Казлоў, Л. Р. Дзе тыя рачулкі, дзе тая мяжа / [Л. Р. Казлоў ; размаўляла] Таццяна Снітко // Звязда. — 1996. — 10 лютага. — С. 7.

Галоўны рэдактар і прэзідэнт «Арты-Фэкса» Леў Казлоў аб выхадзе ў свет «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» і інш.

ДЗЕ ТЫЯ РАЧУЛКІ, ДЗЕ ТАЯ МЯЖА…

ХУТКА ЎБАЧЫЦЬ СВЕТ 5-ТОМНЫ «ВЯЛІКІ ГІСТАРЫЧНЫ АТЛАС БЕЛАРУСІ

         СЯРОД МНОСТВА КРОПАК, ліній, каляровых плямак і чорна-белых рысак на аркушы паперы ніяк не магу знайсці адно толькі слова.

         На карце Беларусі пачатку стагоддзя — Слуцк і Старобін, Семежава і Капыль. I Вызна яшчэ не ператварылася ў Чырвоную Слабаду, і Раманаўка не
памяняла
імя разам са знікненнем дынастыі…

         Не бачна (ці можа гэта і ёсць тая былая Раманаўка?) вёскі, што на сучаснай мове мясцовых жыхароў і дарожных знакаў завецца проста: «Акцябр». Толькі больш чым праз паўстагоддзе з’явіцца на картах ісённяшні райцэнтр.

         І — няма Ракіняў. Толькі лясы, лясы…

         Так, зрэшты, і павінна было быць. Значыць, правільная карта! Старэнькія сяброўкі маёй бабулі (як кажуць, царства ім усім нябеснае) не раз успаміналі, што вёскі тут не было. Што з’явілася яна падчас калектывізацыі, а дагэтуль у лесе — «у Барэцкім», як казалі бабулькі стаялі хутары. I зваўся адзін з іх Самахвалаўшчына, і жылі там мае продкі… (Здаецца мне, гэта амаль усё, што я ведаю пра свае карані.) Пазней на тым месцы будуць збірацца на свае кастры, марыць аб светлым будучым і ўсеагульным шчасці ракінскія піянеры, потым побач з узлескам выкапаюць кар’ер, запоўняць вадою, і доўга будзе мясцінка гэта нагадваць ракінцам пейзаж са знакамітай «Алёнушкі» Васняцова, а вялікія арэлі за прасёлкам — служыць месцам сустрэч для сяброўскіх кампаній новага ракінскага пакалення…

         Летась мне давялося трапіць на тое месца. Возера змялела, напалову зарасло травой, арэлі паржавелі і сумна парыпваюць на ветры. Подых ліпеньскага ветру здаўся чамусьці халодным, а ўсё, што было тут раней, нагадала кадры са старога кінафільма, пасля якога ідзе зацямненне з цітрамі: «Прайшло столькі-та гадоў…»

         Але вернемся ў Мінск. Інстытут гісторыі Акадэміі навук і вытворчая камерцыйная фірма «Арты-Фэкс» рыхтуюць зараз да выхаду ў свет «Вялікі гістарычны атлас Беларусі». Вышэйузгаданая карта, што выклікала гэтулькі ўспамінаў — яго, атласа, маленькая часцінка. Калі ўсё будзе добра  (а толькі так і павінна быць), мы з вамі зможам убачыць гэтае пяцітомнае выданне ўжо ў бягучым годзе. Больш падрабязна, зрэшты, аб ім раскажа, мабыць, самы адказны і «ключавы» чалавек — галоўны рэдактар і прэзідэнт «Арты-Фэкса» Леў Казлоў.

  • Леў Раманавіч, можа, спачатку крыху аб сабе?
  • Нарадзіўся ў 38-м годзе ў невялікай вёсцы Ліцвінкі Кобрынскага павета

Палескага ваяводства — гэта яшчэ пры Польшчы было. Скончыў Мінскі педінстытут, гісторыка-геаграфічны факультэт. Ад спалучэння гэтых дзвюх навук захапіўся яшчэ ў студэнцкія гады старажытнай картаграфіяй. Доўгі час займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, але найбольш схіляўся да гісторыі картаграфіі Беларусі. У часы перабудовы быў запрошаны ў Акадэмію навук і ўзначаліў групу, якая стала працаваць над пяцітомным «Вялікім гістарычным атласам». Але хутка для навукі пачаліся часы далёка не лепшыя. Было аб’яўлена, што ніхто не будзе гэтую працу фінансаваць. Пачаліся скарачэнні. На шчасце, да таго часу ўжо былі закладзены асновы «Арты-Фэкса». (Дарэчы, «Арты-Фэкс» на лацінскай мове азначае «майстар сваёй справы», а лацінай, як вядома, шырока карысталіся ў старажытнай Беларусі; гэта не толькі назва, але і своеасаблівы дэвіз фірмы.) Гэта дазволіла прадоўжыць працу над унікальным атласам, падобнага да якога пакуль не мае ніводная з краін-суседзяў. Heштa падобнае, праўда, зараз рыхтуюць палякі.

  • Як я ўжо даведалася, ваша галоўная мэта — навуковая і асветніцкая…

—      Так, мы імкнёмся стварыць шырокую картаграфічную панараму гістарычнага шляху нашай радзімы.

—      Колькі ж гэта матэрыялаў трэба для гэтай панарамы!

—      Нельга паскардзіцца на іх адсутнасць. Каб паказаць вам зараз усе, што маем — дня можа не хапіць! Апрача новых арыгінальных карт, створаных нашымі лепшымі навукоўцамі (a іх прыцягнута да гэтай працы больш за пяцьдзесят), будзе выкарыстаны камплект старажытных картаграфічных твораў. Гэта пталамееўскія, арабскія старажытныя карты. I тыя, што склалі варагі, вікінгі… Чытач убачыць, напрыклад, карту Эль Ідрысі, дзе тэрыторыя Беларусі паўстае такой, якой яна была ў 1154 годзе. У XII стагоддзі ўпершыню пазначаны Мінск, Тураў, Дняпро, палескія балоты…

         Гэта таксама і лепшыя карты, створаныя ў Еўропе: Меркатарам, Артэліем, польскімі картографамі XVII—XVIII стагоддзяў. Пертэс, Заноні, Чакі, іншыя так званыя каралеўскія картографы. Потым, напрыканцы XVIII стагоддзя, з’явяцца і першыя рускія здымкі. Напрыклад, у 3-і том атласа ўвойдуць 15—20 старажытных карт, апрача створаных намі.

         Дарэчы, зірніце, вось карты з Ватыканскай бібліятэкі. Кавалачак, які паказвае нашу тэрыторыю…

         — Надпісы тут на такой мове, што нават цяжка ўявіць, што яны азначаюць. Гэта ж трэба прачытаць!

         — А нашы сецыялісты чытаюць гэта! Вось карта Алауса Магнуса 1524 года. Тут і Белая Русь пазначана. Між іншым, і Напалеон, калі ішоў сюды, меў карты, і вельмі падрабязныя. Яны ў нас пакуль не публікаваліся…         

         Галоўны «залаты арэшак» трэцяга тома — вялікая карта ў трохкіламетровым маштабе ўсёй Беларусі на сярэдзіну XVIII стагоддзя. На ёй будуць паказаны практычна ўсе населеныя пункты, што існавалі на той час. Нават дробныя вёсачкі, асобныя фальваркі. Некаторыя гарады пастараемся паказаць у плане — тое, што ўдалося здабыць.

         Вось, напрыклад, самы старажытны выгляд Мінска на сярэдзіну

XVIII стагоддзя. Зараз не верыцца, што вакол горада былі бастыёны. На другім беразе Свіслачы — так званыя Татарскія агароды. Гэта выгляд, калі ехаць з сённяшняга праспекта Машэрава. Угадваецца Верхні горад, тут яшчэ Ніжні горад быў… На аснове такіх графічных крыніц мы можам шмат чаго аднавіць. Трэці том — сярэдзіна XVIII стагоддзя — як бы наш базавы стан, мы ад яго будзем адыходзіць у глыб часоў і, наадварот, да нашых дзён.

         — Вы як бы захапілі «плацдарм» у тым часе… Дарэчы, чаму менавіта ў ім, а не ў ранейшым ці больш познім?

         — Справа ў тым, што на XVIII стагоддзе мы маем самы вялікі камплект крыніц. Падчас існавання тут Рэчы Паспалітай палякі дасканала ўсё апісвалі і картаграфавалі. I расійскі бок таксама пазней накіраваў многа чыноўнікаў, якія пераносілі на папepy ўсё, вярста за вярстой. Пачынаючы з часоў Кацярыны II, на ўсёй тэрыторыі Расійскай імперыі праводзілася Генеральнае межаванне, пад якое трапіла і значная частка беларускіх зямель. На жаль, межаванне не дайшло да захаду. Шэраг падзей (вайна з Напалеонам, паўстанне 1830 — 31 гадоў, падрыхтоўка да адмены прыгоннага права) перакрэслілі гэтыя намаганні і прывялі да таго, што Генеральнае межаванне страціла сваё значэнне. Тым не менш, захаваліся цэлыя тамы апісанняў і падрабязных здымкаў. Спалучэнне пісьмовых і картаграфічных крыніц- асноўная база многіх карт нашага атласа.

         — Якія бакі жыцця гэтыя карты адлюструюць? Напрыклад, калі мы толькі што назіралі працэс іх стварэння, я бачыла цікавую рэч: у колерах вылучаны паселішчы шляхты, рамеснікаў, сялян, панскія маёнткі…

         — Будуць прадстаўлены, напрыклад, розныя рэлігійныя канфесіі Беларусі. I прамысловасць, і цікавыя забудовы, і тое, як зямля падзялялася. Дзяржаўная, ці каралеўская, ці тая, што дару належала, ці вольныя мясціны… Цікава, што мы звярнулі ўвагу не толькі на сацыяльныя з’явы, але і на паказ прыроды. Нават тэрмін такі ўвялі: гістарычная экалогія. Гэта значыць, што ў рэтраспекцыі мы «вяртаем» прыроднае асяроддзе, якое было сто, дзвесце гадоў таму, а калі ўдасца — нават трыста. Гэта тагачасныя лясы, балоты, назвы знікшых рэк. Вось, паглядзіце. Гэта карта зроблена ўжо ў 30-я гады нашага стагоддзя, даваенная. Яшчэ меліярацыі ніякай няма, і тут фактычна ўся гідраграфія, усе рэчкі, якія тады існавалі.

         — Я бачу, што рэк было нашмат больш! Некаторыя мясціны ўвогуле нагадваюць астраўкі, акружаныя рэчкамі.

         — Можна параўнаць з усім, што існавала яшчэ нават у XVII стагоддзі. Калі гідраграфія адноўлена, наносяцца назвы пушчаў, лясная зона. Зараз ніхто не ведае, што была Кобрынская пушча ці Радашковіцкая. На старажытных

картах гэта ўсё пазначана! Пяскі нейкія на Палессі мы раптам заўважылі. Хто пра іх ведаў? Там балоты, а былі тэрыторыі нібыта пустыня…

         — Леў Раманавіч, ці не тоіцца небяспекі ў выкарыстанні крыніц тых краін, улады якіх на працягу стагоддзяў дзялілі паміж сабой нашу этнічную тэрыторыю? Я маю на ўвазе Польшчу з Расіяй.

—      Аб’ектыўнасць крыніц, канешне, розная, і вядома, што кожны ліў ваду на свой млын. Як кажуць, праўда ляжыць недзе пасярэдзіне.

         Яшчэ наконт праўды: вядома, што нават сярод гісторыкаў існуюць розныя погляды. Так хочацца, каб гісторыя нарэшце перастала «перапісвацца» і стала навукай дакладнай!

         — Фактычна наш праект неканцэптуальны. Гэта значыць, што мы не прытрымліваемся нейкай адной ідэі: дагадзіць левым ці правым, нацыяналістам ці інтэрнацыяналістам. Мы робім навуковую справу нейтральна. Няхай навукоўцы выказваюць сваё погляды картаграфічна, на аснове сваіх даследаванняў, са спасылкамі на крыніцы. Кожны наш аўтар нясе маральную адказнасць перад чытачом, мы ж адказваем за атлас у цэлым. Таму свядома ўзялі нейтральны курс пры наяўнасці процілеглых поглядаў. Каб не было ўхілаў ні ў які бок. Няхай чытач сам робіць высновы, знаходзіць запатую сярэдзіну…

         Шмат чаго цікавага давялося мне пачуць тады ў нашай размове над старымі картамі. Вось, напрыклад, як рабілі хітрыя чыноўнікі ад статыстыкі, каб дакладна палічыць насельніцтва некаторых вёсак (бо феадалам нявыгадна было казаць, колькі ў іх душ, зямлі, якія заробкі: ад іх колькасці залежалі памеры падаткаў). Чыноўнікі дамаўляліся з цыганамі, якія вадзілі знакамітых дрэсіраваных смаргонскіх мядзведзяў. Пакуль уся вёска дзівілася на тое відовішча, яе жыхароў легка было пералічыць, як кажуць, па галовах. Дарэчы, стваральнікі атласа ўсё ж маюць адну канцэпцыю — патрыятычную, але не цураюцца і паказу ўплываў іншых народаў, што мелі як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі.

         … У XVI стагоддзі на карце аўстрыйскага пасла Герберштэйна, што праязджаў праз тагачасную Беларусь, наша радзіма выглядае суцэльным лесам. У атласе Артэлія, створаным напрыканцы XVI стагоддзя, ёсць словы: «Літва ці, як называюць мясцовыя жыхары, Белая Русь…» Ён піша яшчэ, што ўсе еўрапейскія вяльможы, ад англійскага караля да баварскага герцага, апраналіся ў ганастаевыя мантыі палескага паходжання, лепшыя лясы для палявання знаходзіліся на Палессі, лепшая рыба вывозілася таксама адсюль. Гэта чатырыста гадоў таму.

         Што засталося сёння ў прыродзе і ў нас?

         …Бабулька ў невялікай вёсачцы на памежжы з Расіяй некалі на заўвагу мімаходзь (цікавай мне здалася тамтэйшая гаворка: словы беларускія вымаўляюцца мякка, як у адной з братніх моў) адказала з годнасцю: ніякага памежжа тут няма, у нас тут Беларусь, а вы там, на захадзе, усе палякі…

         Хлопцы і дзяўчаты з Беласточчыны аднойчы сказалі паўжартам: ты, маўляў, гаворыш панашаму з рускім акцэнтам. Яны мелі на ўвазе маю беларускую мову.

         Мінскі сусед, стары дзядуля, нядаўна зусім уразіў мяне сваёй высновай: «Не ведаю, адкуль ты, але ў цябе не мінскі акцэнт. Не беларускі. Літоўскі!»

         У прынцыпе, я згодная быць кім заўгодна, хоць эскімоскай, але ні мяне не пераробіш, ні карані мае, ні радзіму, ні мову…

         Але нешта зблыталася ў свеце! Адзін знаемы ледзь змог растлумачыць адукаваным людзям на Захадзе, дзе знаходзіцца Беларусь (я на яго месцы сказала б, што ў Афрыцы: было б карысна паглядзець на вынік!)

         Другі, добры сябар са студэнцкіх часоў, шчыра лічыць: «Беларусь не можа быць незалежнай краінай, гэта утопія рамантыкаў. Беларусаў цяжка лічыць асобным народам». Гэта кажа жыхар далёкага замежжа, але выказвае меркаванні сяго-таго з суайчыннікаў.

         Карпатлівая праца — рысачка за рысачкай наносіць на шматлікія лісты паперы з дакладнасцю да міліметра нашу мінуўшчыну. «Галоўнае, — лічыць Леў Раманавіч Казлоў, — паказаць тое, што мы страцілі. Куды падзеліся ўсе гэтыя лясы, рачулкі? Чаму першыя павысякалі, а другія спрамілі ці высушылі?. Дзе мы згубілі тую мяжу, якую нельга было пераходзіць, каб не парушыць баланс прыроды…»

         Гэта не толькі аб прыродзе ці тэрыторыі. Калі адны рэчы беларусам не дазволяць вярнуць назад нашы спрадвечныя годнасць і здаровы сэнс (усё ж у гэтым нашему народу не адмовіш), то іншыя — не вернеш ніколі. Во рачулкі і крыніцы знікаюць не толькі на картах.

         «Вялікі гістарычны атлас» ужо зараз выклікае цікавасць далёка за межамі Беларусі. На яго падпісаліся жыхары заходніх краін, у тым ліку вядомыя навукоўцы, грамадскія дзеячы з замежнай беларускай дыяспары. Адна з канадскіх фірмаў заключыла дагавор з выдаўцамі на распаўсюджванне атласа ў Канадзе, Амерыцы і Заходняй Еўропе. У нас на Беларусі гэта выданне ўжо заказана шматлікімі навуковымі бібліятэкамі, Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь, выкладчыкамі вядучых ВНУ, вядомымі пісьменнікамі. Як мяркуюць выдаўцы, «Вялікі гістарычны атлас» будзе карыстацца попытам і стане адным з найлепшых нацыянальных гістарычных выданняў у свеце. Што вельмі слушна. Бо свет, які трымаецца на нябачнай повязі часоў, краін, культур, пакаленняў і асобных людзей, не «адкрые» Беларусь, пакуль мы не адкрыем яе для сябе самі.

Таццяна СНІТКО.