Гардун, С. “Для землякоў – беларусаў” / [Сергій Гардун ; размаўляла] Ніна Шчарбачэвіч // Звязда. – 2017. — 12 верасня. – С. 10.

Протаіерэй Сергій Гардун расказаў усе падрабязнасці стварэння перакладу на беларускі Новага Запавета

 Новы Запавет надрукавалі па-беларуску

         Выйшаў пераклад Новага Запавету на родную мову, зроблены праваслаўнай царквой.

         «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» — выданне з такой назвай было прэзентавана на Дні беларускага пісьменства ў Полацку. Гэта новы пераклад Свяшчэннага Пісання на беларускую мову. Зроблены ён Біблейскай камісіяй Беларускай праваслаўнай царквы. У склад камісіі ўвайшлі протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя протаіерэй Аляксандр Пачопка, бакалаўр багаслоўя Іван Чарота, доктар філалагічных навук Уладзімір Васілевіч, кандыдат філалагічных навук Алесь Кароль і кандыдат багаслоўя Таццяна Матрунчык. Протаіерэй Сергій Гардун расказаў усе падрабязнасці стварэння такога важнага перакладу:

         «Ідэя ўзнікла яшчэ ў канцы 1980-х гадоў — як толькі пачалася перабудова і стала можна святарам займацца такой сур’ёзнай творчасцю. Дагэтуль дзейнасць любой духоўнай асобы абмяжоўвалася сценамі храма і богаслужэннем. Да таго ж не было ўмоў для выдання: калі б мы зрабілі гэты пераклад 40—50 гадоў таму, яго б усё адно ніхто не выдаў. І толькі калі з’явілася перспектыва, што праца можа пабачыць свет, мы сталі працаваць.

Мітрапаліт Філарэт благаславіў стварэнне Беларускай біблейскай камісіі. Яна складаецца са святароў, з некалькіх праваслаўных асоб, што маюць не толькі багаслоўскую, але і філалагічную адукацыю, а таксама з прыхаджан нашых храмаў — дактароў філалагічных навук, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мы стварылі такую групу і пачалі працаваць.

Справа ішла доўга, бо напачатку мы нават не ўсе жылі ў Мінску. Выбіралі дзень, у які можна прыехаць і сустрэцца. Я, напрыклад, служыў у Слоніме ў той час. З 1994 года я жыву ў Мінску, і гэтыя сустрэчы зрабіліся больш рэгулярнымі.

Такім чынам, паступова працавалі. У адрозненне ад іншых перакладаў, якія ўжо рабіліся на беларускую мову, — напрыклад Васіля Сёмухі, ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, даваенных перакладаў, — мы перакладалі з арыгіналаў, са старажытнагрэчаскага тэксту.

Матэуш ці Мацвей?

Што датычыць тэрміналогіі (бо ў розных перакладах яна розная), то тут усё абумоўлена нашай гісторыяй. Каб стала зусім зразумела, скажу, што мы ўсе — хто любіць беларускую мову, шануе яе, карыстаецца ёй — размаўляем на адной мове. Тым не менш у плане канфесійным тэрміны вельмі адрозніваюцца. Скажам, словы «царква» і «касцёл», па сутнасці, абазначаюць будынак для малітвы. У той час як у любой іншай мове для абазначэння гэтых паняццяў выкарыстоўваецца адно і тое ж слова, у нас выкарыстоўваюцца два розныя, якія не замяняюцца адно адным. Гэтаксама некаторыя паняцці, назвы свят розныя. Безумоўна, рабілі пераклад у першую чаргу для праваслаўных вернікаў. Калі ў каталіцкіх перакладах імёны выглядаюць як Матэуш (на польскі манер), то ў нас — Мацвей. Арыентаваліся на імёны, найбліжэйшыя да арыгінала і што людзі прывыклі чуць у храме на царкоўнаславянскай мове.

Панядзелак ці паваскрэснік?

У некаторых выпадках праваслаўныя і католікі згодныя ў выбары таго ці іншага слова: напрыклад, усюды ўжываецца слова «благаславенне» — і ў гэтым яны адзінадушныя. Але многім свецкім аўтарам яно не падабаецца. А слова «дабраславенне» створана штучна, няма ніякіх фальклорных запісаў, каб хтосьці так гаварыў ці пісаў у XVІІ, XVІІІ, XІX стагоддзях. Яно створана ў XX стагоддзі, і мы лічым, што гэта няправільна. Ёсць старажытныя словы, якія заўжды ўжываліся, — не было такога часу, каб іх не выкарыстоўвалі.

Простае слова «панядзелак» — таму што «пасля нядзелі». Раней гэты дзень тыдня, які па-беларуску мы называем «нядзеля», называўся і ў Расіі нядзеляй. Потым яго сталі называць «воскресенье». Але з-за гэтага яны не вырашылі перайменаваць панядзелак і назваць яго «повоскресником». Прыкладна такая ж логіка ў тых, хто не дапускае слова «благаславенне». Усе гэтыя выпадкі мы аналізавалі нашай камісіяй і рабілі адпаведны пераклад.

