Казлоў Леў Раманавіч

Біяграфічны нарыс

КАЗЛОЎ Леў Раманавіч— вучоны-гісторык, даследчык у галіне гістарычнай геаграфіі і картаграфіі Беларусі, пісьменнік, выдавец.

Нарадзіўся 28 ліпеня 1938 года ў в. ЛітвінкіКобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Вялікая Айчынная вайна застала сям’ю (маці Марыя Іванаўна, бацька Раман Іванавіч і трохгадовы Лёва) у Пінску. Пасля вайны пераехалі ў Кобрын. У школу (сёння СШ № 1) Леў пайшоў у 1946 годзе і правучыўся там сем гадоў. Далей працягваў вучобу ў сярэдняй школе № 2, якую закончыў у 1956 годзе. У школьныя гады любіў чытаць, выяўляў здольнасці да малявання, захапляўся гісторыяй.

У 1957-1960 гадах Леў Казлоў служыў у Савецкай арміі. Маляваў сценгазеты, але часцей яго выкарыстоўвалі як ваеннага картографа.

Марыў стаць мастаком, аднак у сілу пэўных абставінаў пасля службы ў арміі замест мастацкага вучылішча паступае на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. Геаграфія і гісторыя – тыя прадметы, якія таксама цікавілі яго. У інстытуце паглыбіўся ў вывучэнне старажытнай картаграфіі.

У 1965 годзе закончыў інстытут, затым там жа навучаўся ў аспірантуры (1965–1968), працаваў выкладчыкам. У 1970 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Рост культурна-тэхнічнага ўзроўню рабочага класа Беларусі ў гады першай пяцігодкі (1928–1932 гг.)», атрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук.

У 1970–1981 гадах – старшы выкладчык, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі МДПІ імя А. М. Горкага. У 1981–1992 гадах – прафесар кафедры гісторыі Беларусі і замежных краін, дэкан факультэта замежных студэнтаў Мінскага інстытута культуры.  З 1992 па 1994 год – старшы навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных дысцыплін, кіраўнік картаграфічнай групы Інстытута гісторыі АН Беларусі. Л. Р. Казлоў узначальваў групу, якая стала працаваць над пяцітомным «Вялікім гістарычным атласам», арганізаваў работу па складанні новых гістарычных карт і школьных атласаў.

У 1994 годзе Л. Р. Казлоў, не дачакаўшыся бюджэтнага фінансавання выдання карт, заснаваў і ўзначаліў прыватнае выдавецтва – УП «Арты-Фэкс», якое займаецца выданнем геаграфічных карт і атласаў. Работа выдавецтва «Арты-Фэкс» адзначана еўрапейскім залатым прызам «Europe Award» (Парыж, 2001).

З 1995 года Л. Р. Казлоў – галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», часопісаў «Падарожнік» (1997–2001), «Наш край». Навуковы кансультант выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», член Саюза прадпрымальнікаў Беларусі, Нацыянальнай Геаграфічнай Асацыяцыі (ЗША), міжнароднага «Клуба лідэраў гандлю». Адзначаны еўрапейскім прызам «За якасць» (Парыж, 2002).

Аўтар кніг «Дапаможныя гістарычныя дысцыпліны» (1980), «Беларусь на сямі рубяжах» (1993), «Картаграфія Беларусі падчас паўстання 1863-1864 гг.» (2003), «Беларусь у працах польскiх картографаў» (2004), «Беларускае Палессе на старажытных картах» (2006) і інш. Удзельнік шэрагу міжнародных і рэгіянальных навуковых канферэнцый, аўтар артыкулаў па краязнаўчай і картаграфічнай тэматыцы.

Большую частку свайго жыцця Л. Р. Казлоў займаецца ўзнаўленнем рарытэтных карт, якія адшуквае ў розных архівах, бібліятэках, на аўкцыёнах і ў прыватных калекцыянераў. Дзякуючы дзейнасці Льва Раманавіча айчынныя музейныя экспазіцыі папоўніліся дзясяткамі новых выяў беларускіх зямель з маршрутамі старажытных часоў, якія раней не дэманстраваліся. Некаторыя карты, намаляваныя ім, упрыгожваюць раённыя краязнаўчыя музеі.

