Біяграфічны нарыс

ГАРДУН Сяргей Аляксеевіч (Сергiй Гардун) — святар i вучоны, прафесар, мiтрафорны протаiерэй, кандыдат багаслоўя (1990), дацэнт (2000). Ён злучае ў сваёй асобе навукоўца i клiрыка.
Сяргей Аляксеевіч Гардун нарадзіўся 4 сакавіка 1959 года ў вёсцы Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька, Аляксей Іванавіч Гардун, працаваў у калгасе «Новае жыццё», маці, Аляксандра Іванаўна, – у сталовай. Уся сям’я была веруючая, і гэта было вызначальным у далейшым лёсе Сяргея. Вучыўся ў Дзівінскай сярэдняй школе. Калі ў 5–6 класе ў хлопчыка была мара стаць настаўнікам, то ў 8 класе, калі прачытаў Евангелле, з’явілася жаданне глыбей пазнаць Свяшчэннае Пісанне, багаслоўе і стаць свяшчэннікам.
Пасля заканчэння школы ў 1976 годзе Сяргей Гардун паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (цяпер Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), таму што ў духоўную семінарыю, дзе ён марыў вучыцца, па савецкім заканадаўстве было забаронена паступаць да наступлення васемнаццацігоддзя. Юнаку з дзяцінства лёгка даваліся мовы, ён добра ведаў англійскую, а таксама рускую, украінскую, польскую і, безумоўна, беларускую, якая пастаянна гучала ў доме бацькоў. Будучы студэнтам, юнак на працягу ўсіх пяці гадоў навучання старанна наведваў богаслужэнні ў Свята-Духавым кафедральным саборы і ў Аляксандра-Неўскай царкве.
Пасля заканчэння інстытута па спецыяльнасці «настаўнік англійскай і французскай моў» (1981) два гады працаваў настаўнікам англійскай мовы ў вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна, усё гэтак жа рэгулярна наведваў царкву, што ў эпоху багаборства лічылася зусім непрымальным для савецкага настаўніка.
Пакінуўшы педагагічны шлях, Сяргей Гардун паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, якую закончыў у 1984 годзе. Затым працягнуў вучобу ў Маскоўскай духоўнай акадэміі, пасля заканчэння якой быў пакінуты ў якасці прафесарскага стыпендыята і выкладчыка Святога Пісання Старога Запавету і англійскай мовы ў Маскоўскай духоўнай семінарыі. Адначасова з гэтым у 1987 годзе ў храме ў імя Рускіх Святых Тройца-Сергіевай лаўры іерэй Сергій быў пасвечаны ў сан святара.
Працуючы выкладчыкам Маскоўскай духоўнай семінарыі, марыў як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь. Гэта стала магчымым у 1989 годзе, калі ў Жыровічах была адноўлена дзейнасць Мінскай духоўнай семінарыі. Іерэй Сергій Гардун стаў першым вучоным сакратаром і адным з выкладчыкаў спачатку ў семінарыі, а пазней у Мінскай духоўнай акадэміі і Беларускім дзяржаўным універсітэце.
2 верасня 1990 г. нададзены тытул протаіерэя. Першы прыход – у в. Лелікава Кобрынскага раёна, дзе служыў у 1990 годзе без афіцыйнага прызначэння, а толькі па вуснаму благаславенню архіерея. Потым тры з паловай гады быў Слонім, кароткі час служыў у Ганцавічах. У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Пастырства іерасхіманаха Макарыя (Іванова)».
З 1994 года — у Мінску. Служыў ў Мінскім кафедральным саборы і адначасова выкладаў на факультэце тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які ў 2004 годзе быў пераведзены ў склад БДУ. З 2000 года — дацэнт, з 2010 года — прафесар Мінскай духоўнай акадэміі. Выкладчык Свяшчэннага Пісання Старога Запавету, уводзін у спецтэрміналогію (на англійскай мове), спецкурса «Сучасная Праваслаўная Духоўнасць» (на англійскай мове).
У 2005–2018 гадах – загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, са студзеня 2018 года – першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ. З 2021 года – загадчык кафедры біблеістыкі Мінскай духоўнай акадэміі. На працягу 28 гадоў служыў клірыкам Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Многія гады ўсёй нашай краіне Сергій Гардун даваў каментарыі на беларускай мове да святочных богаслужэнняў на Раство і Уваскрэсенне Хрыстова ў час іх трансляцыі па першаму дзяржаўнаму тэлеканалу Беларускага тэлебачання.
Асветніцкая дзейнасць протаіерэя Сергія Гардуна з’яўляецца значнай для праваслаўя на беларускіх землях. Ім перакладзены на беларускую мову богаслужэнні Боскай літургіі, вялікай вячэрні, чыноў Вадохрышча і Вянчання, Наступства да Святога Прычашчэння, малітвы ранішнія і на сон будучы, малітвы перад споведдзю. Склаў і сам пераклаў Беларускі малітваслоў, актыўна ўключаўся ў выдавецкія справы, у прыватнасці Выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы.
Найважнейшым плёнам яго прац з’яўляецца пераклад Новага Запавету, які мае міжканфесійнае значэнне. Пад старшынствам святара на працягу чвэрці стагоддзя калектыў аўтараў працаваў над перакладам з мовы арыгінала на сучасную беларускую мову Святога Пісання Новага Запавету. Працы, выдадзеныя ў 2017 годзе, атрымалі высокую ацэнку праваслаўнай грамадскасці і былі адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2018).
Сергій Гардун быў прафесіяналам як у галіне багаслоўскай падрыхтоўкі, так і ў сферы мовазнаўства. Валодаў дзевяццю мовамі, у т. л. грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, англійскай, французскай, польскай, украінскай. Яму даводзілася служыць набажэнствы цалкам па-англійску.
Узнагароджаны ордэнамі Сергія Раданежскага ІІІ ступені, Кірылы Тураўскага І і ІІ ступеней, медалём Сергія Раданежскага ІІ ступені і іншымі царкоўнымі ўзнагародамі. Кінастудыя «Беларусьфільм» выпусціла дакументальны фільм «Айцец Сергій» (2007; сцэнарый У. В. Мароза, пастаноўка рэжысёра С. А. Гайдука) аб лёсе протаіерэя Сергія Гардуна — чалавека, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу.
Будучы шчырым і адкрытым духоўнікам, ён быў добрым пастырам. Кожнае звернутае да яго пытанне прапускаў праз сваё сэрца, запальваў у сэрцах людзей жаданне жыць, працаваць, тварыць. Протаіерэй Сергій Гардун заслужана набыў любоў і павагу свяшчэнначалля і паствы, шырокай навуковай грамадскасці, працаўнікоў храма і мноства вернікаў.
21 чэрвеня 2022 г. айцец Сергій адышоў у іншы свет, пакінуўшы аб сабе добрую памяць у сэрцах суайчыннікаў. Пахаваны, паводле яго завяшчання, на малой радзіме – у Дзівіне.