Дзямчук, М. І. Каб словы переплавіліся ў справы / [Міхаіл Дзямчук; гутарыў] А. Сацук // Кобрынскі веснік. – 1995. – 25 лістапада. – С. 2.

Інтэрв’ю з прафесарам, рэктарам Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі М. I. Дземчуком.

Каб словы переплавіліся ў справы

У ходзе перадвыбарнай кампаніі кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета па Кобрынскай сельскай выбарчай акрузе № 24 Міхаіл Іванавіч Дзямчук запрасіў журналістаў «КВ» на сустрэчу, каб выкласці свой погляд на сучасную сітуацыю ў рэспубліцы, свае меркаванні адносна тых шляхоу, якія, на яго погляд, павінны дапамагчы нашай краіне выйсці з сацыяльна-эканамічнага крызісу і якія ён будзе адстойваць у выніку выбрання дэпутатам ВС РБ.

М. I. Дзямчук нарадзіўся 28 мая 1946 года ў вёсцы Дзевяткі Кобрынскага раёна ў прастой сялянскай сям’і. Вучыўся ў школе ў вёсцы Рынкі, потым у СШ № 2 г. Кобрына, якую закончыў з залатым медалём. Паступіў у Белдзяржуніверсітэт і закончыў яго з адзнакай. Творчы талент Дземчука праявіўся ў галіне навуковых даследаванняў. Ён абараніў кандыдацкую, затым доктарскую дысертацыі, з’яўляецца аўтарам 240 навуковых работ і 40 вынаходстваў. Ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, акадэмік шэрагу акадэмій, у тым ліку міжнародных. Ён вядомы ў нашай рэспубліцы як буйны вучоньі, які ўнёс значны ўклад у развіццё навукі, адукацыі і вытворчасці. Па яго ініцыятыве распрацоўваюцца праграмы, накіраваныя на прыярытэтнае развіццё аграрнага комплекса рэспублікі.

Ніжэй мы прапаноўваем чытачам інтэрв’ю нашага карэспандэнта з прафесарам, рэктарам Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі М. I. ДЗЕМЧУКОМ.

— Міхаіл Іванавіч, чаму Вы вырашылі балаціравацца кандыдатам у дэпутаты менавіта па нашаму раёну?

— Справа ў тым, што тут, у вёсцы Дзевяткі, я нарадзіўся і вырас, атрымаў адукацыю. На Кобрыншчыне жыве мая маці, родныя і блізкія, мае сябры. А іх сённяшняе нялёгкае жыццё, як і ўсіх маіх землякоў, для мяне не абыякава. Я не магу заставацца безудзельным да тых праблем, якія хвалююць іх, ды і ўсіх працаўнікоў вёскі. Лічу сваім абавязкам зрабіць усё магчымае, кдб палепшыць жыццё вяскоўцаў, каб у кожнай хаце быў мір і дабрабыт. Вось чаму я даў згоду балаціравацца кандыдатам у дэпутаты ў сябе на радзіме.

— Вы вядомы вучоны і чалавек вялікай практыкі. Таму хацелася б даведацца, як вы ацэньваеце сённяшнюю сітуацыю ў рэспубліцы і якія бачыце шляхі выхаду з яе?

— Перш чым дакладна адказаць на гэта пытанне, патрэбна правільна прааналізаваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая склалася ў рэспубліцы, рэальна ўявіць сабе прычыны глыбокага крызісу, у якім аказалася наша краіна, магчымыя шляхі выхаду з яго. А выйсце ёсць з любога становішча. Толькі перш чым пачаць дзейнічаць, належыць дакладна сфармуляваць сваю задачу і прадумаць шляхі яе вырашэння. Для гэтага, вядома, патрэбны веды і прафесіянальны падыход да справы.

Калі сур’ёзна паразважаць над цяперашняй сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, то становіцца зразумела, што галоўная памылка — гэта правядзенне эканамічных рэформ метадам шокавай тэрапіі, метадам руху вобмацкам у цемры, без навукова абгрунтаванай праграмы, якая пдказвала б, куды ісці і як ісці.

Я ж у першую чаргу чалавек справы. Мая мэта — рэальны клопат аб кожным маім выбаршчыку. Таму ўсе пункты маёй перадвыбарнай праграмы накіраваны на ўздым дабрабыту беларускага народа на аснове новай эканамічнай палітыкі.

— Раскажыце, калі ласка, больш канкрэтна аб сваёй праграме?

— Лічу, што ўзнаўленне разбураных у апошнія гады эканомікі і вытворчасці трэба пачынаць з сельскай гаспадаркі. Мне вельмі крыўдна, што мае землякі, якіх, я добра ведаю з дзяцінства як працавітых і добрых людзей, цяпер адчуваюць значныя матэрыяльньш цяжкасці. Асабліва балюча за ветэранаў вайны і працы, інвалідаў, пенсіянераў. Нельга дапусціць, каб чалавек, усё сваё жыццё прарабіўшы на зямлі, не меў сродкаў для нармальнага жыцця. Колькі яго можна абкрадваць і за кошт яго мазалёў будаваць дабрабыт невялікай кучкі чыноўнікаў, якія знаходзяцца на чале ўлады.

