Гулюк Георгiй Рыгоравiч

Біяграфічны нарыс

ГУЛЮК Георгiй Рыгоравiч — доктар сельскагаспадарчых навук, заслужаны меліяратар РСФСР, дзяржаўны дзеяч.

Георгій Рыгоравiч Гулюк нарадзіўся 23 ліпеня 1944 года ў в. у Дварэц (Яромічы) Кобрынскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька, Рыгор Паўлавіч Гулюк, равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі, якому давялося прайсці Другую сусветную вайну, у 1939 годзе ваяваць супраць немцаў у польскай арміі, у 1944-м з групай партызан далучыцца да войск Чырвонай арміі. Старшы сяржант Рыгор Гулюк дайшоў да Берліна і там сустрэў Перамогу. Разам з жонкай Соф’яй Мяфодзьеўнай выгадавалі дачку Галіну і сына Георгія.

Вучыўся Георгій Гулюк у Мінянскай сярэдняй школе Кобрынскага раёна, якую скончыў у 1962 г., тады ж у роднай школе пачаў працоўную дзейнасць лабарантам. Пасля службы ў Савецкай арміі (1963-1966) пайшоў працаваць у Яроміцкае БМУ трэста «Брэстводбуд». З 1966 года па 1973 год  — рабочы, брыгадзір, прараб Яромiцкай МТС. З 1973 года па 1977 год — галоўны інжынер, начальнік ПМК у г. Маларыце Брэсцкай вобласцi. У 1979 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці «Гідрамеліярацыя».

У 1977 годзе Георгій Гулюк накіраваны на працу ў Валагодскую вобласць. Працаваў галоўным інжынерам, начальнікам аб’яднання «Волагдамеліярацыя», затым намеснікам старшыні аб’яднання «Волагдааграбуд». Выбіраўся членам Валагодскага абкама КПСС і аблвыканкама.

У 1988 годзе пераведзены на працу ў Маскву. З 1988 года па 1999 год Георгій Рыгоравiч працаваў намеснікам начальніка Галоўначарназеммеліявадгаса пры Дзяржаграпраме Нечарназёмнай зоны РСФСР, намеснікам старшыні Дзяржаграпрама Нечарназёмнай зоны РСФСР, прэзідэнтам акцыянернай аграбудаўніча-прамысловай карпарацыі «Цэнтрынжсельбуд».

У 1999-2001 гадах Г. Р. Гулюк — кіраўнік Дэпартамента меліярацыі зямель і сельскагаспадарчага водазабеспячэння Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Расійскай Федэрацыі (РФ), затым Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ; з 2001 года 2004 год — кіраўнік Дэпартамента меліярацыі зямель і сельскагаспадарчага водазабеспячэння. У 2004-2005 гадах

Г. Р. Гулюк — начальнік Упраўлення меліярацыі і тэхнічнага забеспячэння Федэральнага агенцтва па сельскай гаспадарцы. З 2005 года па 2008 год — дырэктар Дэпартамента меліярацыі і тэхнічнага забеспячэння Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай камісіі па ірагацыі і дрэнажу, член калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ. Галоўны рэдактар часопіса «Мелиорация и водное хозяйство».

Георгій Рыгоравіч Гулюк з’яўляецца дзяржаўным саветнікам Расійскай Федэрацыі II класа (класны чын прысвоены Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 11 сакавіка 2008 года). Заслужаны меліяратар РСФСР Георгій Гулюк Больш за 50 гадоў працаваў у у галіне меліярацыі. Заслужаны меліяратар Расійскай Федэрацыі. Узнагароджаны ордэнам Пашаны, медалём «За преобразование Нечерноземья РСФСР» і 8 іншымі медалямі.