Гардун, С. Праблемы фарміравання беларускай багаслоўскай тэрміналогіі / Сергій Гардун // Беларуская мова ў сакральнай сферы: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 21 лютага 2018 г.). — Мінск, 2019. — С. 7-12.

Даследванне гісторыі пытання і сучаснага стану ў дакладзе пратаіерэя, першага прарэктара Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сергія Гардуна, ураджэнца в. Дзівін.

ПРАБЛЕМЫ ФАРМІРАВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ БАГАСЛОЎСКАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ

Беларуская багаслоўская тэрміналогія знаходзіцца ў працэсе свайго фарміравання. Чаму так доўга яна застаецца несфарміраванай? На гэта ёсць некалькі прычын. Самая першая і непасрэдная заключаецца ў тым, што беларуская мова ў цэлым у нашым грамадстве не займае таго становішча, якое павінна займаць, г. зн. не выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Калі б яна займала належнае месца ў жыцці грамадства хоць бы на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў, то багаслоўская тэрміналогія была б ужо выпрацавана.

У сувязі з неналежным становішчам беларускай мовы існуе праблема яшчэ больш значная, чым нераспрацаванасць багаслоўскай тэрміналогіі: часам нават такія тэрміны, якія аднадушна прымаюцца прафесійнымі багасловамі, прычым розных канфесій, пагардліва адкідаюцца наваяўленымі аматарамі багаслоўя і беларусчыны. Прывяду толькі адзін прыклад: назоўнік «благаславенне» і аднакарэнныя дзеясловы «благаславіць» і «благаслаўляць». Наяўнасць гэтых слоў у беларускай мове няцяжка даказаць: яны прысутнічаюць у пісьмовых помніках ад самага пачатку беларускага пісьменства да цяперашняга часу, зафіксаваны ва ўсіх акадэмічных слоўніках XX і XXI стст. I нягледзячы на гэта, некаторыя «мовазнаўцы» ўпэўнена заяўляюць: «благаславіць» — гэта не па-беларуску, бо «блага» значыць «кепска»… Яны не хочуць зразумець, што беларуская мова з’явілася не ў XXI ст., што некалі слова «благо» і ў нас азначала «дабро», што ёсць у кожнай мове словы, якія нязменна існуюць на працягу стагоддзяў. А калі прытрымлівацца іх логікі, то ў сучаснай рускай мове панядзелак ужо нельга называць «понедельником», а трэба перамяніць на «повоскресник», бо нядзеля ў Расіі ўжо некалькі стагоддзяў называецца «воскресеньем».

Яшчэ адна прычына заключаецца ў тым, што сучасная літаратурная беларуская мова сфарміравалася ў XX ст., а яно было ваяўніча атэістычным, і таму ні ў перыяд актыўнай беларусізацыі грамадства ў 20-я гады, ні ў перыяд пасля Другой сусветнай вайны, калі беларуская мова грунтоўна распрацоўвалася як літаратурная, ствараліся акадэмічныя граматыкі, падручнікі і слоўнікі, рэлігійнай тэрміналогіяй ніхто не займаўся. Тады многія сапраўды думалі, што рэлігія — гэта часовая з’ява, яна паступова адмірае, знікае і хутка яе не будзе зусім. А хто думаў інакш, таму проста не давалі магчымасці выказаць свае думкі.

