С. І. Гапасюка была накіравана на рашэнне фундаментальных праблем фізікі Сонца. Сцяпан Ільіч апублікаваў больш за 200 навуковых работ, якія прызнаны сусветнай грамадскасцю. Ім напісаны агляд па сонечнай электрадынаміцы і манаграфія па фізіцы Сонца (у суаўтарстве). Яго працы ўнеслі вялікі ўклад у разуменне фізічных працэсаў, якія праходзяць на Сонцы і ў касмічнай прасторы.

С. І. Гапасюк быў актыўна працуючым астрафізікам сусветнага ўзроўню. Ён надаваў вялікую ўвагу мадэрнізацыі наглядальных прылад абсерваторыі, укараненні новай тэхнікі. З вялікай упэўненасцю можна казаць пра яго значны ўклад у сусветную навуку. Шматлікія работы і адкрыцці навукоўца пацверджаны даследчыкамі іншых краін.

Шмат намаганняў Сцяпан Ільіч прыкладаў на падрыхтоўку маладых спецыялістаў не толькі Крымскай абсерваторыі, але і супрацоўнікаў іншых навуковых устаноў. Ён падрыхтаваў больш 10 аспірантаў з Украіны, Расіі, Узбекістана, Венгрыі, шэсць з якіх сталі кандыдатамі навук. Кіраваў навуковымі праектамі Міністэрства адукацыі і навукі Украіны і быў аўтарам двух касмічных праектаў. З’яўляўся членам навуковай рады Крымскай астрафізічнай абсерваторыі, членам рэдкалегіі навуковага часопіса «Известия Крымской астрофизической обсерватории», членам Экспертнай Рады па астраноміі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Украіны, членам Навуковай рады па праблеме «Астраномія» аддзялення фізікі і астраноміі НАН Украіны.

Навуковая дзейнасць С. І. Гапасюка атрымала прызнанне і высокую адзнаку. У 2000 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны». У кнізе «500 асоб Крыма» з цыкла «Жыццё выдатных людзей Крыма» яму прысвечана частка старонак. Іменем С. І. Гапасюка названа адна з малых планет (8783 Gopasyuk), адкрытая 13 сакавіка 1977 года.

С. І. Гапасюк памёр 8 жніўня 2005 года. За сваё жыццё ён, несумненна, паспеў зрабіць шмат, аднак некаторыя тэмы навуковых даследаванняў так і не паспеў завяршыць. Працу над імі працягнула дачка навукоўца Вольга Сцяпанаўна Гапасюк, кандыдат фізіка-матэматычных навук (2000), якая жыве ў Крыме і працягвае пачатую бацькам справу.

5–11 верасня 2010 года ў п. Навучны Бахчысарайскага раёна адбылася навуковая канферэнцыя «Физика солнечной плазмы и активность Солнца», прысвечаная памяці С. І. Гапасюка ў сувязі з 80-годдзем з дня нараджэння.

Працы

Гопасюк, С. И. Структура элементов общего магнитного поля Солнца / С. И. Гопасюк, Л. Б. Демкина. — М. : ИЗМИРАН, 1986. — 22 с.

Гопасюк, С. И. Некоторые особенности распределения поля фотосферных скоростей в АО в связи со вспышками / С. И. Гопасюк, Л. Ф. Лазарева // Исследования по физике Солнца : тез. докл. Всесоюз. конф. — Ашхабад, 1990. — С. 88-89.

Гопасюк, С. И. Вспышечная активность и токовые системы активной области / С. И. Гопасюк, В. И. Абраменко, М. Б. Огирь // Исследования солнечной плазмы.- Ашхабад, 1989.

Гопасюк, С. И. Вращение Солнца и мериодиональный дрейф магнитных структур / С. И. Гопасюк, О. С. Гопасюк // Кинематика и физика небесных тел. — 2004.- Т. 20, № 3. – С. 234 — 241.

Гопасюк, О. С. Меридиональный дрейф магнитных структур на Солнце / О. С. Гопасюк, С. И. Гопасюк // Астрономия – 2005: состояние и перспективы развития : тез. докл. 8-го съезда астрон. общества и междунар. симп. — М., 2005.- С. 28.

Гопасюк, О. С. Движение плазмы в магнитном поле тени пятна / О. С. Гопасюк, С. И. Гопасюк // Солнечно-земная физика. — 2004. — № 6. — С. 37-38.

Гопасюк, С. И. Вспышки и поле фотосферных скоростей в активной области / С. И. Гопасюк, Л. Ф. Лазарев // Кинематика и физика небесных тел. — 1988. — № 1. – С. 92 — 94.

Аб жыцці і дзейнасці

90 гадоў з дня нараджэння С. І. Гапасюка (1930) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. — Кобрын, 2018. – С. 135.

Знакамітыя выпускнікі школы. Гапасюк Сцяпан Ільіч // Самая «першая» : інфармацыйна — бібліяграфічнае выданне да 110-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : Святлана Курачук. — Кобрын, 2020. – С. 23-24. – (Адукацыя на Кобрыншчыне).

Курачук, С. Астрафізік з сусветным іменем / Святлана Курачук, Ксенія Пальто // Кобрынскі веснік. – 2018. – 27 студзеня. – С. 4.

У рамках праекта «Людзі навукі нашага краю», да Дня беларускай навукі – артыкул пра ўраджэнца в. Лягаты, навукоўца Сцяпана Ільіча Гапасюка.

Степанян, Н. Н. Памяти Степана Ильича Гопасюка / Н. Н. Степанян // Известия Крымской астрофизической обсерватории. – 2011.– Т. 107, № 1. — С. 219 — 223.

Сарычев, В. Школа моей мамы / Василий Сарычев // Вечерний Брест. Вечерочка. — 2010. — 10 ноября. — C. I, II.

Во второй половине 40-х годов СШ № 1 окончил профессор Крымской обсерватории Степан Гопасюк.

Его именем названа планета// Кобрин-информ. – 2009. – 17 сентября. – С. 27.

С. И. Гопасюк (уроженец д. Легаты) — доктор физико-математических наук, астрофизик, заслуженный деятель науки и техники Украины.

Шевченко, А. Наука для него была всем / Алла Шевченко // Кобрин-информ. – 2006. – 7 декабря. – С. 3.

О докторе физико-математических наук, астрофизике с мировым именем из д. Легаты Степане Ильиче Гопасюке.

Гопасюк Степан Ілліч [Электронный ресурс] // Енциклопедія сучасноі Украіни. – Режим доступа: http://esu.com.ua/ search_articles.php?id=30955. – Дата доступа: 10.05.2020.