Над экзэмплярам узноўленай карты для Нясвіжскага замка Леў Раманавіч працаваў каля месяца і ствараў яго з арыгінала, які захоўваецца ў старажытным шведскім г. Упсала. У музеі Нясвіжскага замка экспануецца і другі твор вучонага – вялікі глобус XVI стагоддзя. У картаграфічным кабінеце Музея гісторыі Мінска большасць экспанатаў выкананы рукамі Льва Раманавіча. Нягледзячы на век камп’ютарных тэхналогій, ён працуе ў старадаўняй манеры, не здраджвае звычайнаму алоўку, цыркулю, пяру, акварэлям. Калегі ахрысцілі Льва Раманавіча беларускім Меркатарам (у гонар фламандскага картографа і географа XVI cт. Г. Меркатара). Л. Р. Казлоў упэўнены, што карты могуць расказаць нават больш, чым летапісы, гістарычныя дакументы.

Краязнаўствам Леў Раманавіч займаецца з 1955 года. Настаўнікамі лічыць М. Улашчыка, М. Гнеўку, Г. Каханоўскага, М. Ткачова. У суаўтарстве з дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Нінай Пліско да 700-годдзя Кобрына выдаў гісторыка-эканамічны нарыс «Кобрин» (1987). У якасці рэдактара-укладальніка Л. Р. Казлоў працаваў над гісторыка-дакументальнай хронікай «Памяць. Кобрынскі раён» (2002).

Чалавек рознабаковага таленту, энцыклапедычных ведаў, асоба неардынарная, з самаіроніяй і пачуццём тонкага гумару. Як многiя з гісторыкаў – нумізмат, сабраў вялікую калекцыю манет, захапляецца гістарычнай мастацкай літаратурай, мае выдатную бібліятэку. У 1983 годзе выйшаў яго зборнік гістарычных анекдотаў «Музей остроумия», які быў двойчы перавыдадзены (1986, 1989), у 1999 годзе з’явілася новае дапоўненае выданне – «Большой музей остроумия». Аўтар мастацкіх кнiг «Радзивилл Сиротка» (2015), «З дазволу караля і вялікага князя» (1992, 1998, 2016) і інш. Пад псеўданімам «Плат. Гудовіч» выдаў зборнік вершаў «Размова нанова» (2017).

У ліпені-жніўні 2018 года ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працавала выстава «Вандроўкі па ваколіцах мінулага», прысвечаная 80-годдзю

Л. Р. Казлова. З 14 верасня юбілейная выстава дзейнічала ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе адбылася творчая сустрэча з юбілярам. Усе прадстаўленыя на выстаўцы матэрыялы Леў Раманавіч падараваў кобрынскай бібліятэцы і яе чытачам, за што бібліятэкары вельмі ўдзячны знакамітаму земляку. Наогул, у фондзе бібліятэкі шмат кніг з паметкай «З асабістай бібліятэкі Л. Р. Казлова».

У маі 2023 года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна ўрачыста адкрылася выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі», у якой увасобіўся плён апантанай працы па зборы старажытных карт Л. Р. Казлова. У ліпені ў краязнаўчым інфармацыйным цэнтры кобрынскай бібліятэкі праходзіць юбілейная выстаўка-партрэт «Гісторык, картограф, літаратар».

Нягледзячы на тое, што наш зямляк даўно ўжо жыве ў Мінску, малую радзіму ён не забывае. Як заўважае Леў Раманавіч, дакрананне да вытокаў наталяе яго новымі свежымі ідэямі і энергіяй, таму, нягледзячы на сталы ўзрост, ён штогод прыязджае на Кобрыншчыну — пакланіцца магілам сваіх бацькоў, паразмаўляць з землякамі, падыхаць паветрам далёкага дзяцінства, зазірнуць у кобрынскія школы, музей, бібліятэку.