Крачэўскі Пётр Антонавіч

Біяграфічны нарыс

КРАЧЭЎСКІ (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч (1879–1928) – гісторык, беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, паэт, драматург. Дэлегат I Усебеларускага Кангрэсу, Прэзідэнт Рады БНР.

Нарадзіўся 7 жніўня 1879 года ў сям’і дыякана вясковай царквы ў Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння Віленскай духоўнай семінарыі ў 1902 годзе настаўнічаў у Ялоўцы на Беласточчыне і ў Ваўкавыскім павеце.

Перад Першай сусветнай вайной працаваў у Віленскім дзяржаўным банку (1909–1914). Напачатку банкаўскай кар’еры часта трапляў пад пільную ўвагу паліцыі, віной чаму былі яго цесныя сувязі з рознымі палітычнымі групамі. Праца ў банку дала Пятру Крачэўскаму магчымасць наладзіць зносіны са шматлікімі беларусамі, якія займалі пасты ў структурах улады.

Падчас Першай сусветнай вайны П. Крачэўскі быў прызваны ў Рускую армію. Вопыт адміністрацыйнай працы забяспечыў яму хуткае прасоўванне па службе, а таксама магчымасць наведваць вайсковыя часці, размешчаныя на тэрыторыі беларускіх губерняў, і заводзіць новыя знаёмствы. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі П. Крачэўскаму атрымалася сабраць сродкі для стварэння арганізацыі беларускіх салдатаў.

Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыі 1917 года П. Крачэўскі становіцца старшынёй Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Удзельнік Усебеларускага Кангрэса 1917 года, быў абраны ў склад яго выканаўчага камітэта. У 1918 годзе, пасля абвешчання БНР, у нацыянальным урадзе выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народнага сакратара фінансаў, узначальваў Цэнтральную Беларускую гандлёвую палату. Адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыял-федэралістаў. На снежаньскай сесіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску ў 1919 годзе абраны яе прэзідэнтам. Выконваў гэты пачэсны абавязак да канца жыцця.

З 1920 года П. Крачэўскі знаходзіцца ў эміграцыі ў Літве, Чэхаславакіі. У яго непасрэдныя задачы ўваходзіла ўсталяванне кантактаў з прадстаўнікамі БНР у розных краінах, што ён рабіў досыць эфектыўна. У Празе П. Крачэўскі стварыў Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходне-еўрапейскіх краін пра становішча ў Савецкай і Заходняй Беларусі. Крачэўскі ўдзельнічаў і ў Першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе-Чэшскай у верасні 1921 года.

У 1923 годзе разам з кіраўніцтвам БНР пераязджае на сталае жыхарства ў Чэха-Славаччыну. Актыўна бараніў нацыянальныя інтарэсы беларускага народа на міжнароднай арэне. У мэмарандумах БНР у Лігу Нацый асуджаў дыскрымінацыйную ў дачыненні да Беларусі Рыжскую мірную дамову, выкрываў імпэрыялістычную сутнасць палітыкі Масквы і Варшавы на беларускіх землях.

Пётр Крачэўскі дамогся ў чэхаславацкага ўрада стыпэндый для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі архіў у Празе.

У 1926 годзе беларуска-культурнае таварыства імя Ф. Скарыны ў Празе выдала зборнік артыкулаў па гісторыі, культуры і эканоміцы «Замежная Беларусь» (рэдактар П. Крачэўскі), у якім адлюстраваліся погляды Пятра Крачэўскага. Ён выявіў сябе як здольны публіцыст, гісторык і паэт. Яго артыкулы «Беларусь у мінулым і сучасным», «Гісторыя беларускай кнігі», «Скарына і незалежнасць» актуальныя і сёння. Галоўныя прынцыпы тагачаснай праграмы П. Крачэўскага – актывізацыя сапраўднай культурнай працы, асвета і выхаванне нацыянальнай свядомасці праз шанаванне, удаскаленне і далейшае развіццё роднай мовы.

П. Крачэўскі — аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), гістарычнай драмы «Здрада» (1922), многіх вершаў, перакладаў з чэшскай і ўкраінскай моў. У мастацкіх творах П. Крачэўскі паўстае як тонкая паэтычная натура, якую хвалявала шматстайнасць быцця. У яго вершах адлюстравана грамадзянская пазіцыя аўтара, непазбыўнае жаданне служыць народу і пакінуць штосьці вартаснае пасля смерці.

П. А. Крачэўскі не прызнаў рашэнняў Бярлінскай палітычнай нарады 1925 года пра фактычнае скасаванне БНР. Дзякуючы яго прынцыповай пазіцыі, традыцыя сапраўды незалежнай беларускай дзяржаўнасці, асвечаная імем БНР, не была перапынена.

Пётр Антонавіч Крачэўскі памёр 8 сакавіка 1928 года і пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе (Чэхія).