Акрамя таго, у Беларусі на працягу стагоддзяў суіснуюць дзве хрысціянскія традыцыі — усходняя і заходняя (Праваслаўе і каталіцтва). Роля гэтых дзвюх хрысціянскіх традыцый у гісторыі нашага народа вельмі розная, і нават супрацьлеглая. Як вядома, беларуская народнасць сфарміравалася ў перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага, калі нашы продкі былі праваслаўныя. I вырашальным фактарам яе фарміравання з’яўлялася Праваслаўная Царква. Вядомы дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння першай паловы XX ст. ксёндз Адам Станкевіч (1891-1949) у сваёй манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ» сцвярджае, што «праз увесь беларуска-літоўскі перыяд (XIII-XVI стст.) беларускай гісторыі пануючай верай у Беларусі было Праваслаўе, якое служыла апорай і творывам у гэтым часе беларускай нацыянальнасці і культуры» [2, с. 59]. У гэты ж час сфарміравалася і старабеларуская мова, а разам з ёй была выпрацавана і беларуская багаслоўская тэрміналогія. Яна знайшла сваё адлюстраванне ў выданнях нашага славутага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны. У яго ўласных прадмовах да біблейскіх кніг мы знаходзім такія тэрміналагічныя выразы, як «воплощение Господа нашего Исуса Христа», «Господь Бог», «ко чти и к похвале Створителю, Спасителю, Утешителю Богу, в Троици Единому, и Пресвятой, Преблагословенной, Пречистой Матери Его Марии», «Церков Христова, мати всех хрестиан» і г. д. Амаль усе гэтыя тэрміны, як няцяжка заўважыць, узяты з царкоўнаславянскай мовы, на якой і ў тыя часы, і ў нашыя дні адбываецца богаслужэнне ў праваслаўных храмах. Калі б не далейшыя драматычныя падзеі беларускай гісторыі, то і мова наша, мова Статутаў ВКЛ, мова Ф. Скарыны, князёў Канстанціна Іванавіча і Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскіх, мова архімандрыта Віленскага Лявонція Карповіча і ігумена Берасцейскага Афанасія Філіповіча квітнела б і развівалася. Але ў XVI ст. для барацьбы з пратэстантызмам у Беларусі з’явіліся іезуіты, якія, адолеўшы пратэстантаў, задумалі знішчыць і Праваслаўную Царкву. У краіне, якая адрознівалася раней верацярпімасцю да розных рэлігій (іўдзеяў і мусульман), пачалася вострая рэлігійная барацьба. I гэта была не толькі барацьба каталіцтва супраць Праваслаўя, гэта была разам з тым барацьба польскай дзяржаўнай улады супраць беларускай культуры і беларускай мовы, носьбітам і творцам якіх была Праваслаўная Царква. У якасці сродку знішчэння Праваслаўя іезуіты прыдумалі царкоўную унію. У сучасных падручніках па гісторыі Беларусі для сярэдняй школы і нават для ўніверсітэтаў часта дапускаецца грубая памылка ў тлумачэнні сутнасці уніі: пішуць, што царкоўная унія — гэта аб’яднанне Праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у адно цэлае. Калі б гэта было так, то ўніяцкімі станавіліся і праваслаўныя, і каталіцкія храмы і манастыры. Але толькі праваслаўныя храмы і манастыры адбіраліся ад Царквы і ператвараліся ва ўніяцкія. Гэта было не аб’яднанне, а гвалтоўнае знішчэнне Праваслаўя, пра што пісаў таленавіты беларускі пісьменнік Кастусь Тарасаў у сваім гістарычным нарысе «Гонар», прысвечаным ігумену Афанасію Філіповічу. Дарэчы, у гэтым нарысе Кастусь Тарасаў называе прападобнамучаніка Афанасія апошнім беларускамоўным пісьменнікам [3, с. 145], таму што пасля мучаніцкай смерці гэтага палымянага прапаведніка, які на роднай мове вусна і пісьмова абвяшчаў слова Божае, карыстацца беларускай мовай станавілася ўсё цяжэй і цяжэй, а ў 1696 г., роўна праз сто гадоў пасля сумна вядомай Брэсцкай уніі, у выніку пашырэння ўніяцтва і каталіцтва, якія неслі з сабой паланізацыю, старабеларуская мова ў Рэчы Паспалітай была канчаткова забаронена пастановай усеагульнай канфедэрацыі саслоўяў. Яна была гвалтоўна забаронена як літаратурная мова і працягвала існаваць сярод непісьменнага сялянства толькі ў выглядзе гаворак, якія значна адрозніваліся паміж сабой. На іх аснове ўжо ў XIX ст., калі з’явіліся больш спрыяльныя ўмовы для беларускага народа (нашы землі сталі часткай Расійскай імперыі), пачала фарміравацца сучасная беларуская мова.

Супярэчнасць паміж усходняй і заходняй хрысціянскімі традыцыямі захоўваецца ў Беларусі і цяпер. Выяўляецца яна таксама і ў багаслоўскай тэрміналогіі. Усходняя хрысціянская традыцыя (праваслаўная) на працягу больш як тысячагадовай гісторыі ў якасці асноўнай крыніцы сваёй лексікі мае царкоўнаславянскую мову, а заходняя хрысціянская традыцыя (каталіцкая) — польскую мову, паколькі на працягу стагоддзяў каталіцтва ў Беларусі было выключна польскамоўным. У некаторых сучасных публікацыях для назвы гэтых традыцый ужываюцца «прыгожыя» тэрміны Slavia Orthodoxa і Slavia Latina. Супраць першага тэрміна ў мяне пярэчанняў няма, а вось з другім я не згодны. Тое, што мы бачым у каталіцкай рэлігійнай лексіцы, — гэта не Slavia Latina, а Slavia Polonia, а, прасцей кажучы, пальшчызна. Прывяду некалькі прыкладаў: праваслаўныя тэрміны «храм», «Агнец», «ангел», «Гасподзь», «распяцце» царкоўнаславянскага паходжання; адпаведныя каталіцкія тэрміны «святыня», «Баранак», «анёл», «Пан», «укрыжаванне» зусім не лацінскага паходжання, як нам часта расказваюць, а чыста польскага: яны паходзяць ад польскіх слоў swiatynia, Baranek, aniol, Pan, ukrzyzowanie. Гэта відавочна для кожнага, хто ведае польскую мову. А хто ведае яшчэ і лацінскую мову, таму няцяжка прыгадаць, што па-лацінску храм – не swiatynia, а templum, Агнец па-лацінску Agnus (вельмі падобна да царкоўнаславянскага слова), а не Baranek, ангел па-лацінску — angelus, а не aniol, а распяцце па-лацінску cruciatio, а не ukrzyzowanie. I падобных прыкладаў мноства. Ёсць у каталіцкай багаслоўскай тэрміналогіі і такія словы, якія маюць выразнае лацінскае паходжанне, напрыклад, сакрамант Камуніі (па-нашаму, таінства Прычашчэння). Але і гэтыя тэрміны ўжываюцца нашымі католікамі не таму, што гэта лацінскія тэрміны, а толькі таму, што яны польскія. I вось, што кідаецца ў вочы: толькі ў тым каталіцтве, што ў нас у Беларусі, назіраецца гэтая хваравітая залежнасць ад пальшчызны. Мне даводзілася не раз бываць у каталіцкіх храмах Расіі і Украіны, чытаць каталіцкую літаратуру на ўкраінскай і рускай мовах — там гэтай залежнасці няма. На Украіне ў касцёле чуеш «Господь Ісус Христос», абсалютна па-ўкраінску, у Расіі ў касцёле гучыць «Господь Иисус Христос», зусім па-руску, як і ў царкве, а ў нашых беларускіх касцёлах — чамусьці «Пан Езус Хрыстус». Няўжо гэта па-беларуску?

