Гардун, С. “Нам неабходна шырокая дыскусія вакол выкладання ў школах асноў хрысцiянскай культуры”/ Сергій Гардун ; [ размаўляла] Вольга Мядзведзева // Звязда. – 2009. – 14 кастрычніка. – С. 7.

 

Інтэрв’ю з кандыдатам багаслоўя протаірэем Сяргеем Гардуном, ураджэнцам в. Дзівін.

Пратаіерэй Сергій Гардун: “Нам неабходна шырокая дыскусія

вакол выкладання ў школах асноў хрысцiянскай культуры»

         Зварот да вернiкаў i зварот да iнтэлiгенцыi былi асноўнымi ў вiзiце першаiерарха Праваслаўнай Царквы ў Беларусь. Што хацеў сказаць тым i другiм Патрыярх, i што са сказанага было пачутым? Да размовы пра галоўныя вынiкi патрыяршага вiзiту «Звязда» запрасiла святара i вучонага. Размова атрымалася не толькi пра канкрэтную падзею, чаканнi i здзяйсненнi, з ёй звязаныя, але i пра стан беларускага грамадства i нашай духоўнасцi наогул.

         Загадчык кафедры бiблеiстыкi i хрысцiянскага веравучэння Iнстытута тэалогii БДУ, мiтрафорны протаiерэй Сергiй ГАРДУН, кандыдат багаслоўя i дацэнт змяшчае ў сваёй асобе навукоўца i клiрыка. Чытачы «Звязды» ведаюць гэтага чалавека яшчэ i па каментарыях на беларускай мове да Лiтургii падчас тэлетрансляцый святочных набажэнстваў з галоўнага праваслаўнага сабора нашай краiны. Але нашы пытаннi да айца Сергiя адрасаваныя ў першую чаргу як да прадстаўнiка беларускага духавенства.

         Айцец Сергiй, афiцыйна адзначалася, што Патрыярх прыязджаў у Беларусь, каб пакланiцца святыням i для малiтоўных стасункаў з вернiкамi. Аднак цяпер, постфактум, цi можна казаць пра нейкую больш шырокую мэту вiзiту?

         Безумоўна, тое, што Патрыярх прыехаў перш за ўсё, каб пакланiцца святыням беларускага народа i каб разам з iм памалiцца — застаецца самым асноўным у вiзiце, якi адбыўся. Пра гэта казаў i сам Патрыярх.

         Але гэтую фармулёўку можна было б дэталiзаваць, а саму мэту вiзiту разглядаць больш падрабязна. Бо гэта, несумненна, была свайго роду азнаямленчая паездка. Патрыярху, якi не так даўно быў абраны, важна ведаць i бачыць сваiмi вачыма сiтуацыю ўсюды. Бо яна розная.

         Перад гэтым, як вядома, Патрыярх быў ва Украiне, i там сiтуацыя была зусiм iншая. У рэгiёнах, дзе iснуе раскол i дзе прызнаецца лжэпатрыярх кiеўскi, адны выступалi супраць вiзiту першаiерарха Рускай Праваслаўнай Царквы, другiя мусiлi заяўляць аб сваёй вернасцi, пiсаць лозунгi i скандзiраваць: «Кiрыл — наш Патрыярх!».

         У нас падобныя выступленнi былi непатрэбныя, яны не мелi сэнсу, бо ў Беларускай Праваслаўнай Царкве расколу няма, i настрой людзей не толькi праваслаўных, але i iншых, быў добразычлiвы.

         Акрамя таго, для першаiерарха важны i кантакты з дзяржаўнай уладай. Бо, зноў жа, яны ў той жа Украiне i Беларусi розныя. Рознiцу ў стаўленнi прадстаўнiкоў беларускай i ўкраiнскай улады да вiзiту можна было назiраць i на рэгiянальным узроўнi.

         Так сталася, што летам я паехаў да сваiх сваякоў у Луцк. Дык там тады толькi i гаварылi, ды i газеты пiсалi, пра выпадак з экс-губернатарам Роўненшчыны, якi афiцыйна заявiў, што не дапусцiць Патрыярха на тэрыторыю вобласцi. Сказаў: «Толькi праз мой труп». На наступны дзень пасля гэтай заявы, калi гэты чалавек быў на рыбалцы i падчас навальнiцы размаўляў па мабiльным тэлефоне, у яго трапiла маланка i забiла. Патрыярх прыехаў, i не было каму арганiзоўваць пiкеты супраць яго вiзiту. Падобнае немагчыма ў Беларусi. Тут Патрыярха вiталi не толькi ў Мiнску, але i ў Полацку, i ў Вiцебску, i не толькi на ўзроўнi Царквы, але i на ўзроўнi дзяржаўнай адмiнiстрацыi.