Працы

Крачэўскі, П. Кніга ; Беларускаму народу ; Творчасць ; Мурашнік ; Таемная сіла : [вершы] / Пятро Крачэўскі // Роднае слова. — 2003. — № 3. – С. 35–36.

Крачэўскі, П. Патрэбнасць дзяржаўнага органу заграніцай / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1997. — № 6. – С. 6–15.

Крачэўскі, П. Мандаты БНР : даклад чытаны ў Беларускім Студэнскім Клюбе ў Празе 16 студзеня 1926 г. / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1993. — № 1. — С. 2–10.

Крачэўскі, П. Стварэнне бусла ; Мурашнік ; Беларускаму народу ; Рэха ; Таемная смага ; Мана ; Творчасць ; Вершаваныя пераклады : [вершы і пераклады] / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1993. — № 2. — С. 30–35.

Крачэўскі, П. Рагнеда : гістарычная драма Х сталецьця ў 4 актах з пралогам / Пётра Крэчэўскі ; публікацыя Валянціна Мазца // Спадчына. — 1993. — № 3. — С. 16–30.

Крачэўскі, П. Вершы / П. Крачэўскі // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33-36.

Крэчэўскі, П. Патрэбнасць дзяржаўнага органу заграніцай / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1997. — № 6. – С. 6-15.

Крэчэўскі, П. Мандаты БНР : даклад чытаны ў Беларускім Студэнскім Клюбе ў Празе 16 студзеня 1926 г. / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. – 1993. — № 1. – С. 2-10.

Крэчэўскі, П. Рагнеда: гістарычная драма Х сталецьця ў 4 актах з пралогам / Пётра Крэчэўскі // Спадчына. — 1993. — № 3. – С. 16-30.

Аб жыцці і дзейнасці

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1999. — Т. 8. — С.470.

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2012. – Т. 4. – С. 567.

Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. – Мінск, 2003. — С. 509. – (Сведкі і ўдзельнікі падзей).

Крачэўскі Пётр Антонавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2017. – С. 77-79.

Мазец, В. Крачэўскі Пётр Анонавіч / Валянцін Мазец // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1997. — Т. 4. — С. 256.

Памяткі нашай мінуўшчыны. Пётр Крачэўскі// Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. – Брэст, 1993. – С. 97.

140 гадоў з дня нараджэння П. А. Крачэўскага // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016-2020 гг. / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2018. – С. 102.

Канецкий, А. Провозглашение Белорусской Народной Республики : из цикла «100-летние юбилеи 2018 года» / Алексей Канецкий // Кобрин-информ. — 2018. — 29 марта. — С. 4.

В 1919 г. уроженец Кобринского уезда П. Кречевский избран президентом Рады БНР.

Мазец, В. БНР ― первая национальная форма белорусской государственности в ХХ столетии / Валентин Мазец ; [беседовал] Андрей Осмоловский // Комсомольская првда. — 2018. — 24 марта. — С. 8-9.

Белорусскую торговую палату, со дня ее основания (25 апреля 1918 г.), возглавлял П. Кречевский.

Трефилов, С. Два президента БНР, четыре врага народа и один литовский министр белорусских дел / Сергей Трефилов // Комсомольская правда. — 2018. — 21-27 марта. — С. 6-7.

Личность Петра Кречевского в истории первого белорусского государства.

130 гадоў з дня народзінаў Пятра Крачэўскага // Наша слова. – 2009. – 5 жніўня. – С. 1.

Пётр Крачэўскі (1879-1928) // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33.

Чмарава, М. «Дзе слава наша…» : літаратурна-публіцыстычная дзейнасць Пятра Крачэўскага / М. Чмарова // Роднае слова. – 2003. — № 3. – С. 33-36.

Васильев, М. Петр Климук, Василий Ласкович и другие / Михаил Васильев // Заря. – 1997. – 16 декабря.

Четвертый том «Энциклопедии истории Беларуси» включает информацию о наших земляках, в т. ч о белорусском политическом деятеле, поэте, драматурге и историке Петре Антоновиче Кречевском.

Ляхоўскі, У. ПрэзыдэнтыРады Беларускае Народнае Рэспублікі / Уладзімір Ляхоўскі // Спадчына. – 1997. — № 4. – С. 7-8.

[Крэчэўскі Пётра Антонавіч] // Спадчына. – 1995. — № 5. – С. 27.

Краўцоў, М. Пётра Антонавіч Крачэўскі / Макар Краўцоў; публікацыя Валянціна Мазца // Спадчына. — 1993. — № 2. – С. 35–37.

Сідарук, І. Не забудзе сыноў сваіх Бацькаўшчына. П. Крэчэўскі / Ігар Сідарук // Кобрынскі веснік. – 1993. – 24 ліпеня. – С. 3.