Казлоў, Л. Р. Паўночная вайна на Беларусі / Л. Р. Казлоў // Падарожнік. – 1998. — № 3. – С. 18–20. — Працяг, пачатак у №№ 1, 2.

ПАЎНОЧНАЯ ВАЙНА НА БЕЛАРУСІ

Расія пасля Альтранштадскага міру апынулася ў адзіноце. «…Адным нам вайна гэтая засталася, — пісаў Пётр I А. Апракеіну. — Дзеля гэтага нішто так не належыць берагчы, як межы», Усе разумелі, што рана ці позна шведскія войскі памаршыруюць на Маскву. Таму ў памежных тэрыторыях (пад Псковам, Вялікімі Лукамі і Смаленскам) спешна будуюцца новыя ўмацаванні, якія звязваліся традыцыйнай «засечнай» лініяй аж па самую Браншчыну. Цар загадвае ўзводзіць дадатковыя абарончыя збудаванні ў Маскве. Перакладваліся нават новыя дарогі. Вось так паўплывалі «гродзенскія падзеі». Цікава, што Пётр I нейкі час усё яшчэ спадзяваўся на не зусім безнадзейнае становішча «брата Аўгуста», і яшчэ ўвосень 1706 г. з Кіева расійская армія накіравалася на Валынь, а 20-тысячны корпус Меншыкава атрымаў загад фарсіраваць Віслу і ўліцца ў саксонскае войска. Аўгусту ўдавалася нейкі час не абвяшчаць усе дакладнасці Альтранштадскай змовы. Адбылося нават злучэнне саксонцаў з меншыкаўскімі коннікамі, але не дзеля ваенных мэтаў. Рускі бок перадаў Моцнаму прыхопленых у палон шведаў, якіх той адпусціў да свайго караля з выказваннямі ўсялякіх прабачэнняў. А Меншыкаву былі прапанаваны выгодныя зімовыя кватэры у Жолкве, Цяпер ужо і  Альтранштадт стаў усебакова вядомым. Кажуць, Пётр так раз’юшыўся, знаходзячыся ў той час у Варшаве, што загадаў пазабіраць «розную каштоўную галянтэрыю» ў прыхільнікаў Ляшчынскага, Нават «вобраз караля Жыгімонта, што стаіць з мосяжу адліты, пазалачоны, на слупе перад брамай у Варшаве, хацеў забраць у Маскву, але сенатары ўгаварылі», — так адзначалася ў «Магілёўскай хроніцы» Сурты і Трубніцкага.

Між іншым, па Альтранштадскіх умовах быў вырашаны і лёс памянёнага раней Іягана Паткуля. На гэты час ён ужо даслужыўся да генеральскай пасады, і вось… Звернемся яшчэ раз да памянёнай «Хронікі»: «…З вялікай жаласцю каралём Аўгустам у рукі шведскага караля быў выданы генерал Паткуль, каторага кароль шведскі жыўцом накруціць на кола і чвэртаваць загадаў. Адбылося гэта ў Польшчы паблізу кляштару Казіміроўскага, што паміж Пазнанню і Слупцам. А Паткуль гэты з тое рацыі быў агідны каралю шведскаму, што будучы шведскім падданым верна служыў каралю Аўтусту, і да таго ж да Сапежынскай калатэчні не мала спрычыніўся, вось за гэта і быў жыўцом чвэртаваны. I як нават кароль Станіслаў ні выказваў на карысць генерала інстанцыі, але анічога не дапамагло». Супраць такога павароту ў лёсе свайго адказнага дыпламата пратэставаў яшчэ персанальна цар Пётр I — і таксама безвынікова…

Частка 2. НАЗІРАННІ ЗА ПАДЗЕЯМІ

Пажаданні Карла XII шведскае войска зазімавала ў Саксоніі. Кароль-пераможца проста цешыўся з свайго геніяльнага поспеху. А што, засталася нейкая там напаўдзікая Расія. якая нікуды не дзенецца, і ніхто ёй не дапаможа. Гэта надзейная здабыча, бо паляўнічае шчасце ўжо не раз даказана. Наперадзе чарговая ваенная забава…

Не, канешне, у шведскім стане выглядала ўсё далёка не так. Што Карл быў «з фіёлкамі ў галаве», ведалі ўсе. хто хацеў пра гэта ведаць. Але ж і талент ваенны меў. Рыхтуючыся да паходу на Расію, «свейскі брат» павялічыў сваё войска амаль да 100 тыс. Пры ім непасрэдна ў Саксоніі знаходзілася 60 тыс., авангард у Польшчы — да 10 тыс., корпус Левенгаўпта ў Рызе — да 20 тыс., ды яшчэ розныя злучэнні разам з флотам — тысяч на 25 жывой сілы.

Еўропа па-ранейшаму не жадала пасрэднічаць у расійска-шведскіх справах, падтрымлівала Карла XII і афіцыйна прызнавала за польскага караля Ста- ніслава Ляшчынскага. Але найбольш складанымі былі абставіны на Беларусі, Пасля пагрому сапегаўскіх харугваў, што трымаліся Ляшчынскага і шведаў, «рэспубліканцы» (прыхільнікі шляхецкай вольнасці і саюзу з Расіяй) хуценька зразумелі, чаго хацеў у тых акалічнасцях саксонскі курфюрст. А ён хацеў аддзялення аж да незалежнасці Вялікага княства Літоўскага. на чале якога пазней стане яго сын-нашчадак. Што тут пачалося! Хто з кім і за каго? Словам, па ўсёй беларускай зямлі гойсалі ваенныя адзінкі рознай велічыні і арыента- цыі. Але ўсім трэба сілкавацца, адпачываць ды яшчэ й на кані скакаць з усякай тагачаснай зброяй. А пасля таго, як расійскія войскі вымушаны былі пакінуць Гродна ды іншыя гарады. добра арганізаваныя шведскія атрады «прайшліся» па Нясвіжы, Пінску, Кобрыну, Карэлічам, Міру, Ляхавічам і Клецку. Не абмінула гэта навала і Полацк з Навагрудкам.

Панаванне Аўгуста Саксонскага не прынесла Польшчы славы, адны няўдачы. Зразумела, чаму значная частка кароннай шляхты падтрымала новага ўладальніка трону. Ляшчынскі стаў каралём не толькі дзякуючы шведам. Яшчэ пад час элекцыі Саксонца відочна была даволі значная апазіцыя, якая галасліва заяўляла пра сваё прадстаўніцтва «ад абодвух народаў». Але гэтая т.зв. «варшаўская канфедэрацыя» была вельмі плынная, тым больш што шведы ахвотней падтрымлівалі пратэстантаў. Канешне, Карл XII імкнуўся стварыць саюзнае сабе войска на тэрыторыі ўсёй Рэчы

Паспалітай, каб потым разам рушыць на Усход. І, на першы погляд, стварылася такое войска, недзе з 40 тыс., але яно было зусім не спраўнае і трымалася толькі з дапамогай «шведскай вапны». А рабаўнічыя выправы шведаў вельмі ўжо нагадвалі падзеі стогадовай мінуўшчыны — часы “патопу”. Таму трываць усё гэта не магло бясконца.

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што Аўгуст Саксонскі, дакдадней, зараз курфюрст Фрыдрых-Аўгуст I Саксонскі, сачыў за падзеямі са сваёй Дрэзны. Дарэчы, да гэтай пары няма добра напісанай, навукова абгрунтаванай біяграфіі самога караля. Больш вядомы жыццярыс яго вобразу — у мастацкіх творах. Гэты «другі Аўгуст» нават рашуча паўплываў на саму гісторыю. Сапраўды, шмат чаго легендарнага і анекдатычнага звязана з Саксонцам.

Вядомы польскі пісьменнік і гісторык Ю. І. Крашэўскі (1812-87) параўноўваў Аўгуста ІІ з апошнімі імператарамі старажытнага Рыму, калі пад час відочнага заняпаду яны ўсе ж імкнуліся захаваць свой велічны выгляд: «Быць незвычайным, прамянець. нягледзячы ні на што, пераконваць з келіхам у руцэ, у атачэнні прыгажунь, ва ўсемагутнасці сваёй неабмежаванай сілы, што цалкам скупілася ў руцэ, бо яе не было ў душы, — вось якую жыццёвую мэту ўчыніў сабе Аўтуст Моцны. Звалі яго добрым, хаця ім ён ніколі не быў: словам — распусны, паблажлівы, можа прытаіцца, скрыць свае намеры, а заразам жорсткі да апантанасці, неміласэрны да нялюдскасці, так што сзрца халадзее, абыякавы да ўсяго, апрача таго, што тычыцца яго самога. Калі сапраўды, то анічога ў ім прыроднага не было: ўсё штучнае і напаказ, ад амураў пачаўшы — да палітыкі. Жадная думка доўга не гасціла ў яго галаве, счадзелай ад самаўлюблёнасці, апрача крыўды, якой не забываў ніколі, і помсты, што нястомна палахцела ў яго сэрцы. Ніколі не апускаўся на зямлю са сваіх алімпійскіх вышыняў, нікога не кахаў, насміхаўся над тымі, каго толькі што абдымаў, а калі трэба было іх паканаць, то станавіўся як найсалодшым. Людзі былі для яго забаўкамі, якія, патрошчыўшы, выкідваў на сметнік. Яму зыходзіла ўсё».

Што да «амураў», пра якія мноства разоў згадваецца ў розных крыніцах, то тут і сучаснікі, і пазнейшыя даследчыкі ў дакладных лічбах не разыходзяцца. Па адных звестках, кароль нажыў некалькі сотняў (!) пазашлюбных дзяцей. Афіцыйна ж прызнаўся толькі да васьмі. Прынамсі, ад адной са сваіх улюбёніц, знакамітай графіні фон Косель, Аўгуст меў дзвюх дачок, якіх ён поўнасцю забяспечыў матэрыяльна і выдаў замуж за дастойных партнёраў. Нагадаем, што XVIII стагоддзе, асветніцкае, у многіх манархаў, а таксама манархінь стала часам неабмежаваных амурных магчымасцяў.

Л. Р. Казлоў