Дзем’янюк Фама Сямёнавіч

Біяграфічны нарыс

ДЗЕМ’ЯНЮК Фама Сямёнавіч (1898-1968)  — вучоны-тэхнолаг, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі.

Фама Сямёнавіч Дзем’янюк нарадзіўся 9 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пескі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

У 1926 годзе скончыў механічны факультэт Маскоўскага механіка-машынабудаўнічага інстытута імя М. Э. Баўмана. Адзін з першых выпускнікоў савецкіх ВНУ.

Пасля інстытута Фама Дзем’янюк пачаў працаваць на заводзе АМА (з 1931 года – аўтазавод імя І. В. Сталіна, з 1956 года – Маскоўскі аўтамабільны завод імя І. А. Ліхачова (АМА ЗІЛ). Прайшоў шлях канструктара, начальніка бюро рэканструкцыі механазборачнага цэха, начальніка механазборачнага цэха, памочніка начальніка вытворчасці, галоўнага тэхнолага і галоўнага інжынера завода.

Па накіраванні ўрада двойчы быў у замежных камандзіроўках: у 1928 годзе вывучаў працу завода «Мерседес-Бенц (Mercedes-Benz)» у Германіі, у 1930 годзе стажыраваўся ў Нью-Ёрку (ЗША).

У 1930-я гады падчас рэканструкцыі завода імя І. В. Сталіна (ЗІС) Ф. С. Дзем’янюк вырашыў шэраг складаных арганізацыйна-тэхналагічных задач па бесперабойнаму пераводу вытворчасцi на новы від прадукцыі паточным метадам. У 1933 годзе начальнік механазборачнага аддзела Дзем’янюк за паспяховую арганізацыю і засваенне вытворчасці ўзнагароджаны ордэнам Леніна. З сакавіка 1937 года па снежань 1938 года — галоўны інжынер завода № 28 НКАП. Потым працаваў намеснікам галоўнага інжынера, галоўным тэхнолагам на Маскоўскім аўтазборачным заводзе імя КІМ.

У студзені 1942 года адкамандзіраваны на ЗІС, дзе да студзеня 1950 года займаў пасады галоўнага тэхнолага і галоўнага інжынера. Вялікі асабісты ўклад Ф. С. Дзем’янюк унёс у арганізацыю струменева-масавай і аўтаматызаванай вытворчасці на ЗІС і іншых аўтазаводах галіны. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам былі распрацаваны і ўкаранёны тэхнічныя і працоўныя праекты пераводу на паток вырабу грузавых аўтамабіляў яшчэ ў гады даваенных пяцігодак і ў гады Вялікай Айчыннай вайны – многіх вырабаў ваеннага прызначэння. Працуючы галоўным тэхнолагам аўтазавода, Ф.С. Дзям’янюк паспяхова ўжываў вопыт авіяцыйных заводаў – штампаванне дэталяў з алюмініевага ліста на штампах з цынкавага сплаву. Па гэтай тэхналогіі былі выраблены дэталі кузава легкавога аўтамабіля ЗІС-101. У 1944 годзе за паспяховую арганізацыю паточнай вытворчасці абароннай тэхнікі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У пасляваенны перыяд Ф. С. Дзям’янюк кіраваў распрацоўкай праекта пераходу аўтазавода імя І. В. Сталіна на новыя мадэлі без спынення выпуску мадэляў-папярэднікаў і паспяхова ажыццявіў такі пераход. У 1947 годзе Ф. С. Дзем’янюк абараніў кандыдацкую дысертацыю. У тым жа годзе за распрацоўку і ўкараненне новых тэхналагічных працэсаў і хуткаснае засваенне вытворчасці аўтамабіля «ЗІС-110» Фаме Сямёнавічу прысуджана Сталінская (Дзяржаўная) прэмія I ступені. З 1947 года па 1950 год Фама Сямёнавіч быў дэпутатам Маскоўскага гарадскога Савета працоўных.

У 1948 годзе ўпершыню ў свеце паспяхова ажыццявіў бесперабойны перавод вытворчасці на выпуск новай мадэлі (ЗІС-150). За гэтую працу Ф. С. Дзем’янюк узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ўдастоены Сталінскай (Дзяржаўнай) прэміі II ступені.

З 1952 года Ф. С. Дзям’янюк — супрацоўнік Інстытута машыназнаўства АН СССР і шэрагу тэхнічных ВНУ. У 1956 годзе абараніў доктарскую дысертацыю, у 1957 годзе яму было прысвоена званне прафесара.

З 1961 года па 1968 год прафесар Дзем’янюк загадваў кафедрай «Тэхналогія машынабудавання» (у 2004 годзе кафедры прысвоена імя Дзем’янюка). Пры ім прыкметна актывізавалася навуковая праца, ён стаяў ля вытокаў і спрыяў развіццю шматлікіх новых навуковых напрамкаў на кафедры. Дзякуючы Ф. С. Дзем’янюку ўмацавалася матэрыяльная база кафедры, пачаліся абароны доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый, стала выдавацца вялікая колькасць падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, пачалі афармляцца аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы.

Нягледзячы на даволі высокае службовае і грамадскае становішча, Фама Сямёнавіч быў цалкам пазбаўлены фанабэрыстасці. Аднолькава ўважліва ставіўся да людзей, якія займаюць розныя пасады, старэйшым па ўзросце і маладым. Асабліва беражліва прафесар адносіўся да моладзі, падтрымліваў усё новае, што ўзнікала ў розумах маладых аспірантаў, даваў штуршок новым напрамкам даследаванняў.

Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для ВНУ. У 1956 годзе выдаў манаграфію «Технологические основы производства», якая атрымала шырокую вядомасць у СССР і за мяжой і актуальная да цяперашняга часу. Шырока вядомы і папулярны падручнік для ВНУ «Технологические основы поточно-автоматизированного производства». Апублікаваныя навуковыя працы прафесара перакладаліся на нямецкую, англійскую, кітайскую, японскую і іншыя мовы.

Ф. С. Дзем’янюк – прафесар, доктар тэхнічных навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, двойчы лаўрэат Сталінскай прэміі (Дзяржаўнай прэміі СССР), быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі.

Памёр Фама Сямёнавіч Дзем’янюк 22 сакавіка 1968 года. Пахаваны на Навадзявочых могілках г. Масквы.