         Падчас падобных сустрэч першаiерарху важна ўбачыць таксама наяўнасць пэўных iнтэлектуальных сiлаў у Царкве на месцах. Але першаiерарх не толькi для гэтага прыязджае. Ён прыязджае яшчэ i для таго, каб падтрымаць сваю паству. I падтрымка гэтая можа быць самая разнастайная.

         Вось тое, што ў Расii дасягнула даволi высокага ўзроўню, а ў Беларусi яшчэ i не абмяркоўвалася сур’ёзна — гэта пытанне выкладання ў школах асноў хрысцiянскай культуры. Мне здаецца, што, магчыма, у вынiку сустрэч Патрыярха i з Прэзiдэнтам Беларусi, i тут у нас у Iнстытуце тэалогii — з мiнiстрам адукацыi, рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, гэтая тэма будзе вынесена на абмеркаванне грамадскасцi. Пра гэта, дарэчы, сведчыла i ток-шоу «Выбар» на Агульнанацыянальным тэлебачаннi адразу пасля завяршэння вiзiту. I што вельмi важна — iнтэрактыўнае галасаванне падчас праграмы, якое вызначыла, што з амаль 6 тысяч гледачоў, якiя адгукнулiся, 88 працэнтаў падтрымлiваюць увядзенне падобнага курсу ў беларускiх школах.

         Пра што, дарэчы, яшчэ iшла гаворка падчас сустрэчы з Патрыярхам у Iнстытуце тэалогii?

         Пераважна Патрыярх гаварыў пра праблему прызнання дыпломаў багаслоўскiх навучальных устаноў i пра праблему прызнання багаслоўскiх вучоных ступеняў.

         Багаслоўскiя дыпломы i вучоныя ступенi не прызнаюцца нашай дзяржавай?

         Фармальна не прызнаюцца. Сiтуацыя ў Беларусi склалася парадаксальная. Дзяржава фармальна не прызнае дыпломаў выпускнiкоў Семiнарый i Духоўных акадэмiй, а таксама вучоных ступеняў кандыдата багаслоўя, доктара багаслоўя i г.д. Але атрымлiваецца так, што фактычна — прызнае. Бо Iнстытут тэалогii — дзяржаўная навучальная ўстанова, знаходзiцца ў структуры БДУ, i тут выкладаюць выпускнiкi якраз духоўных школ. Тут, у БДУ, створаны юрыдычны прэцэдэнт, а, напрыклад, пры спробе ўладкавання ў iншую дзяржаўную навучальную ўстанову ім можа быць адмоўлена на падставе адсутнасцi дзяржаўнага дыплома.

         Былi выпадкi, калi выпускнiкi Семiнарыi i Духоўнай акадэмii звярталiся ў школу з прапановай адкрыць там факультатыў (гэта дазваляецца пры наяўнасцi згоды на тое бацькоў i настаўнiкаў), iм адмаўлялi якраз з-за адсутнасцi ў iх дзяржаўнага дыплома i педагагiчнай адукацыi.

         Калi вярнуцца да ўвядзення ў школах курсу хрысцiянскай культуры, наколькi, на ваш погляд, гэта пытанне выспела?

         На нiжнiм узроўнi яно ставiлася ўжо неаднойчы. I подпiсы збiралiся, i былi калектыўныя звароты да ўладаў. Аднак публiчна на афiцыйным узроўнi яно ўпершыню абмяркоўвалася якраз пасля вiзiту Свяцейшага. Думаю, гэта ўжо пачатак шляху. Бо патрабаваннi насельнiцтва ёсць, а задача дзяржавы — знайсцi спосаб, як iх задаволiць.

         Прыклад той жа Расii паказвае, наколькi гэта няпроста…

         Праўда. На маю думку, галоўная перашкода тут у чынавенстве, якое не ўсведамляе важнасцi пытання. Сярод апанентаў iдэi можна пачуць аргумент наконт нашай шматканфесiйнасцi. Але гэты момант якраз вырашальны. Прыкладам можа служыць Польшча. Там у школах выкладаецца Закон Божы, i гэтым задаволены i праваслаўныя, якiх у краiне меншасць, i католiкi. Сутнасць у тым, што класы там дзеляцца на групы, i кожная група мае права выбару. Але менавiта чынавенства не гатовае да ўвядзення курсу асноў рэлiгii ў школе. Прычына ў тым, што, чым больш чалавек узрастае духоўна, тым больш сцiпла ён сябе паводзiць. Таму сярод чыноўнiкаў у нас мала вернiкаў. А рашэнне кожны прымае, перш за ўсё, зыходзячы са сваiх поглядаў.

         Айцец Сергiй, цi не хаваецца за знешне спакойным i мiрным жыццём Беларускай Царквы небяспека расхалоджвання веры сярод яе прыхаджан?