Палепшыць становішча патрэбна і магчыма. Для гэтага неабходна надзець аброць на банкі каб яны не «жыравалі», выкарыстоўваючы народныя грошы для ўласнага абагачэння. Трэба дабіцца, каб любыя пратэрміноўкі ў фінансаванні сялянства спыіняліся самым жорсткім чынам.

Для замацавання моладзі ў вёсцы буду дабівацца выдзялення зямельных участкаў і льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля, прадастаўлення доўгатэрміновых крэдытаў для набыцця маладымі сем’ямі сельскагаспадарчай і бытавой тэхнікі, мэблі і ўласнага транспарту, пашырэння магчымасці бясплатнай адукацыі, стварэння новых рабочых месцаў.

Лічу прыняцце важнейшых палітычных і эканамічных рашэнняў магчымым толькі на аснове вывучэння грамадскай думкі. I яшчэ буду дабівацца ліквідацыі незаслужаных ільгот для дэпутатаў і дзяржаўных служачых, каб устанавіць роўнасць усіх без выключэння перад законам, незалежна ад займаемай пасады. Для мяне галоўнае, каб жыццё людзей, іх дзяцей і ўнукаў змянілася да лепшага. I я ведаю, як гэта зрабіць.

— Большасць пажылых людзей — веруючыя. Нядаўна разам з імі Вы ўдзельнічалі ў цырымоніі асвячэння царквы ў вёсцы Чаравацічы. Кажуць, што мітрапаліт Філарэт Вас там сардэчна вітаў. Як Вы да яго ставіцеся?

— Мы знаёмы з мітрапалітам Філарэтам даўно. Гэта высокаадукаваны, разумны і маральны чалавек. I я глыбока яго паважаю. Вера дапамагае людзям жыць, і лічу, што царква духоўна абагачае і згуртоўвае людзей. Я рады, што агульнымі намаганнямі, у тым ліку і пры маім садзейнічанні, царкве вернуты культавыя будынкі, якія па розных прычынах былі калісьці ў яе адабраны.

— Міхаіл Іванавіч, скажыце некалькі слоў аб Вашай партыйнай прыналежнасці?

— Дэталёва азнаёміўшыся з многімі праграмамі розных партый, я прыйшоў да пераканання, што найбольш блізкая да народа, лепш за іншых адпавядае яго інтарэсам Аграрная партыя Беларусі. Яе праграмныя мэты: карэнным чынам змяніць сутнасць праводзімых рэформ, спыніць разбурэнне эканомікі, стварыць у рэспубліцы шматукладную, рэгулюемую дзяржавай рыначную эканоміку, якая накіравана на забеспячэнне высокага жыццёвага ўзроўню народа.

— А як Вы ставіцеся да прыватызацыі?

— Яна неабходна. I ў той жа час нельга разбураць калектыўныя формы гаспадарання. Для мяне, як, спадзяюся, і для вас, зразумела, што калгасы, будуць і далей заставацца асновай сельскагаспадарчай вытворчасці і асноўным карміцелем нашага народа. Важна, каб прыватызацыя праводзілася ў інтарэсах людзей.

— Хацелася б даведацца, як Вы плануеце садзейнічаць канкрэтна эканамічнаму развіццю нашага раёна?

— Трэба абавязкова ўлічваць спецыфіку раёна. А ён займае ўнікальнае геапалітычнае і эканамічнае палажэнне, праз яго праходзяць стратэгічна важныя трасы. Гэту спецыфіку належыць у поўнай меры выкарыстоўваць. Належыць стварыць уздоўж трасы шэраг аўтазаправак, кемпінгаў, платных ахоўваемых стаянак, магазінаў, буфетаў — адным словам, добра ўпарадкаваць яе. Гэта дасць раёну прыток валютыі, дадатковыя рабочыя месцы, пашырыць сферу паслуг, палепшыць забеспячэнне яго жыхароў таварамі высокай якасці. Неабходна стварыць у раёне цэхі і мінізаводы па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі непасрэдна ў гаспадарках і г. д.

— А ў плане народнай адукацыі?

— У гэтым плане політэхнічная акадэмія будзе садзейнічаць стварэнню на базе ПТВ-102 тэхнікума з двума профілямі падрыхтоўкі спецыялістаў, на базе Дзівінскай СШ — адкрыццю ліцэя, які будзе напрамую звязаны з політэхнічнай акадэміяй. Плануецца таксама на базе Хідрынскай СШ стварыць гімназію, а ў раёне — філіял падрыхтоўчага аддзялення політэхнічнай акадэміі. Буду садзейнічаць умацаванню шэфскіх сувязей гаспадарак і школ раёна з політэхнічнай акадэміяй.

Хацелася б дапоўніць, што, акрамя гэтых праіпаноў, я намераны садзейнічаць стварэнню фонда матэрыяльнай дапамогі пенсіянерам і малазабяспечаным грамадзянам.

Адным словам, у мяне ёсць канкрэтная праграма дзеянняў, ёсць вопыт і веды, ёсць упэўненасць у тым, што я дапамагу вёсцы.

— Што ж, шчыра жадаю Вам перамогі на выбарах.

— Дзякуй за пажаданне.

Гутарку запісаў А. САЦУК.