Зінчук Сцяпан Дзмітрыевіч

Біяграфічны нарыс

ЗІНЧУК Сцяпан Дзмітрыевіч – спецыяліст у галіне тэорыі і методыкі выкладання фізікі, кандыдата педагагічных навук.

Нарадзіўся 12 красавіка 1937 года ў вёсцы Астромічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Астромічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Спачатку вучыўся ў Астроміцкай школе, сямігодку закончыў у вёсцы Мухаўлокі, працягваў вучобу ў сярэдняй школе № 2 г. Кобрына.

У 1957 годзе Сцяпан Зінчук паступіў у Мінскі дзяржащны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага, па заканчэнні якога ў 1962 годзе застаўся там выкладаць. Працаваў асістэнтам, старшым выкладчыкам, з 1978 года пераведзены на пасаду дацэнта.

Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Изучение элементов автоматики и вычислительной техники в средней общеобразовательной школе» (1974).

У 1988 годзе С. Д. Зінчук узначаліў кафедру інфарматыкі і асноў электронікі МДПІ імя А. М. Горкага (з 1993 года – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, з 1995 года носіць імя М. Танка). Кафедра была заснавана ў 1988 годзе з мэтай падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці «настаўнік фізікі і інфарматыкі» ў сувязі з увядзеннем новага прадмета «інфарматыка» ў школьныя праграмы. За той час, калі дацэнт С. Д. Зинчук узначальваў кафедру (1988–1999), была створана матэрыяльная база лабараторый і вучэбна-метадычнае забеспячэнне выкладаемых курсаў. Супрацоўнікі кафедры (Г. Я. Паліцкі, В. Ф. Гонтараў і інш.) распрацавалі ўнікальнае абсталяванне лабараторыі аўтаматыкі, пра што сведчыць медаль ВДНГ БССР.

З 1999 года Сцяпан Дзмітрыевіч працаваў інжынерам кафедры інфарматыкі і электронікі БДПУ імя М. Танка. Працягваў працоўную дзейнасць да 1 чэрвеня 2017 г.

С. Д. Зінчук апублікаваў больш за 50 навуковых і навукова-педагагічных прац, сярод якіх навучальныя дапаможнікі для школ, прафтэхвучылішчаў і ВНУ: «Элементы вычислительной техники» (1981), «Основы автоматики и вычислительной техники» (у сааўтарстве з А. Ш. Блохам і А. М. Качынскім, 1992), «Электротехника» (у сааўтарстве з Ф. Р. Кітуновічам, 2004) і інш. Пад яго кіраўніцтвам быў рэалізаваны франтальны метад выканання лабараторных работ. Таксама навуковец удзельнічаў пры ўкараненні вылічальнай тэхнікі ў навучальны працэс.

Навукова-педагагічная і грамадская дзейнасць С. Д. Зінчука атрымала годную ацэнку. Сцяпан Дзмітрыевіч узнагароджаны нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі СССР» і «Выдатнік адукацыі БССР», ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР, рэктарата МДПІ імя А. М. Горкага і БДПУ імя М. Танка.

Пражываючы і працуючы ў Мінску, Сцяпан Дзмітрыевіч ніколі не забывае пра сваю родную вёску, і, нягледзячы на ўзрост, часта прыязджае да сястры Марыі Дзмітрыеўны, якая жыве ў Астромічах.