Катовіч Іван Антонавіч

Біяграфічны нарыс

Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч (1839-1911) – вядомы праваслаўны царкоўны дзеяч, гісторык, публіцыст, журналіст, фалькларыст. Магістр багаслоўя (1873).

Іван (Іаан) Антонавіч Катовіч нарадзіўся 2 верасня 1839 года ў в. Чаравачыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Паходзіў са старажытнага беларускага праваслаўнага святарскага роду. Старэйшы сын протаіерэя Антонія Ануфрыевіча Катовіча. Браты Івана – Фама, Мікалай, Міканор, Аляксей – таксама былі святарамі, сёстры – Марыя, Юстына, Алена – выйшлі замуж за асоб духоўнага звання. 

Першапачатковую адукацыю Іван Катовіч атрымаў дома. Паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, якое было адным з трох навучальных устаноў такога роду ў Гродзенскай губерні. У вучылішчы рыхтавалі хлопчыкаў да паступлення ў духоўную семінарыю. Вучылішча складалася з трох аддзяленняў, курс навучання працягваўся тры гады, дзеці паступалі ва ўзросце ад 9 да 11 год.

Пасля заканчэння Кобрынскага духоўнага вучылішча ў 1855 годзе Іван Катовіч паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні. Для гэтага яму давялося здаць шэсць экзаменаў: па геаграфіі, арыфметыцы, катэхізісе, рускай, лацінскай і грэчаскай мовах. Навучанне ў семінарыі было ўсебаковым, акрамя багаслоўскіх прадметаў вывучалася і шмат свецкіх.

У 1861 годзе Іаан Катовіч заняў пасаду настаўніка ў Кобрынскім духоўным вучылішчы, пачаў друкавацца ў газеце «Дух христианина», рэдактар якой А. Гумілеўскі настойліва рэкамендаваў яму для працягу адукацыі ехаць у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Раней талент і розум I. Катовіча былі заўважаны мітрапалітам Іосіфам Сямашкам. 5 снежня 1863 года Iаана Катовіча без экзаменаў залічылі ў акадэмію.

З акадэміі ён вынес багаты запас ведаў, а галоўнае — маральны абавязак і гатоўнасць аддаваць усе свае сілы і працу на карысць роднага краю. Настаўнікам Іаана Катовіча быў Міхаіл Восіпавіч Каяловіч — вядомы прадстаўнік беларускай гістарычнай думкі другой паловы XIX стагоддзя, публіцыст і грамадскі дзеяч, прафесар рускай грамадзянскай гісторыі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі.

Скончыўшы акадэмію, у 1867 годзе І. А. Катовіч прыязджае ў Вільню, дзе на працягу года працуе ў Публічнай бібліятэцы, чакаючы адкрыцця штата ў найстаражытнейшым Віленскім саборы Раства Багародзіцы. 2 жніўня 1868 года мітрапаліт Іосіф прыняў прашэнне прызначыць І. А. Катовіча святаром у названы сабор. Святарскае пасвячэнне Іаана Катовіча 29 верасня 1868 года здзейсніў епіскап Брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі. Апякун Віленскай навучальнай акругі 1 кастрычніка прызначыў І. А. Катовіча законавучыцелем рэальнай гімназіі (пазней — вучылішча). Такім чынам, І. А. Катовіч вярнуўся да педагагічнай дзейнасці і праявіў сябе таленавітым арганізатарам і кіраўніком навучальнага працэсу.

20 снежня 1869 года Св. Сінод зацвердзіў І. А. Катовіча на пасаду рэдактара «Литовских епархиальных ведомостей» (ЛЕВ). З таго часу паралельна з асноўнай працай найважнейшай часткай яго дзейнасці стала газета, рэдактарам якой Іван Антонавіч быў звыш 30 гадоў (1869-1903). Пад кіраўніцтвам І. А. Катовіча «ЛЕВ» атрымалі росквіт, а рэдакцыя згуртавала знакамітых дзеячаў свайго часу — І. С. Аксакава, А. В. Бялецкага, А. С. Будзіловіча, У. В. Качаноўскага, Ю. Ф. Крачкоўскага і многіх іншых. Іван Антонавіч ператварыў газету ў адно з лепшых перыядычных выданняў Расійскай імперыі, у якім з’яўляецца і мноства яго нарысаў, артыкулаў, у тым ліку «Историческая записка о литовской духовной семинарии» (1878 г.), «Высокопреосвященный Алексий, архиепископ Литовский и Виленский» (1890 г.), «Торжество 50-летия воссоединения униатов» (1889 г.), «Слово в день празднования 300-летнего юбилея со времени построения Свято-Духовым братством церкви Святого Духа в г. Вильне» (1897 г.). Пяру журналіста І. А. Катовіча належала вялікая колькасць артыкулаў пра гісторыю манастырэй і цэркваў краю, а таксама некралогаў. Супрацоўнічаў з часопісамі «Православное обозрение», «Виленский календарь» і інш.

