Дзямчук Міхаіл Іванавіч

Біяграфічны нарыс

Вядомы дзяржаўны грамадскі дзеяч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рзспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Беларускі вучоны, спецыяліст у галіне навуковага прыборабудавання і квантавай радыёфізікі. Рэктар Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. За ўсім гэтым — адзін чалавек, наш зямляк Міхаіл Іванавіч ДЗЯМЧУК (1946–2016).

Міхаіл Іванавіч Дзямчук нарадзіўся 28 мая 1946 года ў вёсцы Дзевяткі Закросніцкага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька Іван Іосіфавіч сам быў здольным да вучобы чалавекам і марыў, каб сын атрымаў вышэйшую адукацыю. Міхаіл закончыў сем класаў у школе ў вёсцы Рынкі. Потым вучыўся ў сярэдняй школе № 2 горада Кобрына. Яшчэ ў школьныя гады Міхаіл праяўляў цікавасць да вучобы: вучыўся на «выдатна», меў глыбокія веды. Велізарнае жаданне дасягнуць поспеху пры пастаяннай і карпатлівай працы, мэтанакіраванасці дазволілі юнаку закончыць школу з залатым медалём і паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову.

У 1963 годзе Міхаіл паступіў на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, па заканчэнні якога ў 1968 годзе атрымаў дыплом з адзнакай, была прысвоена кваліфікацыя «фізік са спецыялізацыяй па ядзернай фізіцы».

Пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі ў 1970 годзе Міхаіл Дзямчук 15 гадоў працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1970–1976 гадах быў малодшым, пазней старшым навуковым супрацоўнікам. З 1976-га па 1984 год ён узначальваў лабараторыю паўправадніковай электронікі Навукова-даследчага інстытута прыкладных фізічных праблем, а затым у 1983–1985 гадах быў загадчыкам кафедры аўтаматызацыі навуковых даследаванняў факультэта радыёфізікі і электронікі і сакратаром парткама Белдзяржуніверсітэта. Доктар фізіка-матэматычных навук (1983), прафесар (1985).

Творчы талент М. І. Дземчука праявіўся ў навуковых даследаваннях. Ён развіў новы напрамак у эксперыментальнай і тэхнічнай фізіцы, у аснове якога стварэнне сістэмы арыгінальных метадаў і прэцызійных оптаэлект-ронных сродкаў часава-імпульснага аналізу інтэнсіўнасці светлавога выпраменьвання. На аснове тэхналогій новага пакалення навуковец распрацаваў і стварыў лазеры ўльтракароткіх імпульсаў субпікасекунднага часавага дыяпазону з параметрамі выпраменьвання, якія праграмуюцца.

У 1982 годзе Міхаіл Іванавіч Дзямчук абараніў доктарскую дысертацыю і, працягваючы навуковую працу, уключыўся ў актыўную дзейнасць па арганізацыі сучаснай галіны навукі і адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З 1985 года ён працаваў загадчыкам аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, з 1988 года — Міністрам народнай адукацыі БССР.

Арганізацыйная дзейнасць М. І. Дземчука выйшла на новы ўзровень, калі ў 1991 годзе ён быў прызначаны намеснікам Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, курыраваў пытанні адукацыі, навукі, культуры, аховы здароўя. Міхаіл Іванавіч прымаў самы непасрэдны ўдзел у стварэнні новых органаў дзяржаўнага кіравання — Камітэта па навуцы і тэхналогіях, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, Дэпартамента патэнтазнаўства, Агенцтва па аўтарскіх правах і інш. Усё гэта садзейнічала стварэнню ўмоў для больш эфектыўнага развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу краіны.

У 2000 годзе М. І. Дзямчук прызначаны намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. На гэтай дзяржаўнай пасадзе ён працягваў стратэгічную лінію распрацоўкі навукова-тэхналагічнага і кадравага забеспячэння працэсу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь

З ліпеня 1994 года прафесар Дзямчук узначаліў адну з буйнейшых вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі — Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (сёння — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт) і паспеў шмат зрабіць для таго, каб працэс навучання адпавядаў патрабаванням часу. Назапашаны вопыт арганізатара навукі і адукацыі Міхаіл Іванавіч у поўнай меры рэалізаваў на пасадзе рэктара БДПА, якую ён узначальваў па 2000 год. У гэты перыяд кіраўнік ініцыяваў мадэрнізацыю вышэйшай тэхнічнай адукацыі ў адпаведнасці з сучаснымі міжнароднымі нормамі, выступаў распрацоўшчыкам шэрага праектаў і праграм, накіраваных на стварэнне новых эфектыўных навукова-вытворчых комплексаў, фарміраванне ў рэспубліцы высокаэфектыўнай сістэмы трансфера тэхналогій (тэхнаполісаў і тэхнапаркаў), арганізацыю эканамічных зон інавацыйнай актыўнасці і прадпрыемстваў высокай тэхналагічнай культуры.

На працягу 2002 — 2014 гадоў М. І. Дзямчук працаваў рэктарам Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўлялася дзейнасць па мадэрнізацыі нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з сусветным вопытам і задачамі фарміравання інавацыйнай эканомікі і інфармацыйнага грамадства.

Сваю дзейнасць у Республіканскім інстытуце вышэйшай школы М. І. Дзямчук працягваў да канца сваіх дзён. У якасці прарэктара па інфармацыйна-аналітычнай рабоце ўзначальваў групу спецыялістаў, якая ажыццяўляла прафесійную ацэнку вопыту мадэрнізацыі сістэм адукацыі краін свету і распрацоўвала адпаведныя стратэгіі і палітыку пераўтварэнняў, адпавядаючую нацыянальным інтарэсам нашай краіны.

У апошнія гады ў сферы навуковых інтарэсаў М. І. Дземчука былі праблемы адукацыі і развіцця навукі ў рэспубліцы, тэорыя і практыка стварэння сучасных навукаёмістых, канкурэнтаздольных вытворчасцей і тэхналогій. Прафесар Дзямчук кіраваў шэрагам праектаў і праграм па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы адукацыі, распрацоўцы новых адукацыйных тэхналогій і фарміраванні навучальных устаноў інтэграванага тыпу — сучасных ліцэяў, гімназій, каледжаў.

26 ліпеня 2016 года Міхаіл Іванавіч Дзямчук пайшоў з жыцця. Ён пражыў 70 гадоў. Пахаваны на ўсходніх могілках у Мінску.

Навуковая і грамадская дзейнасць прафесара М. І. Дземчука высока адзначана дзяржавай. Ён лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі 1979 года і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі 1986 года. За шатгадовую плённую навукова-педагагічную дзейнасць, шырокае ўкараненне сучасных тэхнічных сродкаў навучання, вынікаў навуковых даследаванняў М. І. Дзямчук узнагароджаны значком «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». У 1996 годзе за значны ўклад у развіццё беларускай навукі, падрыхтоўку навуковых і інжынерных кадраў Міхаілу Іванавічу Дземчуку прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь». Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Урада Рэспублікі Беларусь. М. І. Дзямчук выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1986-1990) і Народным дэпутатам СССР (1989-1994).

Міхаіл Іванавіч Дзямчук — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1986), акадэмік Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіраўнічых навук (1994), Міжнароднай акадэміі навук вышэйшай школы (1993), Беларускай інжынернай тэхналагічнай акадэміі (1995), старшыня Прэзідыума Міжнароднай акадэміі тэхнічнай адукацыі (1995).

Прафесар Дзямчук з’яўляўся арганізатарам і кіраўніком Навукова-педагагічнай школы сістэмнага аналізу, заснаванай у 1998 годзе. За час існавання навуковай школы абаронены дзясяткі кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Вучні М. І. Дземчука працуюць выкладчыкамі ўніверсітэтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, супрацоўнікамі розных навуковых лабараторый і цэнтраў. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў і дактароў навук.

М. І. Дзямчук — аўтар больш за 400 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій і 40 вынаходстваў.

Наш зямляк Міхаіл Іванавіч Дзямчук вядомы ў рэспубліцы як буйны вучоны, які ўнёс значны ўклад у развіццё навукі, адукацыі і вытворчасці.  

Навуковыя і прафесійныя дасягненні прафесара М. І. Дземчука высока ацэнены землякамі. Рашэннем Кобрынскага савета раённых дэпутатаў № 167 ад 19 чэрвеня 2013 года адной з вуліц г. Кобрына прысвоена найменне — вуліца Дземчука.