Гардун, С. Як мітрапаліт Філарэт прывёў мяне ў семінарыю / Сергій Гардун // Царкоўнае слова. – 2021. – № 5. – С. 6.

Як мітрапаліт Філарэт прывёў мяне ў семінарыю

Мне пашчасціла: я быў на самай першай службе мітрапаліта Філарэта ў Мінску восенню 1978 года. I, дарэчы, быў я на апошняй службе мітрапаліта Антонія (Мельнікава) (узначальваў Мінскую кафедру з 1965 па 1978 гады. З 1978 і да свайго спачыну ў 1986 годзе быў мітрапалітам Ленінградскім і Наўгародскім), калі ён развітваўся і ехаў у Ленінград. I вось у мяне ўзнікаюць параўнанні… Мітрапаліт Антоній, калі прыязджаў, заўсёды ўваходзіў у сабор са службовага ўваходу, аблачаўся ў алтары, і роўна ў 10:00 было «Благаславенна Царства». А мітрапаліт Філарэт уваходзіў праз цэнтральныя дзверы, урачыста, з посахам, энергічна. I ў яго паходцы адчувалася бадзёрасць і сіла. А тады гэта было вельмі важна. Таму што ў школе казалі, што рэлігія адмірае, што ў Царкве засталіся адныя старыя ды слабыя. I тут прыязджае мітрапаліт — малады, смуглявы, з чорнай барадой, энергічны. Гэта ўражвала. Гэта тое, што я вынес з першай службы. А потым — голас яго цудоўны і яго выразнае служэнне.

…30 гадоў прайшло, 2008 год, і мы ўрачыста святкавалі 30-годдзе служэння ўладыкі Філарэта ў Беларусь Былі мерапрыемствы, пра гэта ўспаміналі, гаварылі. I вось неяк у Жыровічах сядзім мы за абедам, у манаскім корпусе, быў яшчэ нехта з адміністрацыі семінарыі, і зайшла размова пра 30-годдзе служэння. I я кажу: «Уладыка, я быў на Вашай першай службе ў Свята-Духавым саборы. Магу Вам нешта сказаць аб сваіх уражаннях». А ён мне кажа: «А хочаш, я табе скажу, дзе ты стаяў?» — «Дзе?» — «Ты стаяў каля другой калоны справа».

Ён быў вельмі ўважлівы, умеў назіраць. Зразумела, што моладзі ў той час у храме было нямнога. Але вось так запомніць і праз 30 гадоў гэта сказаць…

Вось такая была для мяне першая сустрэча. Тады ж па тэлевізары не паказвалі мітрапалітаў, нават фотаздымак немагчыма было сустрэць. А ў храме можна.

Так я пабачыў яго першую службу ў 1978 годзе. Тады я вучыўся на 3-м курсе Інстытута замежных моў. Потым я хадзіў на службы пастаянна. Быў у мяне рэжым — тры службы на тыдзень. Аднойчы, калі я быў ужо на 5-м курсе Інстытута, мітрапаліт памазаў мяне і кажа (так, не спяшаючыся, памазуе): «Я тебя приглашаю сегодня на чай». Вось так. Я аж не ведаў, што адказаць. Па-першае, я не ведаў, дзе мітрапаліт п’е чай — не тут жа, у храме, куды ісці… Я разгубіўся. Адзінае, што я зрабіў, — не пайшоў пасля службы з храма, застаўся, бо не ведаў, куды ісці. Ну, і праўда, падышоў да мяне іпадыякан, і мы паехалі аўтобусамі гарадскімі туды, дзе мітрапаліт жыў, у яго рэзідэнцыю на вуліцы Чарвякова, і з ім павячэралі і папілі чаю. Ён спытаўся, дзе я вучуся і якія ў мяне планы.

Уладыка, па праўдзе кажучы, шукаў моладзь у той час, калі нават архіерэі баяліся даваць рэкамендацыі на паступленне ў семінарыю. А мітрапаліт Філарэт — сам шукаў. Я не ведаю, ці падышоў бы я да яго, калі і як падышоў бы, акрамя таго, каб крыж пацалаваць ці Святое Прычасце прыняць. Хутчэй, не падышоу бы. У мяне не такі характар.

Падчас размовы я, відаць, сказаў мітрапаліту тое, што ён хацеў пачуць, а менавіта, што яшчэ ў 8-м класе вырашыў, што пайду вучыцца ў семінарыю. Але дзяржаўная сістэма не дазволіла мне гэта зрабіць. Таму я пакуль што пайшоў вучыцца ў іншае месца (вучыўся я ўжо на 5-м курсе). Ён спытаў, што ў мяне за перспектывы. Я сказаў, што мяне запрашаюць у медыцынскі ўніверсітэт выкладаць лацінскую мову, у БДУ — таксама лацінскую мову — на выбар, але я не хачу.

— Чаму? Хай бы ішоў…

— Уладыка, я баюся, што мне настолькі спадабаецца працаваць у БДУ альбо ў медыцынскім, што мне не хопіць сілы волі кінуць, і я буду ўсё жыццё насіць грэх, што было ў мяне Божае прызванне на служэнне, а я не змог. I мяне будзе гэта мучыць, трывожыць. Ну як гэта: вясковы хлопец — і выкладчык універсітэта. Таму не змагу кінуць. Таму я, уладыка, лепш паеду ў вёску. Я ведаю, што ў вёсцы не вельмі хочуць вучыць английскую мову — навошта яна, — і таму мне дягчэй будзе кінуць.