6000 і 30 000 асобнікаў?

Гэты пераклад ужо быў апрабаваны. Мы спачатку выдавалі яго часткамі. Яшчэ ў 1991 годзе надрукавалі Евангелле паводле Мацвея. Праз некалькі гадоў Марка, Лукі, Іаана. Потым надрукавалі кнігу Дзеянняў апостальскіх. Прычым гэтыя выданні вельмі навуковыя па сваёй форме, бо спачатку ідзе арыгінальны старагрэчаскі тэкст, затым царкоўнаславянскі, рускі сінадальны пераклад XІX стагоддзя і наш беларускі. Калі людзі добра ведаюць мовы, то па гэтых перакладах можна было ўбачыць розныя адценні сэнсу. У 2007 годзе мы выдалі богаслужэбнае Евангелле — чатырох евангелістаў. Аднак гэта былі не проста тэксты, але з пазначэннем, які ўрывак у які дзень на працягу ўсяго года чытаецца. Вельмі зручна святару — адкрыць і прачытаць. І людзі набывалі гэтыя кнігі, і ў многіх храмах яны ўжываюцца. І калі заўважаліся нейкія недакладнасці, абдрукоўкі, то ў новым выданні, натуральна, іх выправілі.

Спадзяёмся, што гэта выданне не апошняе і будуць яшчэ перавыданні. Я нават магу наперад раскрыць таямніцу. Паколькі віртуальны пераклад у інтэрнэце ўжо быў даступны і яго можна было ўбачыць, то замежныя беларусазнаўцы са Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Польшчы, ведаючы пра нашу працу, папрасілі азнаёміцца з ёй больш падрабязна і выказаць свае заўвагі. Таму зараз прынята рашэнне ў міжнароднай арганізацыі, што ўжо да канца года пераклад будзе перавыдадзены, магчыма, у ЗША. Яны вырашылі зрабіць такі падарунак беларусам. Калі мы на царкоўныя грошы надрукавалі толькі 6000 асобнікаў. То там збіраюцца надрукаваць 30 000 асобнікаў, прывезці сюды і распаўсюдзіць. Гэта будзе маленькі фармат. І яны хочуць, каб выданне было не толькі для праваслаўных, але і для католікаў, і для пратэстантаў.

Цяпер на вокладцы кнігі змешчаны Ефрасіннеўскі крыж, аднак гэта праваслаўная святая, а пратэстанты не шануюць святых. Пратэстанты часам выкарыстоўваюць чатырохканцовы крыж, як сімвал. Вядома, я раіў замежным выдаўцам усё-такі выкарыстаць Ефрасіннеўскі крыж, які мае яскравы беларускі характар. Спадзяюся, я іх пераканаў.

А як Скарына?

Безумоўна, робячы сваю працу, мы заўсёды памяталі пра Скарыну, яго імкненне зрабіць тэкст Свяшчэннага Пісання больш даступным, зразумелым. Паўтару словы акадэміка Жураўскага: «Мова, на якой Скарына выдаў Свяшчэннае Пісанне — гэта царкоўнаславянская мова ў беларускай рэдакцыі». Ён абеларусіў царкоўнаславянскую мову настолькі, наколькі лічыў патрэбным, каб гэта было зразумела.

Мы памяталі гэты прынцып Скарыны. Бо часам, калі перакладаюць на беларускую мову, стараюцца прыдумаць такія тэрміны, каб былі як мага больш не падобнымі на рускія. Мы такой мэты не ставілі. Мы акурат хацелі захаваць традыцыю. У мове Скарыны многа царкоўнаславянізмаў. І ў нашым перакладзе гэту традыцыю арыентацыі на царкоўнаславянскую мову захоўваем.

Скарына, хоць і ў Празе пачаў выдаваць свае кнігі, працягнуў у Вільні, але, безумоўна, рабіў гэта для землякоў-беларусаў. А нам, дзякуй Богу, стала магчыма працаваць у сталіцы нашай краіны, у Мінску. Прэзентацыя выдання, сімвалічна, адбылася ў Полацку.

Яшчэ і Псалтыр?

Мы думаем працягваць працу. Скарына спачатку выдаў Псалтыр, а затым Новы Запавет. Мы пачалі ўсё-такі з Новага Запавету. Спадзяёмся, што да 500-годдзя выхаду яго апошняй кнігі, Апостала, у 2025 годзе, паспеем перакласці яшчэ і Псалтыр. Атрымаецца крышку наадварот, але ў сугучнасці са Скарынам.

Гэта выданне, праца беларускай Біблейскай камісіі — сведчанне таго, што словы Госпада Іісуса Хрыста, якія Ён сказаў сваім апосталам: «Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысцячы ў імя Айца і Сына і Святога Духа, і вучачы іх выконваць усё, што я запаведаў вам», — гэта і сёння прынцып дзеяння для царквы. І мы працягваем гэту традыцыю.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