У 1873 годзе I. А. Катовіч пад кіраўніцтвам прафесара

М. В. Каяловіча паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю «Первоначальная история христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до Великого князя Литовского Ягайлы» і па рашэнні рады Пецярбургскай духоўнай акадэміі, зацвярджэнні Св. Сінода яму была прысуджана вучоная ступень магістра багаслоўя. Маладому вучонаму ў гэты час было 34 гады.

У 1875 годзе быў узведзены ў сан протаіерэя і неўзабаве прызначаны настаяцелем саборнай царквы ў Вільні.

Рана выступіўшы на педагагічнай ніве ў розных навучальных установах (выкладаў у Кобрынскім і Віленскім духоўных вучылішчах, Віленскім рэальным вучылішчы), І. А. Катовіч выявіў сябе не толькі як арганізатар і кіраўнік навучальнага працэсу, але і як чалавек, неабыякавы да пытанняў пастаноўкі адукацыі ў краі. Пра гэта сведчыць шэраг яго артыкулаў па царкоўна-школьнай справе, народнай адукацыі, педагогіцы, а таксама тое, што ён быў нязменным старшынёй і кіраўніком епархіяльных з’ездаў. 11 гадоў з’яўляўся членам педагагічнага сходу кіравання Літоўскай духоўнай семінарыі.

Быў ініцыятарам і распрацоўшчыкам метадычных матэрыялаў у дапамогу духавенству для напісання царкоўна-прыходскіх летапісаў, якія і ў цяперашні час не страцілі значэння для развіцця царкоўнага краязнаўства. Захаваўся цэлы шэраг рукапісных зборнікаў, якія протаіерэй вывучаў як узоры народнай літаратуры. Частку з іх ён падараваў у 1860-я гады публічнай бібліятэцы Вільні (цяпер яны захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук).

Рэлігійную, навуковую і педагагічную дзейнасць І. А. Катовіч сумяшчаў з грамадскай. Ён уваходзіў у Віленскую гарадскую думу, у шэраг навуковых таварыстваў і камітэтаў, з’яўляўся членам Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, прымаў актыўны ўдзел у «Трудах» Віленскага аддзялення IX археалагічнага з’езда.

Аўтар шматлікіх даследчых прац, артыкулаў. Ужо ў перыяд настаўніцтва ў яго выяўляюцца схільнасці да даследчай працы па вывучэнні свайго краю. Вучні і паплечнікі айца Іаана часта ўспаміналі пра яго асаблівую ўвагу да народнай культуры, традыцыйнага сялянскага побыту, народнага духоўнага свету, які ён вывучаў і заклікаў іх у гэтым рушыць услед за ім.

Родам з Кобрыншчыны, Іаан Катовіч памятаў свае карані, падтрымліваў цесныя сувязі са сваёй сям’ёй і ўвесь час цікавіўся падзеямі гісторыі і сучаснасці малой радзімы. Даследаваў гісторыю праваслаўных храмаў Кобрыншчыны. Падчас працы ў Кобрынскім духоўным вучылішчы збіраў палескі фальклор для выдання Пятра Гільтэнбранда «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку матэрыялаў для кнігі «Дакументы, якія тлумачаць гісторыю Заходнярускага краю і яго адносіны да Расіі і Польшчы» (1865).

На старонках газеты «ЛЕВ» друкуе артыкулы: гістарычны нарыс «О православных церквях в г. Кобрине», «Об обычаях ставить кресты на открытых местах северо-западного края России», «Из Кобринского уезда», «Завещание помещицы Верещаковой» (аб гісторыі Буховіцкай царквы), «О событиях 8 сентября в с. Берёза», «Освящение каменной Соборной церкви в городе Кобрине», «Протоирей Антоний Котович», «О построении и освещении церквей» (з гісторыі Буховіцкай царквы) Актыўнымі карэспандэнтамі «ЛЕВ» былі браты Міканор Катовіч, Васілій Катовіч і Фама Катовіч: друкавалі свае артыкулы, павучанні, водгукі наконт юбілеяў, прамовы над труной памерлых мясцовых святароў.

Заслугі айца Іаана на пастырскай і грамадскай ніве высока ацэньваліся. Сярод найвышэйшых узнагарод  — ордэн Святой Ганны I ступені.

Памёр выдатны пастыр, народжаны кобрынскай зямлёй, 18 снежня 1911 года пасля працяглай і цяжкай хваробы. Пахаванне адбылося 21 снежня 1911 года на віленскіх праваслаўных Ефрасіннеўскіх могілках. Некралог быў змешчаны ў «ЛЕВ» на другой старонцы № 1 за 1912 год. Многія члены роду Катовічаў пахаваны ў Чаравачыцах Кобрынскага раёна. Чаравачыцкая царква карысталася працэнтамі са 150 рублёў, завешчаных ёй маскоўскім святаром Іаанам Зернавым і ўдавой І. Катовіча на яго вечнае памінанне.