Дрык, Л. «Старажытная карта — дасканалая гістарычная крыніца» / Людміла Дрык // Туризм и отдых. – 2004. — 9 декабря (№ 49).

«Старажытная карта — дасканалая гістарычная крыніца»

2 снежня ў лекцыйнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (вул. Чырвонаармейская, 9) адбылося адкрыццё выставы «Беларусь на старажытных картах» і прэзентацыя кнігі Льва Казлова «Беларусь у працах польскіх картографаў XVI — пачатку XX ст.».

Сцены залы ўпрыгожвалі копіі дваццаці чатырох карт, самая старая з якіх (вядомая як «Tabula Sarmatia…») была створана Бернардам Вапоўскім у Кракаве ў 1526 годзе. Не трэба нават быць вандроўнікам ці краязнаўцам, каб закахацца ў гэтыя карты, зробленыя ў часы, калі дбалі не толькі пра навуковую дакладнасць, але і пра знешнюю прыгажосць дакумента! Старажытныя гербы, выявы звяроў і людзей, назвы мясцін, што існуюць дагэтуль ці ўжо сцёрліся ліхалеццямі з твару зямлі і з чалавечай памяці… На жаль, старажытныя карты Беларусі да гэтай пары раскіданыя па музеях, архівах і прыватных калекцыях усяго света. I толькі намаганнямі навукоўцаў-энтузіястаў яны, а часцей, зразумела, іх копіі вяртаюцца туды, дзе працавалі іх стваральнікі. Даследчык Леў Казлоў, адзін з такіх энтузіястаў, сваю прыхільнасць да старых карт тлумачыць проста: «Картаграфія — спецыфічная дысцыпліна. Яна пакрысе ўвабрала ў сябе і матэматыку, і астраномію, і геаграфію. Карта — вельмі дасканалая гістарычная крыніца. Нідзе. як у старажытнай карце, мы не здолеем знайсці дакладныя звесткі пра мінулыя эпохі, пра прыроднае асяроддзе адпаведнага гістарычнага перыяду, пра насельніцтва, пра тапаніміку і г.д. На старажытнай карце можна адразу ўбачыць усё. Я сябрую з многімі археолагамі, навукоўцамі і тут, і за мяжою, і шмат разоў пераконваўся, што цікавасць да старых карт узрастае — як і да генеалогіі, да свайго мінулага. Мы пачынаем нарэшце, дзякуй Богу, цікавіцца, адкуль мы, хто мы такія, што гэта за зямля — Беларусь». Нягледзячы на палкую любоў да старых карт, Леў Раманавіч перасцярагае: ставіцца да звестак, змешчаных у такіх картах, трэба ўважліва, але часам крытычна, бо карта заўжды з’яўляецца носьбітам меркаванняў тых, хто кіраваў на той час дзяржавай. Каб зразумець карту, трэба добра ведаць гісторыю. А каб ведаць гісторыю, трэба ўмець чытаць старажытныя карты – такое вось замкнёнае кола.

Вывучэнне карт, лічыць аўтар кнігі, дапаможа ў стварэнні гісторыка-геаграфічнага слоўніка:    «На жаль, да гэтай пары такога нармалізаванага даведніка ў нас няма. Не заўжды мы ведаем, як называлася ў мінулым тая ці іншая вёска. Назвы шмат разоў перайначваліся — ішлі працэсы паланізацыі і русіфікацыі. Старажытныя карты даюць магчымасць дакапацца да каранёў — часта здараецца, што не ў пісьмовай крыніцы, не ў летапісе, а менавіта на карце можна знайсці першы успамін пра той ці іншы населены пункт. Цікава, што на карце можна сустрэць назвы, якія ніхто — ні рускія, ні палякі — не здолеў перайначыць. Таксама цікавы факт: на Беларусі не прыжываліся лаціназаваныя назвы. Аднойчы да мяне звярнуліся гісторыкі з Люблінскага універсітэта: паводле іх падлікаў, на Беларусі павінна быць недзе каля трох соцен лаціназаваных назваў! Я пачаў шукаць — ледзьве знайшоў пяць-шэсць. Няма, даўно сцёрліся з памяці, не прыжыліся. У далёкія часы, калі магнаты дарылі зямлю на Беларусі езуітам, тыя адразу надавалі сваім уладанням лацінскія назвы. Такія назвы трымаліся дваццаць-трыццаць гадоў у афіцыйных дакументах — і паспяхова знікалі».

Кніга «Беларусь у працах польскіх картографаў XVI — пачатку XX ст.» задуманая аўтарам ужо даўно, убачыла свет дзякуючы спрыянню супрацоўнікаў Польскага Інстытута ў Мінску і дырэктара гэтай установы спадара Цэзары Карпінскага — з дапамогай польскіх калег беларускій j даследчык атрымаў магчымасць працаваць у польскіх архівах і бібліятэках. Галоўны рэдактар кнігі — вядомы гісторык Анатоль Грыцкевіч. Спроба сістэматызацыі старажытнай картаграфіі — няпростая справа, але, як лічыць Леў Казлоў, «хто захварэе картаграфіяй — мае хваробу на ўсё жыццё». Шкада толькі, што старажытныя карты, знайсці якія, зразумела, вельмі складана, яшчэ цяжэй набыць і правезці праз мяжу. Леў Раманавіч, працуючы ў Брытанскім музеі, у Каралеўскім геаграфічным. таварыстве, бачыў там карты Беларусі. Бачыў ён іх і на аукцыёнах. Яны каштуюць вялікіх грошай, таму іх набыццё, зразумела, справа дзяржавы. Што ж, будзем чакаць, пакуль дзяржава таксама «захварэе» на старажытную картаграфію…

Арганізатары спадзяюцца, што выстава, якая носіць асветніцкі характар, падштурхне цікавасць наведвальнікаў і да старажытнай картаграфіі, і наогул да гісторыі Беларусі Выстава працягнецца па 15 снежня. Дарэчы, Нацыянальная бібліятэка плануе правесці яшчэ шэраг падобных мерапрыемстваў, на якіх старажытная Беларусь будзе прадстаўлена ў працах расійскіх, нямецкіх, галандскіх, французскіх, англійскіх картографаў, а таксама ў старажытнай картаграфіі (ад Пталемея да XV стагоддзя). Адкрыццё кожнай з іх будзе суправаджацца прэзентацыяй кніг па картаграфіі адпаведна тэматыцы. Наступная выстава цыклу — «Беларусь у працах расійскіх картографаў XVIII — пачатку XX ст.» — адкрыецца 27 траўня 2005 года.

Людміла ДРЫК