Горны, А. С. Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч / А. С. Горны // Жыровічы: пад святым Пакровам = Жировичи: под святым Покровом = Zhyrovichy: Under the Holy Veil: энцыклапедыя / рэдкал.: В.У. Ваніна (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2020. – С. 117-118.

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч (7.8.1879, в. Дубна Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.3.1928), беларускі грамадска- палітычны дзеяч, публіцыст. Нарадзіўся ў сям’і псаломшчыка. Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Віленскую духоўную семінарыю (1902). Працаваў настаўнікам у школах Беластоцкага і Ваўкавыскага паветаў, інспектарам у Віленскім дзярж. банку. У 1917 далучыўся да бел. нац. руху, прымаў удзел ва Усебел. з’ездзе 1917. У 1918 у складзе Нар. сакратарыята Беларусі, займаў пасады дзярж. кантралёра, нар. сакратара фінансаў, гандлю і прамысловасці. Адначасова выконваў абавязкі кіраўніка Цэнтр. бел. гандлёвай палаты. Са снеж. 1919 старшыня Рады Бел. Нар. Рэспублікі. З 1921 жыў y Празе, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці бел. дыяспары ў Чэхаславакіі. Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з рус., чэш. і ўкр. моў, гіст. эсэ. Памёр у Празе, пахаваны на Ольшанскіх могілках.

Літ.: Краўцоў М. Пётра Антонавіч Крэчэўскі// Шлях моладзі. 1937. №3; Мазец В. Адраджэнец-рамантык (да 135-годзьдзя з дня нараджэньня Пётры Крэчэўскага) // Запісы Беларускага інстытута навукі й мастацтва. 2014. Т. 37.

А. С. Горны