Дзем’янюк Фама Сямёнавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 38-39 : фат.

ДЗЕМ’ЯНЮК ФАМА СЯМЁНАВІЧ

Дзем’янюк Фама Сямёнавіч (18981968) — доктар тэхнічных навук (1956), прафесар (1957), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, савецкі вучоны-тэхнолаг.

Нарадзіўся 9 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пескі Кобрынскага раёна).

Фама Дзем’янюк скончыў механічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэтаімя М. Э. Баумана (1926).

Працаваў начальнікам механазборачнага цэха, галоўным тэхнолагам на заводзе імя Ліхачова. Двойчы быў у замежных камандзіроўках: у 1928 годзе вывучаў працу завода «Мэрсэдэс» у Германіі, ў 1930 годзе стажыраваўся ў Нью-Йрку (ЗША).

У 1930-я гады падчас рэканструкцыі завода Ф. С. Дзем’янюк вырашыў шэраг складаных арганізацыйна-тэхналагічных задач па безупыннаму пераводу вытворчасцi на новы від прадукцыі паточным метадам.

У 1933 годзе за засваенне новай вытворчасці Фама Сямёнавіч узнагароджаны ордэнам Леніна. У 1944 годзе за паспяховую арганізацыю паточнай вытворчасці абароннай тэхнікі ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У 1947 годзе Ф. С. Дзем’янюк абараніў кандыдацкую дысертацыю. У тым жа годзе за распрацоўку і ўкараненне новых тэхналагічных працэсаў і хуткаснае засваенне вытворчасці аўтамабіля «ЗІС-110» яму прысуджана Дзяржаўная (Сталінская) прэмія I ступені. У 1948 годзе ўпершыню ў свеце навуковец ажыццявіў безупынны перавод вытворчасці на выпуск новай мадэлі (ЗІС-150). За гэтую працу Дзем’янюк узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ўдастоены Дзяржаўнай (Сталінскай) прэміі II ступені.

З 1947 па 1950 год Фама Сямёнавіч быў дэпутатам Массавета.

У 1956 годзе Ф. С. Дзем’янюк выдаў манаграфію «Технологические основы производства», якая атрымала шырокую вядомасць у СССР і за мяжой і актуальная да цяперашняга часу. Шырока вядомы і папулярны падручнік для ВНУ «Технологические основы поточно-автоматизированного производства», напісаны Ф. С. Дзем’янюком.

У 1956 годзе Ф. С. Дзем’янюк абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 1957 годзе яму было прысвоена званне прафесара.

Да 1961 года Ф. С. Дзем’янюк працаваў галоўным тэхнолагам, намеснікам галоўнага інжынера на аўтазаводах ЗІС і КІМ, у АН СССР, загадчыкам кафедры ва Усесаюзным завочным політэхнічным інстытуце.

З 1961 да 1968 год прафесар Фама Сямёнавіч Дзем’янюк загадваў кафедрай «Тэхналогія машынабудавання» МАМІ (у 2004 годзе ёй прысвоена імя Дзем’янюка).