Гапоненка, В. А. Энгельгарт Васіль Паўлавіч / В. А. Гапоненка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – Т. 18, кн. 1. – С. 123.

ЭНГЕЛЬГАРТ Васіль Паўлавіч (29.7.1828, в. Кустовічы б. Гродзенскай губ. — 6.5.1915), астраном і мецэнат. Чл.-кар. Пецярб. АН (1890), д-р астраноміі. Са шляхецкага роду швейц. паходжання. Скончыў Пецярб. вучылішча правазнаўства. У 1872-79 пабудаваў каля г. Дрэздэн (Германія) адну з лепшых у Еўропе астр. абсерваторый. Праводзіў сістэм. астр. назіранні камет, малых планет, падвоеных зорак, туманнасцей і зоркавых скопішчаў. Склаў каталог больш за 600 туманнасцей, даследаваў (з Дз. І .Дубягам) арбіту і рух малой планеты Дыяна. Яго працы друкаваліся ў вядучых тагачасных астр. часопісах; у 1886-95 на ўласныя сродкі выдаў матэрыялы сваіх амаль 20-гадовых астр. даследаванняў («Назіранні», т. 1-3). У 1897 перадаў Казанскаму ун-ту інструменты, абсталяванне і навук. бібліятэку, што дазволіла пабудаваць (1899) каля Казані новую абсерваторыю (у 1903 названа імем Э.). Выдатны музыкант (піяніст, арганіст), прапагандыст творчасці М. І. Глінкі, шмат аўтографаў якога, у т. л. партытуру оперы «Іван Сусанін» («Жыццё за цара»), перадаў у Публічную б-ку Пецярбурга. У канцы 19 ст. захапіўся рас. ваен. гісторыяй, прайшоў па мясцінах, звязаных са Швейцарскім паходам Суворава 1799, дзе на ўласныя сродкі паставіў помнікі і мемарыяльныя дошкі. Сабраныя ім матэрыялы (ядры і зброя з месцаў баёў, мэбля з дамоў, дзе спыняўся Сувораў, і інш.) перадаў у 1902 у Сувораўскі музей у Пецярбургу.

В. А. Гапоненка.