Жаўняровіч, П. Будучыня за ёмкім і мабільным словам : Да 55-годдзя Віктара Іўчанкава / Пятро Жаўняровіч // Роднае слова. – 2017. — № 7. – С. 29-30.

Пра прафесара В. І. Іўчанкава, ураджэнца Кобрыншчыны.

БУДУЧЫНЯ ЗА ЁМКІМ I МАБІЛЬНЫМ СЛОВАМ

ДА 55-ГОДДЗЯ ВІКТАРА ІЎЧАНКАВА

Здаецца, зусім нядаўна гэта было, а прайшло пятнадцать гадоў… Я — выкладчык Мінскага дзяржаўнага прафесійнага каледжа электронікі — упершыню наведаў кафедру стылістыкі і літаратурната рэдагавання факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ведаў: тое, у чым палягаюць мае навуковыя зацікаўленні, павінна быць па-належнаму ўспрынята на адзінай кафедры падобнага кшталту ў нашай краіне Менавіта тады і адбылася мая першая сустрэча з загадчыкам кафедры прафесарам Віктарам Іўчанкавым. Яна, тая сустрэча, запомнілася добразычлівасцю і ўважлівасцю Віктара Іванавіча да невядомага чалавека, шэрагам прапаноў наконт далейшага навуковага супрацоўніцтва.

Віктар Іўчанка вядомы на Беларусі і за яе межамі навукоўца. Нараджэнец Кобрыншчыны (28 чэрвеня 1962 г.), выпускнік Брэсцкага педінстытута, выпястоўца Інстытута мовазнаўства імя Якуба Каласа АН БССР, ён паслядоўна і настойліва шукаў уласны кірунак навуковых даследаванняў ад моўнай арганізацыі твораў Уладзіміра Каратвевча і Юрыя Казакова да найноўшых напрамкаў сучаснай лінгвістыкі. I заканамерна гэты пошук прывёў да аналізу медыятэксту ў інфармацыйным грамадстве, вынікам чаго стала манаграфія “Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту”, якая запачаткавала інтэграваны з галінамі мовазнаўства і журналістыкі кірунак — дыскурсны аналіз. Даследаванне мовы сродкаў масавай інфармацыі як сацыяльнай з’явы, аналіз яе з гледжання глыбінных тэктанічных зрухаў XXI ст., выяўленне схаваных аўтарскіх інтэнцый сталі ў цяперашні час перспектыўным навуковым кірункам пад назвай “медыялінгвістыка”. I асоба Віктара Іўчанкава, прафесара з Беларусі, займае ў медыялінгвістыцы годнае месца побач з вядомымі еўрапейскімі навукоўцамі Т. ван Дэйкам (Іспанія), Б. Тошавічам (Аўстрыя), С. Гайдам (Польшча), Л. Дускаевай і Н. Клушынай (Расія) ды іншымі.

Змены ў грамадстве на мяжы XX — XXI стст. выклікалі дыскусію пра неабходнасць перагляду асобных арфаграфічных норм. Прафесар Іўчанкаў стаў адным з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008), а пасля яго прыняцця актыўна тлумачыў палажэнні беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, прапагандаваў у сродках масавай інфармацыі асноўныя змены. “Беларуская арфаграфія ў апорных схемах” В. Іўчанкава вытрымала некалькі выданняў і запатрабавана беларускімі настаўнікамі. Станоўчыя водгукі атрымала па-свойму ўнікальная кніга “Беларуская арфаграфі: апавяданні і гісторыі”.

Прафесар Віктар Іўчанкаў распрацоўвае і праблемы медыярыторыкі, чытае адпаведны курс лекцый на выпускным курсе Інстытута журналістыкі БДУ. Навучальны дапаможнік па медыярыторыцы В. Іўчанкава — адзіны ў беларускай вышэйшай школе. Лекцыі прафесара выклікаюць нязменную цікавасць у студэнтаў, бо праходзяць у дыялагічнай форме з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

Неадменная якасць Віктара Іванавіча — увага да канкрэтнага чалавека, няхай гэта будзе абітурыент ці студэнт або супрацоўнік кафедры ці калега з іншых устаноў адукацыі. Невыпадкова сталі традыцыяй навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя памяці знаных вучоных, загадчыкаў кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, дактароў філалагічных навук, прафесараў Аркадзя Наркевіча і Міхася Цікоцкага. Невыпадкова наладжаны трывалыя сувязі з аднатыпнымі кафедрамі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Невыпадкова кафедра стала падмуркам моўнай і рэдактарскай кампетэнцыі будучых журналістаў і перападрыхтоўкі журналістаў-практыкаў.

Пяцьдзясят пяць гадоў для навукоўца — гэта перыяд творчага росквіту. Але гэта яшчэ і перыяд асэнсавання зробленага, перыяд выбудоўвання планаў. Навуковы патэнцыял доктара філалагічных навук прафесара Віктара Іўчанкава пераканальна паказвае, што можна чакаць новых публікацый, скіраваных на паглыблены аналіз функцыянавання роднага слова ў тэксце. I можна чакаць новых прапаноў, каб яно было “ёмкім і мабільным”, каб беларуская мова натуральна развівалася і ўзбагачалася.

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ,

кандыдат філалагічных навук.