Знакамітыя выпускнікі школы. Кабата Збігнеў// Самая «першая» : інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне да 110-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Кобрына» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: Святлана Курачук. — Кобрын, 2020. – С. 25-26. – (Адукацыя на Кобрыншчыне).

КабатаЗбігнеў (1924-2014) — брытанскі і канадскі паразітолаг, доктар біялагічных і філасофскіх навук, ганаровы член Паразіталагічнага грамадства. Нарадзіўся 17 сакавіка 1924 года ў вёсцы Яромічы Кобрынскага павета (цяпер Кобрынскага раёна) у сям’і афіцэра. Выпускнік гімназіі г. Кобрына. У 1937 годзе ва ўзросце 13 гадоў Збігнеў паступіў у Кадэцкую ваенную акадэмію імя маршала Пілсудскага ў г. Львове, але не паспеў закончыць яе ў сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны. У 1939 годзе Кабата далучыўся да руху Супраціву. У 1945 годзе ён апынуўся спачатку ў Італіі, дзе далучыўся да Другога корпуса Войску краёвай. У 1946 годзе разам са сваім корпусам быў перамешчаны ў Вялікабрытанію, дзе пасля заканчэння шасцімесячных курсаў рыбакоў, працаваў на камерцыйных рыбалоўных судах у Паўночным моры. Збігнеў палюбіў мора і стаў паспяховым студэнтам у вобласці марской біялогіі. Атрымаў доктарскую ступень ва Універсітэце Абярдзіна (Шатландыя), абараніў доктарскую навуковую працу «Паразіталогія марскіх рыб». Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у марской лабараторыі Шатландскага аддзела сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў Абярдзіне. У 1966 годзе З. Кабаце прысвоена званне доктара біялагічных і філасофскіх навук. Як прызнанне заслуг Кабаты, яго імем названа некалькі дзясяткаў марскіх істот. На працягу 15 гадоў Збігнеў быў членам Міжнароднай камісіі па заалагічнай наменклатуры. Чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Індыі. Апублікаваў шмат навуковых прац. Яго фундаментальная праца «Parasitic Copepoda of British Fishes» утрымоўвае больш 2000 арыгінальных, праўдзіва мастацкіх і заалагічна падрабязных малюнкаў паразітычных ракаў. Збігнеў Кабата адзначаны шматлікімі медалямі за прафесійную і грамадскую дзейнасць, сярод якіх узнагароды Канадскага грамадства заолагаў, Польскага паразіталагічнага грамадства. У 2002 годзе выбраны ганаровым прэзідэнтам Кангрэса паразітолагаў у Ванкуверы, у 2003 годзе ўдастоены Прыза выдатнага паразітолага Амерыканскага грамадства паразітолагаў. Раней, у 1996 годзе, навукоўцу быў уручаны Вялікі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы і прысвоена званне Ганаровага доктара сельскагаспа-дарчага ўніверсітэта ў Шчэціне. У 1995 годзе З. Кабата быў аднагалосна выбраны ганаровым членам Паразіталагічнага грамадства пры Расійскай акадэміі навук. 4 чэрвеня 2014 года Збігнеў Кабата пайшоў з жыцця.