I яшчэ адзін вельмі важны прыклад багаслоўскага тэрміна, які выразна падзяляе ўсходнюю і заходнюю хрысціянскія традыцыі ў Беларусі. Гэта новазапаветны тэрмін — супольнасць паслядоўнікаў Хрыста, абшчына хрысціян. Мы, праваслаўныя, традыцыйна перакладаем гэты тэрмін словам «Царква», афіцыйныя каталіцкія багасловы замест слова «Царква» і ў гэтым выпадку ўжываюць не лацінскі адпаведнік Ecclesia, вельмі блізкі да грэчаскага арыгінала, а польскае слова «Касцёл». I гэта стварае сур’ёзныя багаслоўскія праблемы. Справа ў тым, што і ў творах многіх святых айцоў часта праводзіцца такая думка: Бог — гэта наш нябесны Айцец, а Царква — наша духоўная Маці. А ці можа Касцёл быць Маці? Канешне, не, бо ён — мужчынскага роду. Больш за тое, і ў Свяшчэнным Пісанні, і ў багаслоўскіх працах сустракаецца параўнанне Хрыста з жаніхом (або мужам), а Царквы — з нявестай (або жонкай). Святы апостал Павел піша ў пасланні да Ефесян: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе» (Еф. V, 25). У нашага першадрукара Ф. Скарыны ёсць глыбокае багаслоўскае тлумачэнне біблейскай кнігі Песні Песень. Вось невялічкі фрагмент з яго: «З гэтай песні Саламонавай мы ясна можам зразумець найвялікшую і невымоўную міласць і любоў Божую, якую Ён меў да нас грэшных. Бо Ён не пагрэбаваў сысці на зямлю з найвышэйшага прастола Свайго. Як каханак да каханай сваёй, або як жаніх да нявесты сваёй, так і Хрыстос да Царквы Сваёй прыйшоў <…>. I гэты шлюб адбыўся ў час распяцця Госпада нашага Іісуса Хрыста, калі Ён вісеў на крыжы і сказаў «здзейснілася». Вось там Ён павянчаўся з Царквою Сваёю <…>. Па гэтай прычыне правільна называецца ў гэтай кнізе Хрыстос жаніхом і каханкам, а Царква Святая — Яго нявестай і сяброўкай» [1, с. 422-423]. Дарэчы, Ф. Скарына ў сваіх творах ні разу не ўжывае слова «касцёл», а пастаянна карыстаецца словам «Царква» — і гэта адзін з аргументаў яго праваслаўнасці. Гэты кароткі ўрывак з прадмовы Ф. Скарыны да Песні Песень выразна паказвае, што менавіта праваслаўны тэрмін «Царква» дапамагае адэкватна ўспрымаць такога роду багаслоўскія разважанні, а пры замене праваслаўнага тэрміна «Царква» на каталіцкі тэрмін «касцёл» кантэнт радыкальна мяняецца: замест умацавання традыцыйных хрысціянскіх маральных каштоўнасцей мы сутыкнёмся з абсалютна новымі для хрысціянскай свядомасці маральнымі стандартамі, якія зараз легалізуюцца ў некаторых краінах Еўрасаюза. Распрацоўка багаслоўскай тэрміналогіі і пераклад сакральных тэкстаў — гэта важная справа, у якой беларусы павінны зрабіць свой цывілізацыйны выбар.

Літаратура

1. Біблія : Факс. узнаўленне Бібліі, выд. Ф. Скарынаю ў 1517-1519 гадах : у 3 т. — Мінск : БелСЭ, 1990-1991. — Т. 3. — 1991. — 782 с.

2. Станкевіч, А. Хрысціянства і беларускі народ / А. Станкевіч // Выбра- нае. — Мінск : Кнігазбор, 2008. — С. 25-110.

3. Тарасаў, К. I. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / К. 1. Тарасаў. — Мінск : Полымя, 1990. — 263 с.

а. Сергій Гардун

протаіерэй, першы прарэктар Інстытута тэалогіі

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта