Да 60-годдзя з дня нараджэння І. І. Сінчука // Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016 год / Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук; рэдактар М. В. Іванова. – Кобрын, 2016. – С. 46-47.

Да 60-годдзя з дня нараджэння І.І. Сінчука

Сінчук Іван Іванавіч — гісторык, археолаг і нумізмат. Нарадзіўся 8 сакавіка 1956 г. у Кобрыне. У 1981 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт са спецыялізацыяй «дапаможныя гістарычныя дысцыпліны». Спецыяльную падрыхтоўку атрымаў у аддзеле нумізматыкі Дзяржаўнага гістарычнага музея (г. Масква) у 1983 — 1984 гг. Да паступлення ў аспірантуру – супрацоўнік, вядучы археолаг Інстытута «Белспец-праектрэстаўрацыя», кіраўнік работ па шэрагу аб’ектаў: даследаваў архітэктурна-археалагічныя помнікі на тэрыторыі Мазыра, Магілёва, Мінска, Быхава, Нясвіжа, Кобрына. Прымаў удзел у археалагічных раскопках Мсціслава, Роўна, Гродна, Вільні, Тракая, Калінінграда, Ленборка, Навагрудка і інш. У 1989 — 1991 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута гісторыі НАН (аддзел феадалізму). Даследуе гісторыю грашовага звароту, тэхніку манетнай справы IX–XX стст., гісторыю матэрыяльнай культуры XVI–XX стст., праблемы этнічнай антрапанімікі Беларусі. З 1995 г. супрацоўнічае з Інстытутам археалогіі і этналогіі Польскай АН, вывучаў манетныя зборы ў музеях Польшчы. У 1995 — 1998 гг. — выкладчык Беларускага універсітэта культуры, Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. З 1999 г. працуе ў Нацыянальным музеі Літвы. Выканаў індывідуальныя навукова-даследчыя праграмы «Тэхніка манетнай справы XVII ст.» і «Анамастыка беларускай эліты». Даследуе гісторыю грашовага абарачэння, тэхніку манетнай справы IX — XX ст., гісторыю матэрыяльнай культуры XVI — XX ст., праблемы этнічнай антрапанімікі Беларусі

Аўтар больш за 400 навуковых прац і 200 энцыклапедычных артыкулаў. Сінчук І.І. вырашыў шэраг праблем, звязаных з рэстаўрацыяй Мірскага замка, удзельнічаў у стварэнні шэрага экспазіцый. Удзельнік міжнародных канферэнцый. Спецыяліст па выкарыстанні матэматычных і фізіка-хімічных метадаў у гістарычных даследаваннях. Член Расійскай асацыяцыі «Гісторыя і камп’ютэр», Беларускага нумізматычнага таварыства, Беларускага саюза журналістаў. У 2000 г. пераможца расійскага конкурсу на знак рубля (дызайн сімвала).

Да 2014 г. Іван Іванавіч Сінчук – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).

Сфера навуковых інтарэсаў вучонага : нумізматыка; архітэктурная археалогія; археалагічная кераміка; археалагічнае шкло; прымяненне матэматычных метадаў у гістарычных даследаваннях.

Сінчук Іван Іванавіч / падрыхтавалі А.І. Валахановіч, М.В. Іванова, В.П. Лясун, Т.С. Назарук, Н.М. Пліско, І.П. Прымачук, І.Я. Швед, С. Юркевіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна. — Мінск: БЕЛТА, 2002. – С. 441. – (Імі ганарацца землякі).

Стралец, М. Сінчук Іван Іванавіч / Міхаіл Стралец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 2001. — Т. 6, кн. 1.- С. 302.

Синчук, И. Многоликий знак рубля / І. Сінчук // Нумизматика. – 2006. — № 12.

Стрелец, М. В. Пример новаторства в науке / Стрелец М. В. // Вестник Брестского государственного технического университета. — 2005. — № 6. — С. 132-137.

Яскевич, С. И у российской валюты есть свой знак (7) / С. Яскевич // Заря.- 2001.- 16 июня.- С. 5. — В конкурсе “Знак рубля” признан лучшим ва-риантом символ историка И.И. Синчука.

Аддзел старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь [Электронный ресурс]. – Режим доступа :  http://www.artmuseum.by/by/aboutmuseum/otd/dbi. – Дата доступа : 15.11. 2015.