Казюк Мікалай Васільевіч

Біяграфічны нарыс

КАЗЮК Мікалай Васільевіч (1898–1978) – дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В. У. Куйбышава з 1937 по 1938 год, партыйны дзеяч, загадчык аддзела друку і выдавецтва ЦК КП(б)Беларусі, галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР пры Народным камісарыяце асветы БССР.

Нарадзіўся 25 ліпеня 1898 года ў вёсцы Корчыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер в. Корчыцы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Усеагульная галеча не дазволіла юнаку атрымаць першапачатковую адукацыю. Мікалай вучыўся грамаце ад дарослых людзей, а потым усяго тры зімы хадзіў у школу.

У час Першай сусветнай вайны Мікалай Казюк з бежанцамі трапіў у Расію, на Паволжжа, працаваў малотабойцам у кузнечных майстэрнях. З лютага 1918 года служыў добраахвотнікам у Чырвонай арміі, ваяваў на франтах Грамадзянскай вайны, быў тройчы паранены, у 1919 годзе кантужаны і дэмабілізаваны ў г. Саратаве.

У маі 1921 года Саратаўскі абкам партыі накіраваў Мікалая Казюка на вучобу ў Маскву. Закончыў вячэрні рабфак Маскоўскага ўніверсітэта (1924), потым – Камуністычны інстытут журналістыкі, аспірантуру Навукова-даследчага камерцыйнага інстытута. Вывучаў філасофска-эканамічную літаратуру, сувязь эканомікі і палітыкі. Працаваў у газетах «Рабочая Москва», «Московская деревня», з 1927 года – у часопісе «Деревенский коммунист». У 1931 годзе ў Цэнтральным выдавецтве народаў СССР выйшла брашура Мікалая Казюка «Другая бальшавiцкая вясна». У 1932 годзе яго запрасілі на пасаду інструктара культурна-прапагандысцкага аддзела ЦК ВКП(б), затым працаваў у аддзеле друку.

У 1936 годзе Мікалай Васільевіч пераведзены на працу ў ЦК КП(б) Беларусі на пасаду загадчыка аддзела друку і выдавецтваў. Ён быў першым у спісе дэлегацыі, якая 29 лістапада 1936 года ўручала І. В Сталіну на VIII Усесаюзным з’ездзе Саветаў знакамітае «Пісьмо беларускага народа Вялікаму Сталіну».

2 кастрычніка 1937 года Бюро ЦК КП(б)Б разгледзела справу Мікалая Казюка і за «притупление политической бдительности к врагам народа Поссе и др., выразившееся в неразоблачении их, будучи в близких отношениях с ними», абвясціла яму вымову з унясеннем у асабістую справу. Захавалася стэнаграма пасяджэння, у якой сцвярджалася, што па прапанове наркама НКУС Бермана матэрыялы пра Казюка былі перададзены ў органы НКУС для далейшага расследавання. М. В. Казюк апелюе ў Камісію партыйнага кантролю пры ЦК ВКП(б), якая 10 красавіка 1938 года вымову зняла.

У лістападзе 1937 года М. В. Казюк быў прызначаны дырэктарам (рэктарам) Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі імя В. В. Куйбышава. Чытаў лекцыі па гісторыі эканамічных вучэнняў.

28 ліпеня 1938 года Мікалая Казюка арыштавалі па абвінавачванні ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі. У ходзе следства абвінавачванне не пацвердзілася, і 8 сакавіка 1939 года быў вызвалены.

На ранейшую пасаду М. В. Казюк не вярнуўся. Працаваў галоўным рэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. Сустракаўся з Я. Коласам, Я. Купалам, Ц. Гартным, М. Лыньковым і іншымі беларускімі пісьменнікамі. Даводзілася Мікалаю Васільевічу пісаць рэцэнзіі на мастацкія творы, хоць гэта і не быў яго профіль працы. 28 сакавіка 1940 года Мікалай Казюк ужо ў якасці галоўнага рэдактара Дзяржаўнага выдавецтва пры СНК БССР прысутнічаў у ЦК КП(б)Б на вядомай нарадзе па пытанні рэформы беларускага правапісу.

У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на Заходнім фронце, змагаўся на подступах да Смаленска. У адным з баёў быў цяжка кантужаны і адпраўлены ў шпіталь за Маскву. У снежні 1941 года яго накіравалі начальнікам палітаддзела Залесаўскай машынатрактарнай станцыі Арэнбургскай вобласці. Сельскія працаўнікі вырошчвалі хлеб, усе сілы аддавалі фронту.

У 1943 г. М. В. Казюка зноў залічылі ў армію, загадам Галоўнага палітупраўлення арміі ён атрымаў прызначэнне на выкладчыцкую працу ў Ваенна-паветраную акадэмію, якая зараз носіць імя Ю. А. Гагарына. Калі вораг падыходзіў да Масквы, акадэмія перабазіравалася ў горад Чкалаў (Арэнбург), куды Мікалай Васільевіч прыбыў і адразу ж прыступіў да распрацоўкі лекцый па марксізму-ленінізму, гісторыі партыі. У маі 1944 года акадэмія пераехала на сваё ранейшае месца – у пасёлак Моніна пад Масквой.

У 1947 годзе ў лекцыйнай зале сярод слухачоў Мікалая Васільевіча лічылася 208 Герояў Савецкага Саюза, 20 – двойчы Герояў і тройчы – адзін (Іван Кажадуб). У акадэміі ішла інтэнсіўная падрыхтоўка лётчыкаў, здольных штурмаваць космас. Слухачамі Мікалая Васільевіча былі таленавітыя лётчыкі Георгій Берагавы і Уладзімір Шаталаў, якія паспяхова закончылі Ваенна-паветраную акадэмію ў 1956 годзе, і іншыя будучыя касманаўты. Нярэдка выступаў з лекцыямі ў Зорным гарадку касманаўтаў, які знаходзіўся зусім блізка ад акадэміі.

У Ваенна-паветранай акадэміі Мікалай Казюк прайшоў шлях ад маёра да палкоўніка. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1961 годзе сышоў у адстаўку. Але і будучы ваенным пенсіянерам, чытаў лекцыі ў вячэрніх універсітэтах пры Нагінскім і Шалкоўскім гаркамах партыі, у Доме афіцэраў, школах.

Наш зямляк ніколі не парываў сувязі з роднай Беларуссю. Яго бацька, Васілій Андрэевіч Казюк, вясковы пастух, падчас Вялікай Айчыннай вайны быў расстраляны ў г. Кобрыне і пахаваны ў брацкай магіле ў в. Вялікія Лепясы. У пасляваенныя гады М. В. Казюк прыязджаў у Мінск, дзе жылі яго блізкія сваякі, дзе ў розныя часы ў інстытуце народнай гаспадаркі вучыліся яго дачка Генрыета і ўнучка Лена.

Мікалай Васільевіч Казюк памёр 15 снежня 1978 года, пахаваны на мемарыяльных ваенных могілках у г. п. Моніна Маскоўскай вобласці.