         Такая праблема ёсць не толькi для Беларусi, але для Царквы ў цэлым. Яна iснавала i ў старажытнасцi. Яшчэ Тэртулiян заўважыў, што падчас ганенняў у Царкве былi толькi цвёрдыя, мужныя, перакананыя людзi, гатовыя ахвяраваць жыццём дзеля Хрыста. Як толькi патрэба ў самаахвярнасцi адпадае, у Царкву прыходзяць людзi не да канца адданыя.

         Але, разам з тым, нiхто не хоча нi канфлiктаў, нi варожасцi, нi ганенняў. Мне здаецца, што тут у першую чаргу ад духавенства залежыць выхаванне вернiкаў у шчырасцi, строгасцi i адданасцi.

         А што датычыцца кансалiдацыi народа, то яе можа выклiкаць не толькi неабходнасць змагання альбо абароны, але i станоўчая падзея. Так, прыезд Патрыярха стаў натхненнем для праваслаўных беларусаў. Асаблiва для тых многiх тысяч, якiя яго бачылi ўвачавiдкi i чулi. Прычына яшчэ ў тым, што калi Патрыярх Кiрыл гаворыць, то адчуваецца моцны ўнутраны стрыжань, перакананасць. Гэта той выпадак, калi агонь запальваецца ад агню.

         Сёння ў нас нярэдка супрацьстаянне i непаразуменнi ўзнiкаюць унутры сем’яў. Жонка ходзiць у храм, а муж гэтым не задаволены. А бывае i наадварот. Я ведаю маладыя сем’i, калi жонка не пускае мужа ў царкву. Гэта цяжка, але калi мы бачым перад сабой прыклад, то гэта лягчэй перацярпець i ёсць магчымасць набрацца сiлаў для годнага нясення свайго жыццёвага крыжа.

         Безумоўна, вiзiт Патрыярха актывiзаваў Беларускую Праваслаўную Царкву. Я з радасцю ўбачыў, што ў нас вялiкiм тыражом выйшла iкона Сабору беларускiх святых. З дапамогай дзяржавы ажыццявiлася факсiмiльнае выданне Слуцкага Евангелля. Выйшла цудоўная сучасная кнiга пра стан Беларускай Праваслаўнай Царквы…

         Айцец Сергiй, не магу не задаць i яшчэ адно пытанне, якое муляе душу. Адзiн мой малады калега, знаўца iнтэрнэту, калi даведаўся пра вiзiт Патрыярха, кiнуў наступную фразу: «Гэта той, што мае гадзiннiк за 36 тысяч еўра?» Як бы вы пракаментавалi такую рэакцыю i такое стаўленне?

         Такое ўспрыманне не толькi Патрыярха, але i проста свяшчэннаслужыцеля, вельмi часта сустракаецца ў нашым грамадстве. Я зусiм не ведаю, якi ў Патрыярха гадзiннiк i колькi ён каштуе. Таму не магу нi пацвердзiць iнфармацыю, якой валодае ваш калега, нi абвергнуць яе. Але я абсалютна ўпэўнены, што калi i ёсць такi гадзiннiк, ён з’явiўся не таму, што Патрыярх мог дазволiць сабе вялiкiя царкоўныя грошы на гэта патрацiць. Гэта цалкам выключана. Калi такi гадзiннiк ёсць, то гэта, несумненна, падарунак. Не думаю, што правiльна было б у падобных выпадках адмаўляцца альбо не карыстацца падарункамi. У адным я абсалютна ўпэўнены, што, калi такi гадзiннiк i ёсць, эканамiчнае становiшча Царквы нiяк ад гэтага не пацярпела.

         У грамадстве мяркуюць так: калi ў святара дарагая рэч, значыць, у яго вялiкi заробак. Не магу адказаць за ўсiх, але адзiн выпадак мне добра вядомы. На адзiн з прыходаў Брэстчыны быў прызначаны малады святар, сям’ю якога я добра ведаў, i я ведаў, адкуль у яго, калi ён ажанiўся, з’явiлася машына. Але народ успрыняў гэта так: адкуль у святара, якi i двух гадоў не служыць, новы аўтамабiль? Дайшло да таго, што пытацца сталi ў мяне, як у выкладчыка Семiнарыi. Але я якраз ведаў, што аўтамабiль падарыла цешча, што ён куплены не за царкоўныя грошы.

         Што гэта? Мусiць, гэта ўзровень свядомасцi чалавека, якi, апынiся ён у сiтуацыi, калi мог бы ўзяць грошы, то ўзяў бы. Калi ў чалавека такая свядомасць, то ён не можа нават уявiць, як можна мець дарагi гадзiннiк альбо машыну, i каб нiчога амаральнага ў тым не было.

Размаўляла Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА