Казлоў, Л. Р. Паўночная вайна на Беларусі. / Л. Р. Казлоў // Падарожнік. – 1998. — № 5. – С. 30. — Працяг, пачатак у №№ 1, 2, 3, 4.

ПАЎНОЧНАЯ ВАЙНА НА БЕЛАРУСІ

Частка 3. ШВЕДЫ МАРШЫРУЮЦЬ НА УСХОД

Баявыя дзеянні прагназаваліся ваюючымі бакамі па-рознаму.

Што б там ні казалі, а Карл XII зусім не лічыўся з новымі абставінамі, ігнараваў поўнасцю новыя даныя пра пераўзбраенне і рэарганізацыю расійскай арміі, словам, быў занадта ўпэўнены. 90-тысячная армія Пятра I, пасунуўшыся далёка на захад, чакала…

Пад канец 1706 г. расійскія войскі размясціліся наступным чынам: конны корпус Меншыкава — у раёне Жолквы (Валынь); галоўныя сілы пад камандаю Шарамецьева — паміж Астрогам і Дубнаю; у Полацку, каб сачыць за Левенгаўптам, што кватэраваў у Рызе, стаяла асобная група Аларда; у Інгрыі (дзе будаваўся Санкт-Пецярбург) былі войскі Апраксіна.

Залягала зіма. Нейкіх канкрэтных звестак аб праціўніку не паступала. Бліжэйшая стратэгічная задача асноўных расійскіх ваенных частак зводзілася да прыкрыцця шляхоў, што пралягалі на поўдзень ад Палесся і на Кіеў. Што тычыцца тактычных момантаў, то быў прыняты т.зв. “план фельдмаршала Шарамецьева”, прадстаўлены ім пад час нарады ў Жолкве. Ён складаўся з наступных пунктаў: 1) на тэрыторыі Рэчы Паспалітай са шведамі ў генеральную бітву не ўступаць, а адыходзіць бліжэй да сваіх межаў, маючы на ўвазе не зусім надзейную мясцовую сітуацыю; 2) пры непасрэднай пагрозе з боку ворага, адыходзячы, знішчаць усялякія прыпасы, каб стварыць для яго харчовыя цяжкасці; 3) бесперапынна дасаджаць шведам лёгкімі атрадамі конніцы, не даючы спакою пры адпачынках.

Адпаведна ўмовам актыўнай абароны пятроўская армія карысталася сродкамі краю для харчавання і побыту. Ну, і не трэба забываць, што знаходжанне такой сілы значна ўплывала на ўнутрыпалітычнае становішча Рэчы Паспалітай. Зразумела, лепшых прапаноў на бліжэйшы час, не ведаючы планаў Карла XII, ніхто і не прадставіў. Тактыка “малой вайны” была ўжо добра вядома цару Пятру, бо яна дастасоўвалася да “ваенных выхадак”

Карла XII, які дзейнічаў хутка і нечакана, дамагаючыся рашучай сутычкі. Таму шведам, на першы погляд, і не патрэбна была надзейна абсталяваная база, усё прыхоплівалася “на хаду” — ізноў жа за кошт мясцовых жыхароў. Імклівы наступ, канешне, мог адбывацца толькі з інфантэрыяй (пяхотай) ці кавалерыяй — з лёгкім узбраеннем, значыць без артылерыі, бо яна толькі затрымлівала рух. Адзначце: шведскае войска — без артылерыі. I другое: прыпасы на маршруце яго перамяшчэння папярэдне знікаюць.

У дапаўнене да агульных задач Пётр I ўмацоўвае Кіеў, падводзячы сюды трохмесячныя запасы харчавання на 70 тысяч чалавек і двухмесячны фураж для 55 тысяч коней. Праз Дняпро будуюцца новыя масты. Мясцовы “фронт” тут павінен быў трымаць гетман Іван Мазепа, якому даручалася да ліпеня 1707 г. зграмадзіць пад Кіевам усё казацкае войска.

Шарамецьеву загадвалася рыхтаваць сілы для вясенніх паходаў “куды лёс накіруе”, але направіць усе камунікацыі на Палессі, каб перакінуць войскі ў паўночным накірунку і падрыхтаваць «магазіны» ў Мазыры, Слуцку і Мінску.

Увесну 1707 г. з прычыны ўзнікшых на Беларусі хваляванняў Пётр накіроўвае галоўныя сілы згодна папярэдняй задумцы, прыкрываючы тым самым шляхі на Маскву і заваяваную частку Прыбалтыкі. У маі таго ж году конніца Меншыкава дабіраецца да Любліна, а потым і да Варшавы. Цар накіроўваецца сюды. Ён гасціў у Варшаве аж да кастрычніка 1707 г. Пётр упэўнены: у гэтым годзе шведы ўжо не пачнуць ваенных дзеянняў, трэба ізноў размяшчацца на зімовыя кватэры.

Пры ад’ездзе цара 8 кастрычніка 1707 г. ўзброеныя сілы Расіі знаходзіліся на такіх пазіцыях: дывізія Шарамецьева — паміж Мінскам, Барысавам і Копыссю; дывізія Рэпніна — у Вільні, яе авангард — у Коўне і Гародні; кавалерыя Меншыкава затрымалася ля Беластока. Усіх разам налічвалася каля 70 тысяч. Але ізноў надзеі маскоўскага цара на спакойную зімоўку не спраўдзіліся.

Л. Р. Казлоў