Я, дарэчы, так і зрабіў, і мітрапаліт згадзіўся. Хоць, папраўдзе, мне і ў вёсцы падабалася працаваць у школе.

I вось я вырашыў паступаць у семінарыю. Звяртаюся за рэкамендацыяй да прыходскага свяшчэнніка (я жыў у сваей роднай вёсцы, (веска Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). у сваім сяле, а ездзіў за 12 км выкладаць у школу). Свяшчэннік ведаў мяне і ведаў, што я хадзіў на службы. Але я прыходжу да яго за напраўленнем, і ён кажа: «Не дам рэкамендацыі, не дам. А чаму? Таму што, калі дам табе рэкамедацыю, то тут больш служыць не буду. Улады мяне адсюль прагоняць. А я хачу тут служыць, мне гэты прыход падабаецца, дзеці ў мяне. Я не хачу адсюль пераязджаць…» Я ў гэты прыход хадзіў, тут маліўся, тут спавядаўся, прычашчаўся. Да каго ж яшчэ я мог звярнуцца?..

Я прыязджаю да мітрапаліта Філарэта і роўна гэта кажу. I ён, мітрапаліт, кажа: «Я яго разумею, сітуацыя такая… Ну, я табе дам рэкамендацыю. Што там яшчэ трэба? Медыцынская даведка, аўтабіяграфія, астатняе ўсё ёсць?» Я яму расказваю, што ёсць, чаго няма, якія цяжкасці. «Ну, добра, — ён кажа, — збярэш дакументы. I што будзеш з імі рабіць?» «Як што? Збяру ў канверт і пашлю па адрасе». «Ні ў якім разе, — кажа. — Hi ў якім разе: нічога не дойдзе… На цягнік сядай і асабіста гэтыя дакументы аддай». «Уладыка, — кажу. — Я ж ніколі не быў у Маскве, а яшчэ з Масквы трэба ехаць у Загорск, я там таксама ніколі не быў». «Нічога, — кажа, — нармальна». I зноў жа ён даў мне ў суправаджэнне іпадыякана, з якім мы разам паехалі везці дакументы.

Гэта адно. Другое. Мітрапаліт кажа мне: «Як падасі дакументы, не вяртайся дадому. Таму што там органы кантралююць, хто падаў дакументы. Там ёсць адрас, таму адтуль будзе распараджэнне сюды: «затрымаць». I ты не трапіш на ўступныя экзамены — затрымаюць на 15 сутак, дапусцім. Таму дадому не вяртайся і не кажы бацькам, дзе ты будзеш. Бо прыедуць да іх і будуць пытаць. I калі яны будуць ведаць, дзе ты будзеш, яны скажуць. Яны ўмеюць так пытаць, што яны скажуць. Гаварыць нельга, і не «ў блізкіх сяброў», і не «ў сваякоў», бо гэта ўсё могуць праверыць. Пажыві недзе не дома і потым едзь на ўступныя экзамены».

Toe, што ён казаў, адбылося. Дадому сапраўды прыязджала машына, да маіх бацькоў. Маці расказвала: «Трое чалавек выйшлі з машыны, ідуць дадому, пытаюць: «Дзе ваш сын?» Маці кажа: «Не ведаю, дзе. Недзе да сяброў паехаў». — «А куды?» — «Не ведаю. Сказаў, што да сяброў, але не сказаў, куды». «А вы ведаеце, што ён падаў дакументы ў семінарыю?» Маці кажа: «Ведаю» (я гэта сказаў). «То вы ведаеце, што мы яго знойдзем і пасадзім у турму, таму што ён пайшоў супраць савецкай улады?» — «Як? Чаму?» — «А вы чулі, хто такі акадэмік Сахараў?» — «Ну, нешта па радыё чула». — «Дык ён акадэмік АН СССР, і мы яго адправілі ў Горкі. А ваш сын не акадэмік. Ён просты сельскі настаўнік. Мы яго ў турму пасадзім за тое, што ён ідзе супраць савецкай улады». Канешне, мама плакала, але яна не магла сказаць, дзе я знаходжуся, таму што не ведала. I гэта дзякуючы мітрапаліту Філарэту, бо інакш мяне сапраўды не пусцілі б. Проста фізічна б не пусцілі, і ўсё.

…Калі гаварыць, хто за ўсю гісторыю Беларўсі быў найбольш яскравым яе духоўным лідарам, то гэта, безумоўна, мітрапаліт Філарэт. I з гэтым, я думаю, згодныя ўсе: і праваслаўныя веруючыя, і няверуючыя, у тым ліку свецкая інтэлігенцыя. З гэтым згодныя і католікі, безумоўна, з гэтым згодныя і прадстаўнікі самых розных канфесій, што ён лідар. I гэта не таму, што праваслаўных у Беларусі найбольш. Я думаю, калі б у нас была статыстыка наадварот, і праваслаўныя былі б меншасцю, але калі б такі чалавек узначальваў Праваслаўную Царкву, ён і тады быў бы духоўным лідарам для ўсёй Беларусь Гэта не проста асоба.

Протаіерэй

Сергій ГАРДУН,

клірык Свята-Духава кафедральнага сабора ў г. Мінску,

першы прарэктар Інстытута тэалогіі

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта