Гардун, С. А. «Сімвал Беларусі» / [Сергій Гардун ; гутарыла] Ніна Шчарбацэвіч // Звязда. — 2019. — 10 студзеня. — С. 1, 13.

«СІМВАЛ БЕЛАРУСІ»

Перакладчыкі Бібліі на родную мову

ўшанаваны высокай узнагародай

Адметна, калі добрыя справы атрымліваюць належную ацэнку не толькі на асабістых «паднябесных» рахунках тых, хто іх робіць: і дзесьці там, за аблокамі, ставіцца «птушачка». Прыемна, калі такія выпадкі адзначаюцца і тут, на нашым зямным узроўні. Бо дабро павінна называцца дабром, а чалавечая праца — атрымліваць належную ўзнагароду. Так, учора, ва ўрачыстай атмасферы, былі ўганараваныя лаўрэаты Прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Сярод уладальнікаў пачэснай узнагароды — калектывы Біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў у Беларусі. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з протаіерэем Сергіем Гардуном. Ён з’яўляецца старшынёй рабочай групы і адказным рэдактарам перакладу, які зроблены праваслаўнай царквой. Варта адзначыць, што разам з ім над тэкстам стала працавала яшчэ пяць чалавек. Гэта прафесар, доктар філалагічных навук Іван Чарота, протаіерэй, выпускнік філалагічнага факультэта БДУ і духоўнай семінарыі Аляксандр Пачопка, кандыдат філалагічных навук, фалькларыст Уладзімір Васілевіч, выпускнік філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат багаслоўя Алесь Кароль, а таксама Таццяна Матрунчык, якая з’яўлялася выканаўчым сакратаром.

Айцец Сергій, раскажыце, ці думалі, што ваша праца атрымае такую высокую ўзнагароду? Якія першыя ўражанні?

— Вядома, такой узнагароды мы не чакалі. Яна вельмі радуе. Прыемна, што на такія рэчы, як пераклад Бібліі на родную мову, наша грамадства і ўлады звяртаюць увагу і цэняць іх. Чаму гэта так важна для мяне асабіста?.. Я вырас у той час, калі за наведванне храма, хрышчэнне, вянчанне звальнялі з работы. Евангелле было пад забаронай. Хоць за мяжу выязджалі рэдка, але калі ехалі, Свяшчэннае Пісанне канфіскоўвалі. Гэта кніга дзесьці была, але ў вельмі абмежаванай колькасці. Цяпер мы жывём у краіне, дзе зусім іншае стаўленне да царквы, да Бібліі. Яна прызнаецца самай важнай і галоўнай кнігай, прычым для ўсяго чалавецтва. Гэта радасна і прыемна.

Сама ідэя прэміі «За духоўнае адраджэнне» мне таксама падабаецца. Думаецца, яна мае глыбокі сэнс і нібы сапраўды закладае праграму такога адраджэння. Нават назва ўказвае на яго важнасць і значнасць. Безумоўна, гэты працэс для нас, хто мае духоўную традыцыю, звязаны і з Бібліяй. Калі мы цэнім новыя пераклады, мы спадзяемся, што яны будуць больш чытацца, пашырацца, што мы наблізімся да сваіх вытокаў. Будзем адчуваць сваю роднаснасць з Кірылам Тураўскім, Ефрасінняй Полацкай, прападобнамучанікам Афанасіем, Францыскам Скарынам. Яны жылі ў хрысціянскай традыцыі і заклалі падмурак нашай культуры, духоўнасці. Важна, каб мы не толькі памяталі імёны, але і набліжаліся да іх духоўнасці. Пераклады гэтаму спрыяюць, і сама прэмія спрыяе духоўнаму адраджэнню.

— Ці было складана зрабіць такі пераклад?

— Складана. Аднак усведамленне таго, што гэта патрэбна, урэшце прывяло да выніку. У 1989 годзе дазволілі адкрыць духоўную семінарыю ў Жыровічах, мы адчулі свабоду для рэлігійнага жыцця.

Мы зразумелі, што пара зрабіць пераклад на сучасную беларускую мову. Бо пераклады, якія ўжо існавалі, не зусім адпавядалі сучаснасці і лексікай, і граматыкай. Мы ўсведамлялі, што ўсе пераклады павінны быць зроблены з арыгінала. У постсавецкі час складана было знайсці людзей, якія ведаюць і старажытнагрэчаскую мову, і сучасную беларускую мову. Да таго ж важна было прачытаць іншыя пераклады. Безумоўна, звярталіся да прац Скарыны, глядзелі, якую ён выкарыстоўваў лексіку. Мы працягваем яго традыцыю.

Чыста фізічна было цяжка зрабіць пераклад. Бо не ўсе тыя, хто мог займацца ім, у той час пражывалі ў Мінску. Я тады жыў і служыў у Слоніме. Натуральна, збірацца часта мы не маглі. Спачатку пачалі сустракацца раз на месяц. Да таго ж мы ўсе, хто ўвайшоў у групу, дзесьці працавалі. Іван Чарота, напрыклад, і загадчыкам кафедры ва ўніверсітэце быў, і загадваў секцыяй перакладаў у Саюзе пісьменнікаў, і ў ВАКу займаў пэўную пасаду. Пры такой занятасці кожнага было складана знайсці час, але ўсё ж такі пачалі збірацца раз на тыдзень па чацвяргах. Натуральна, калі на гэты дзень прыпадала свята, святарам трэба было быць на службе. Таму працэс ішоў доўга, але цярпліва, радок за радком мы перакладалі. Складаным было і тое, што царкоўная багаслоўская тэрміналогія не надта распрацавана. Часта доўга думалі, якое слова выбраць, як перадаць тое ці іншае паняцце.

— Атрымліваецца, хтосьці з вас добра ведае старажытнагрэчаскую мову, хтосьці выдатна валодае сучаснай беларускай мовай, а хтосьці блізка знаёмы з іншымі перакладамі. Вы ў літаральным сэнсе перакладалі разам?..

— Так, сустракаліся складаныя выразы — трэба было параўнаць, а як іх пераклалі на іншыя мовы. На англійскую, напрыклад, ёсць дзясяткі перакладаў, таксама на французскую шмат, на польскую мову некалькі. У нас у групе ёсць людзі, якія ведаюць некалькі замежных моў. Акрамя царкоўнаславянскага, мы глядзелі пераклады на рускую мову, іншыя пераклады на беларускую мову, і пераклады на іншыя мовы.

— У адной са сваіх лекцый вы распавядалі, што на рускую мову ёсць толькі адзін пераклад Бібліі, а на беларускую іх зроблена шмат. Чым тлумачыцца такая сітуацыя?

— Ужо існуе не адзін пераклад Бібліі на рускую мову. Агулам жа іх пераклады проста мала распаўсюджаны, не прызнаюцца аўтарытэтнымі. Акрамя афіцыйнага сінадальнага тэксту ёсць пераклад епіскапа Безабразава. Гэты пераклад час ад часу друкаваўся. Ён быў зроблены ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і надрукаваны ў Парыжы эмігрантам. Нядаўна выйшаў поўны пераклад Бібліі на рускую мову, да якога можна ставіцца сур’ёзна. Астатнія пераклады праглядаліся дасведчанымі людзьмі, і ў іх бачыліся недакладнасці. І з-за шырокай вядомасці рускага перакладу, іншыя не надта заўважаліся. Растлумачу, чаму настолькі аўтарытэтны рускі сінадальны пераклад. Ён рабіўся прадстаўнікамі чатырох духоўных акадэмій рускай праваслаўнай царквы. Пасля канчатковы варыянт тэкстаў глядзелі ў Святым Сінодзе самыя высокія духоўныя асобы. І толькі пасля афіцыйнага зацвярджэння пераклад распаўсюджваўся. Яго аналізавалі спецыялісты па рускай мове з іншых краін і таксама прызналі дакладным.

Што датычыцца беларускіх перакладаў, яны рабіліся ў менш спрыяльных умовах. Скажам, пераклад пратэстанта Лукаша Дзекуця-Малея, які выйшаў у 1931 годзе, рабіўся ў межах тагачаснай Польшчы. А польскі ўрад вельмі адмоўна ставіўся да беларускай мовы і да беларускага нацыянальнага жыцця. У такіх умовах людзі спрабавалі нешта рабіць. Дзекуць-Малей не меў дастатковай адукацыі, перакладаў з рускай і з польскай моў. Нехта іншы пасля спрабаваў зрабіць яшчэ лепшы тэкст…

«Цяпер мы жывём у краіне, дзе зусім іншае стаўленне да царквы, да Бібліі. Яна прызнаецца самай важнай і галоўнай кнігай,прычым для ўсяго чалавецтва. Гэта радасна і прыемна».

— Якім быў ваш асабіста шлях да беларускай мовы?

— Вельмі натуральным і арганічным. Мае бацькі і дзяды не размаўлялі ні на якой іншай мове, акрамя мовы нашай вёскі. І іншыя сваякі, дзядзькі таксама. Гэта мова была для мяне натуральнай. Але школа ў нашай вёсцы была на рускай мове. Беларуская мова з’явілася толькі з 3 класа. Мае бацькі, калі адпраўлялі мяне ў 1 клас, проста баяліся, што я не буду разумець. Некалькім сказам мама мяне загадзя вучыла: «У цябе будуць запытваць: «Как тебя зовут?» «Сколько тебе лет?» — Ты павінен адказаць». Памятаю такі выпадак. У нашых першых класах тады было па 40 чалавек. І нам задалі зрабіць практыкаванне. На сцяне віселі малюнкі ці стаялі каля дошкі. На іх былі намаляваны розныя прадметы — ці лыжка, ці відэлец, ці орган цела. Трэба было назваць гэта па-руску. Настаўніца запытвалася: «Што гэта?» Мы ўсе казалі «вока». Яна казала: «Няправільна. Хто ведае, як па-руску?» Ніхто з 42-х чалавек не ведаў.

Я ніяк не мог зразумець, чаму ў школе не могуць гаварыць на такой мове, на якой мы гаворым звычайна? І ніхто не мог мне адказаць на гэта пытанне, хоць я задаваў яго. Толькі мама сказала, што якая ўлада, такая

і мова. Мама вучылася ў польскай школе. І калі хтосьці на перапынку размаўляў па-свойму, білі лінейкай па руках. Таму калі ў нашай школе нарэшце з’явілася беларуская мова і літаратура, я адчуў, што гэта сваё.

Больш-менш размаўляць па-руску я пачаў з чацвёртага класа. Да гэтага быў псіхалагічны бар’ер, я хоць і разумеў, але не адказваў. Напрыклад, некаторыя рускія словы, мне здавалася, вельмі дзіўна гучаць, я чырванеў, калі вымушаны быў іх прамаўляць. Да таго ж думаў: як гэта гаварыць не на роднай мове, а на нейкай іншай?.. Па праўдзе да канца школы, па-за межамі ўрокаў, мы заўсёды размаўлялі на сваёй мове. Я назіраў, што толькі адслужыўшы ў войску, вяртаючыся, хлопцы пачыналі размаўляць па-руску. Мы ж у побыце карысталіся сваёй мовай.

Я люблю мовы, рускую мову люблю. Па-польску таксама выдатна чытаю, пішу і неяк нават перакладаў афіцыйную сустрэчу. Але ў жыцці аддаю перавагу беларускай мове. Прамаўляю на ёй пропаведзі, размаўляю, калі ёсць з кім.

— Ці бачыце запатрабаванасць перакладу Бібліі на беларускую мову?

— Так, яна з’явілася адразу пасля таго, як пра пераклад стала

больш-менш вядома. Першая прэзентацыя адбылася 2 верасня 2017 года падчас Дзён пісьменства ў Полацку. Тыя экзэмпляры, што мы прывезлі ў Полацк, за гадзіну раскупілі — што для некаторых было нечакана. Былі заказы і з усіх епархій. На месцах, у Брэсце, у Віцебску, паасобнікі разабралі адразу. Агульны наклад у 5000 хутка разышоўся. Пачалі прытрымліваць паасобнікі, каб было што падарыць пры неабходнасці. Здаецца, цяпер гэту кнігу можна набыць толькі ў Мінскім епархіяльным упраўленні, па адрасе Вызвалення, 10.

Нашым перакладам зацікавіліся і іншыя спецыялісты — міжнародная хрысціянская пратэстанцкая арганізацыя «Гедэонавы браты». Яны спецыялізуюцца на тым, што ва ўсіх краінах свету распаўсюджваюць Свяшчэннае Пісанне ў гасцініцах, у бальніцах, у іншых месцах. Яны пазнаёміліся з нашым перакладам, папрасілі правесці ў сябе яго багаслоўскую экспертызу — праверыць, наколькі дакладны. Зрабілі такі аналіз у ЗША, сабраўшы сваіх знаўцаў славянскіх моў, багасловаў. Выбралі 50 цытат з нашага перакладу, папрасілі як мага больш дакладна перакласці іх з беларускай на англійскую. І пасля гэтага вынеслі заключэнне, што пераклад дасканалы і якасны. Яны перавыдалі наш пераклад тыражом 30000 і яшчэ

3000 зрабілі для нас у падарунак. Гэтыя паасобнікі распаўсюджваюцца бясплатна. Людзі ахвотна бяруць. Дай Бог, каб яшчэ і чыталі. На вокладцы змешчаны ефрасіннеўскі крыж — сімвал Беларусі. Думаю, гэта добрае спалучэнне — пераклад на беларускую мову і сімвал нашай краіны.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА